Суд прызнаў напад на актывіста АГП Дзяніса Рабянка законным

2014 2014-01-24T19:26:47+0300 2014-01-24T19:26:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rabianok-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 студзеня актывіст АГП з Калінкавіч Дзяніс Рабянок атрымаў пастанову Гомельскага абласнога суда: скаргу маладога чалавека не задаволілі, тым самым прызнаўшы законным гвалтоўны напад з выкарыстаннем газавага балончыка.

Нагадаем, справа гэта цягнецца з красавіка 2013 года. Тады Дзяніс Рабянок стаў ахвярай нападу з боку суседа, які распыліў яму ў твар газавы балончык. У выніку актывіст АГП атрымаў апёк вачэй і праходзіў лекаванне ў доктара-афтальмолага. Раней з суседам актывіст меў канфлікты на палітычнай глебе.

«У далейшым і мясцовы РАУС, і раённы суд рабілі ўсё, каб нападнік пазбег адказнасці. Так, міліцыя склала пратакол супраць суседа толькі пасля некалькіх скаргаў, у тым ліку і на імя пракурора Калінкавіцкага раёна. Пазней суддзя ў парушэнне нормаў заканадаўства адмовілася разглядаць складзены пратакол і спыніла справу. Яе рашэнне падтрымаў і абласны суд. І толькі скарга на імя старшыні Гомельскага абласнога суда мела плён – незаконнае рашэнне Калінкавіцкага суда было адмененае, а справа накіраваная на новы разгляд», - узгадвае актывіст.

28 лістапада на новым разглядзе суд Калінкавіцкага раёна прыняў пастанову, згодна з якой справа была зноў спынена, а нападнік вызваляўся ад адказнасці. Пасля актывіст прайшоў цэлую эпапею, каб проста дамагчыся накіравання скаргі на пастанову раённага суда ў абласны суд – для гэтага прыйшлося звяртацца нават да начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення юстыцыі.

І вось Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу Дзяніса Рабянка, пакінуў пастанову раённага суда без зменаў, прызнаўшы дзеянні нападніка цалкам законнымі.

«Я не здзіўлены такім рашэннем, бо ўжо амаль гадавая эпапея з гэтым судовым працэсам паказала, што суды розных узроўняў могуць прымаць неабгрунтаваныя і незаконныя рашэнні. І не несці за гэта ніякай адказнасці, нават пры ўмове, што яны потым былі адмененыя. Абласны суд чамусьці цалкам адпрэчвае паказанні аднаго са сведак, сцвярджаючы, што ён не быў відавочцам канфлікту. Мой сведка цалкам адказвае за свае паказанні і адмаўляцца ад іх не збіраецца, тым больш, што ён даваў падпіску аб крымінальнай адказнасці. Не ўзятыя пад увагу і паказанні іншага сведкі, хоць яны вельмі важныя», - звяртае ўвагу Дзяніс Рабянок.

Ён кажа яшчэ пра такую акалічнасць: адрасаваная яму пастанова абласнога суда чамусьці была адасланая на адрас грамадзяніна, які здзейсніў напад на актывіста. І толькі ўважлівасць паштальёна дазволіла Дзянісу Рабянку атрымаць копію пастановы.

«Лічу, што зроблена гэта было наўмысна, каб прымусіць мяне страціць час, сілы і здароўе на атрыманне копіі пастановы і ўскладніць яе абскарджванне. Рабіць такую выснову дазваляе тое, што ў мінулы раз пры разглядзе маёй скаргі ў абласным судзе пастанова мне ўвогуле не была высланая. І каб рэалізаваць сваё законнае права на абскарджванне, мне прыйшлося звяртацца да старшыні Гомельскага абласнога суда», - падкрэслівае актывіст.

Ён мяркуе, што і напад на яго, і ўсе акалічнасці судовай справы самым непасрэдным чынам звязаныя з яго актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю.

Пастанову абласнога суда актывіст будзе абскарджваць.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international