Камітэт ААН: Беларусь павінна адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы

2013 2013-12-20T11:37:00+0300 2013-12-20T09:49:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жэнева-Парыж-Мінск, 18 снежня 2013 г.

Беларусь павінна адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і забяспечыць належную абарону правоў працоўных. Гэта адна з важных рэкамендацый Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, прынятая па выніках разгляду становішча спраў у Беларусі ў лістападзе 2013 г.

Высновы Камітэта шмат у чым паўтараюць заключэнне і рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў сумеснай справаздачы "Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі", падрыхтаваным FIDH і Праваабарончым цэнтрам "Вясна". У справаздачы дадзена належная ацэнка рыторыцы ўладаў Беларусі, якія спрабуюць прадставіць сваю краіну ў якасці "апошняга сацыяльнага раю ў Еўропе".

"Разам з паўсюдным парушэннем палітычных і грамадзянскіх правоў насельніцтва ўрад Беларусі пастаянна парушае і сацыяльна-эканамічныя правы грамадзян, заканадаўча і на практыцы", - заявіў намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч. "Больш за тое, ва ўмовах жорсткага кантролю дзяржавы за дзейнасцю прафсаюзаў і адсутнасці ў судовых органаў рэальнай незалежнасці грамадзяне не маюць магчымасці змагацца з масавымі парушэннямі", - дадаў ён.

Камітэт ААН патрабуе ад Беларусі адмяніць прымусовую працу асобаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, якія супраць сваёй волі ўтрымліваюцца ў так званых  "лячэбна-працоўных прафілакторыях ". Эксперты рэкамендуюць Беларусі адмовіцца ад карнага падыходу і засяродзіцца на сацыяльнай рэабілітацыі асобаў, якія маюць патрэбу ў лячэнні і падтрымцы, у адпаведнасці з патрабаваннямі аб захаванні і абароне правоў чалавека. Беларусь павінна даць грамадзянам права на свабодны выбар працоўнай дзейнасці і забяспечыць справядлівыя і бяспечныя ўмовы працы.

Камітэт ААН таксама заклікае Беларусь "адмяніць прымусовую працу ў якасці пакарання для асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў" ("абавязаныя асобы").

Камітэт таксама надаў увагу пытанню кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, якія не гарантуюць стабільную занятасць. Краіне варта перагледзець кантрактную сістэму, якая паўсюдна выкарыстоўваецца ў цяперашні час, бо яна ставіць працаўнікоў у поўную залежнасць ад наймальніка, падаючы магчымасць адмовіцца ад падаўжэння кантракту без тлумачэння прычынаў.

Асабліва адзначаны ў рэкамендацыях і нядаўні дэкрэт Прэзідэнта Беларусі № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці", які фактычна пазбаўляе работнікаў магчымасці спынення працоўных адносінаў па ўласнай ініцыятыве; парушальнікам пагражаюць штрафы і іншыя фінансавыя санкцыі. Камітэт падкрэслівае, што Беларусь абавязаная забяспечыць працаўнікам права на спыненне працоўных пагадненняў па іх ініцыятыве.

Акрамя гэтага, Камітэт патрабуе ад уладаў Беларусі забяспечыць працоўным "права на ўступленне ў прафсаюз па ўласным выбары" і "свабодную ад неправамерных абмежаванняў рэалізацыю права на ўдзел у дзейнасці прафсаюзаў". У цяперашні час у Беларусі дзейнасць прафсаюзаў істотна абмежаваная.

FIDH і Праваабарончы цэнтр "Вясна" вітаюць высновы Камітэта і рэкамендуюць ААН у далейшым звярнуць увагу на шэраг пытанняў, таксама адзначаных у іх сумеснай справаздачы. У прыватнасці, на так званыя "суботнікі" (арганізаваную неаплатную працу "на карысць грамадства" па выходных), абавязковую працу ў месцах пазбаўлення волі і воінскіх частках, прымусовае размеркаванне па працоўных месцах выпускнікоў ВНУ.

Дадатковую інфармацыю па гэтым пытанні можна атрымаць у справаздачы "Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international