Адміністрацыя бабруйскай ПК-2 помсціць былым палітвязням?

2013 2013-12-24T18:48:12+0300 2013-12-24T18:48:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/drozd_zmicier.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дрозд

Зміцер Дрозд

Бабруйская папраўчая калонія №2 спаганяе з вязняў Плошчы-2010 “запазычаннасць за атрыманую імі рэчавую маёмасць”. І гэта – больш чым праз два гады пасля вызвалення. Позвы ў суд атрымалі Зміцер Дрозд і Сяргей Казакоў.

Пра гэта Праваабарончаму цэнтру “Вясна” распавёў Зміцер Дрозд, якога позвай выклікаюць у суд Фрунзенскага раёна Мінска на 27 снежня. “Акурат 19 снежня, у гадавіну гвалтоўнага разгону Плошчы-2010, паштальён прынёс мне позву ў суд. А дагэтуль Сяргей Казакоў, з якім мы разам сядзелі ў  бабруйскай калоніі, распавёў, што яму такая ж позва прыйшла раней”, - кажа Зміцер.

У іскавой заяве Пракуратуры Фрунзенскага раёна ўказваецца: “З прадстаўленых матэрыялаў бачна, што Дрозд Дзмітрый Міхайлавіч з 16.06.2011 па 13.08.2012 адбываў пакаранне ў ПУ “Папраўчая калонія №2” УДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. Запазычаннасць за атрыманую ім рэчавую маёмасць склала 161 тысячу 61 рубель”. Спаслаўшыся на артыкул 102 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, намеснік пракурора А.В. Садоўскі просіць суд спагнаць са Зміцера Дразда гэтую суму з улікам інфляцыі на дзень разгляду справы ў судзе.

Ён кажа, што здзіўлены тым, што амаль праз два з паловай гады раптам ўсплылі нейкія "запазычанасці": "Я ў калоніі працаваў. Быў шасцідзённы працоўны дзень, па восем гадзінаў на дзень цягалі бярвёны, працавалі ля станка. І думаю, што гэтыя грошы я там адпрацаваў спаўна. Тым больш, я гэтыя рэчы не забіраў, пакінуў там пасля вызвалення... А недзе год таму я рабіў запыт у калонію і мне прыйшлі паперы з пацверджаннем, што я там працаваў, з указаннем майго афіцыйнага заробку. І пры вызваленні нам ніхто ніякіх папераў не прад'явіў, ніхто не казаў пра тое, што мы павінны што-небудзь аплаціць".

Адносна умоваў у бабруйскай ПК-2 Зміцер Дрозд адзначае, што тым вязням, якія не маюць ніякай матэрыяльнай падтрымкі ад сваякоў, там даводзіцца вельмі складана. Бо адміністрацыя калоніі ідзе на пэўныя хітрыкі, скарыстоўваючы рабскую па сутнасці працу: “Людзі, якія там апынуліся без падтрымкі, не маюць нічога. Каб зарабіць сабе на паперу для прыбіральні, яны вымушаны ісці дзяжурыць, мыць падлогу за кагосьці. Там заробкі па пяць-дзесяць тысяч на месяц. У нас была брыгада з дзесяці чалавек, якіх лічылі сартавальнікамі, хоць мы выконвалі працу грузчыкаў. Мы цягалі велічэзныя бярвенні, мне, напрыклад, было рэальна цяжка цягаць іх у спёку. У канцы месяца на ўсю брыгаду мы атрымлівалі 20 тысяч рублёў, якіх нам хапала на два пачакі гарбаты…”

Былы палітвязень лічыць сітуацыю з пазовам невыпадковай. "У мяне ёсць некаторыя здагадкі. Нядаўна начальніка бабруйскай калоніі Какуніна ўнеслі ў спіс неўязных у ЕС. Ён падумаў, магчыма, што вось выйшлі я, Казакоў і лішняга нагаварылі... То бок, храналагічна ўсё супадае. Падобна на помсту", - дзеліцца сваім меркаваннем Дзмітрый Дрозд.

Сяргея Казакова выклікалі ў суд на 16 снежня, аднак ён па позве не з’явіўся. А яшчэ адзін былы палітвязень Андрэй Пратасеня, які таксама адбываў пакаранне ў бабруйскай ПК-2, зараз знаходзіца па-за межамі Беларусі, таму праваабаронцам з “Вясны” не ўдалося высветліць, ці атрымліваў ён падобную іскавую заяву.     

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international