Аляксандар Казулін па памілаваньне зьвяртацца ня будзе

2007 2007-05-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 траўня вядомага палітвязьня, былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна наведалі ў калёніі "Віцьба-3" ягоныя жонка й дочкі.

Падчас трохгадзіннага спатканьня галоўнымі былі, безумоўна, асабістыя тэмы, расповеды пра жыцьцё-быцьцё на зоне, але, канечне, палітык не абыйшоў з боку самае набалелае й важкае ў сучасным стане краіны й дэмакратычнай апазыцыі.

Ірыне Іванаўне, з-за хваробы горла, было цяжка расказваць слухачам Радыё Рацыі пра тыя пытаньні, якія былі закранутыя падчас сустрэчы, таму агулам вырашылі, што лепш распавядзе Юлія, якая, дарэчы, усё падрабязна занатоўвала.

У першую чаргу размова пайшла пра стан здароўя Аляксандра Ўладзіслававіча.

Узрушаная сустрэчай з бацькам, Юлія расказвае з хваляваньнем пра ягоныя адчуваньні: "Вы ведаеце, можна сказаць, усё яшчэ ня вельмі добра. Ён сам сказаў, што адчувае слабасьць. Гуляць у футбол ён ня можа, таму што адразу аддаецца ў пазваночнік. Пазваночнік баліць. Усё яшчэ наступствы галадоўкі ўсё ж такі, а таксама таго, што яго зьбівалі. Гуляе ён у маленькі тэніс. У сталовай не сталуецца. Я наогул сказала б, што зараз вельмі мала харчуецца. Бо гэткая сытуацыя склалася, што ў сталовай ён есьці ня хоча, таму сам выкарасківаецца з гэтага патроху. А так выглядае худзенькім. Усё роўна не набраў той моцы, якая раней была ў яго".

Пра зносіны ў асяродзьдзі зьняволеных, паводле Юліі, Казулін адклікаецца станоўча, але праблемы існуюць. У першую чаргу, з-за ціску адміністрацыі.

Юлія: "Можна сказаць, што са сваімі сябрамі — сукамэрнікамі — у яго адносіны добрыя. Але ў той жа час людзі баяцца зносінаў зь ім, бо адміністрацыя іх запужала. Таму людзі і баяцца зносінаў, бо ёсьць прыклады таго, што многіх зьняволеных ужо накіравалі ў іншыя турмы".

Пра адносіны да палітвязьня саміх прадстаўнікоў адміністрацыі калёніі, Юлія адказала зь вялікай паўзай, зьвярнуўшыся спачатку да маці.

— А з адміністрацыяй... З адміністрацыяй... Мама, што з адміністрацыяй?.. — і зь няшчырым аптымізмам дадала, — з адміністрацыяй усё нармальна.

Вялікае спатканьне зь сям’ёй, якое па законе мае атрымаць Аляксандар Казулін, адбудзецца пазьней, чым чакалася. Юлія пракамэнтавала гэтую акалічнасьць асабістымі прычанамі.

Юлія: "Ёсьць у нас гэткая магчымасьць, але мы яе пакуль вырашылі адкласьці на вызначаны час. Праз два месяцы мы вырашылі сустрэцца. Па асабістых прычынах".

Але галоўныя тэмы кароткачасовай размовы тычыліся палітычнай сытуацыі ў Беларусі, меркаванаму Кангрэсу дэмакратычных сілаў і тых мэтаў і задачаў, якія стаяць перад апазыцыяй.

Юлія: "Ён вельмі зьдзівіўся, што дазволілі правесьці Кангрэс, — ён пра гэта ня ведаў. А так мы яму дасылаем усю магчымую інфармацыю, таму ён ведае пра справы, якія адбываюцца ў Менску і ў Беларусі, і ў замежжы. Наконт Кангрэсу ён заўважыў, што вельмі рады, што той адбудзецца. І галоўнае — каб Кангрэс ня стаў пустаслоўем, каб былі вызначанымі канкрэтныя мэты й задачы. Менавіта вызначаныя пяць-сем асноўных мэтаў і задачаў, пра якія не казаць трэба, а якія абавязкова павінныя быць выкананымі. Казаў пра тое, каб было калектыўнае кіраваньне, каб у кожнага чалавека была асабістая адказнасьць за вызначаную сфэру дзейнасьці".

Юлія дадае галоўнае пажаданьне бацькі: "Свабоду Беларусі!"

Для зьняволеных вельмі істотнымі зьяўляюцца праявы салідарнасьці. Тое, што вядомая ў сьвеце арганізацыя "Міжнародная амністыя" вылучае кандыдатуру Казуліна адзіным намінантам на "Вязьня сумленьня году", безумоўна, дадае Аляксандру Ўладзіслававічу аптымізму.

Цяпер з боку адміністрацыі прэзыдэнта пайшлі прапановы напісаць палітвязьням пакаянныя лісты й папрасіць міласьці. На пытаньне, ці не зьбіраецца былы кандыдат на вышэйшую ў краіне пасаду зьвярнуцца з гэткай просьбай да кіраўніка дзяржавы, рашуча адказала Ірына Іванаўна Казуліна: "На памілаваньне ён ніколі ня будзе падаваць!"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international