Перад пачаткам новага этапу

2013 2013-12-18T14:11:17+0300 2013-12-18T14:11:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”. Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

6 лютага 2013 г., Бабруйск

У ліпені 2011 года мяне запрасілі ў Брусель. Еўрапейскі парламент зьбіраўся на апошняе паседжаньне перад летнімі адпачынкамі. Адное з пытаньняў, якое парламентарыі зьбіраліся разгледзець, было прысьвечанае сітуацыі ў Беларусі. 12 ліпеня я мусіў ляцець у Брусель, 13-га былі запланаваныя слуханьні па Беларусі, і 14-га я вяртаўся назад.

Усе летнія паездкі за мяжу былі магчымыя толькі ў тым выпадку, калі яны не пярэчылі графіку лекцыяў у праваабарончай школе ў Вільні. Такое правіла, каб не зрываць працу, мы ўстанавілі з самага пачатку існаваньня школы. У мяне гэтым разам усё атрымлівалася. Паездка прыпадала на незанятыя ў школе дні.

У Бруселі пасьля прылёту і засяленьня ў гатэль я сустрэўся з прадстаўнічкай Нарвежскага Хельсінкскага камітэта. Мы сядзелі ў класічнай бельгійскай кавярні з інтэр’ерам, выкананым яшчэ, мабыць, у перадваенныя гады, з вылінялымі ад часу старымі афішамі на сьценах, венскімі крэсламі і нязручнымі маленькімі круглымі столікамі, на якія апроч кавы і пірожнага цяжка было яшчэ што-небудзь разьмясьціць. Барная стойка была старамодная, масіўная, зробленая зь цёмна-бурштынавага арэху. Кавярня знаходзілася недалёка ад Еўрапарламента. Сучасныя, з шкла і металу будынкі, у якіх разьмяшчаюцца розныя еўрапейскія структуры, суседнічаюць са старамоднымі цаглянымі, зь ляпнінай, дамамі XIX — пачатку XX стагодзьдзя, на першых паверхах якіх працуюць дробныя крамкі і кавярні.

Марыя, так звалі маю новую знаёмую, апекавалася маім удзелам у заўтрашнім паседжаньні. Мы абмеркавалі фармат выступу і розныя тэхнічныя дробязі: калі заўтра мне трэба быць сабраным і чакаць яе ў фае гатэля, працягласьць выступу па часе, мова выступу і гэтак далей. У прынцыпе ўсё было зразумела. Апроч мяне мусілі выступаць яшчэ некалькі асобаў, сярод якіх былі старшыня парламенцкай групы па Беларусі Еўрапарламента, прадстаўнік грамадскай камісіі пры АБСЕ, якая займалася дасьледаваньнем падзеяў 19 сьнежня 2010 года і падрыхтавала па выніках гэтага дасьледваньня свой даклад. Фактычна мы мусілі падвесьці вынікі працы розных міжнародных інстытуцыяў і праваабарончых арганізацыяў за апошнія паўгода па сітуацыі, якая склалася ў Беларусі пасьля выбараў і тых падзеяў, якія яны выклікалі.

Пасьля высьвятленьня ўсіх нюансаў, якія цікавілі мяне, Марыя крыху распавяла пра сябе. Яна была родам з Бразіліі. Я зьдзівіўся, бо яна выглядала на звычайную еўрапейскую студэнтку. “Бразілія — вялізная краіна, — патлумачыла яна, — там ёсьць цэлыя штаты, заселеныя пераважна эмігрантамі зь Еўропы. Мае дзядуля і бабуля прыехалі ў Бразілію пасьля Другой сусьветнай вайны з Італіі. Таму я, па італьянскіх законах, мела права атрымаць італьянскае грамадзянства. Зараз у мяне два пашпарты — бразільскі і італьянскі. Я скончыла ўніверсітэт у Бразіліі і прыехала давучвацца ў Еўропу. У Бельгіі мне вельмі падабаецца. У Бразіліі ў мяне засталіся бацькі і брат”.

“Колькі ты ведаеш моваў?” — пацікавіўся я. Марыя палічыла: партугальскую, іспанскую, італьянскую, ангельскую, французскую. Мне заставалася толькі ўздыхнуць.

Назаўтра ў адной з галоўных залаў Еўрапарламента сабралася некалькі дзясяткаў дэпутатаў. На слуханьні прыходзілі тыя, каго цікавіла і хвалявала заяўленая тэма. Выступоўцы, хоць кожны і казаў са свайго пункту погляду, усе гаварылі ва ўнісон. Пазіцыі ААН, Рады Еўропы, АБСЕ, Еўрапейскага саюза і праваабарончых арганізацыяў па Беларусі былі вызначаныя і ясна акрэсьленыя. Усе міжнародныя арганізацыі і структуры пагадзіліся, што ў краіне адбылося масавае парушэньне правоў чалавека, і патрабавалі вызвалення палітычных зьняволеных, а таксама правядзеньня ў краіне дэмакратычных пераўтварэньняў.

У мяне пасьля выступу было адчуваньне выкананага агромністага кавалка працы. У бясконцых паездках, сустрэчах, кансультацыях, перамовах за апошнія паўгода нам, беларускім праваабаронцам, супольна з нашымі калегамі зь іншых краінаў удалося задзейнічаць розныя міжнародныя механізмы і структуры. Нам удалося напачатку ўзгадніць між сабой, а затым замацаваць наш супольны пункт погляду на існуючы ў Беларусі стан спраў. У той час, калі палітычныя актывісты, удзельнікі выбарчай кампаніі, вобразна кажучы, залізвалі раны, мы ўпарта і з усіх сілаў працавалі на тое, каб мінімізаваць тыя страты, якія панесла ўсё беларускае грамадства. Так атрымалася, што пасьля 19 сьнежня беларускія праваабаронцы і журналісты апынуліся на пярэдняй лініі змаганьня за дэмакратыю і правы чалавека.

 І вось там, у зале парламента Еўрапейскага саюза, я адчуў, што мы зрабілі амаль усё магчымае, што маглі зрабіць у такой сітуацыі. Перад дэпутатамі Еўрапарламента, у асноўнай зале, дзе звычайна адбываюцца ўсе паседжаньні парламенту, мне давялося выступаць упершыню. Гэта было і адказна, і пачэсна. У зале сядзеў і браў удзел у спрэчках пасьля нашых выступаў бацька незалежнасьці нашай суседкі Літвы, экс-прэзідэнт, а зараз еўрадэпутат Вітаўтас Ландсбергіс.

Там, у Бруселі, падчас гэтай паездкі я зразумеў, што падвялася рыса пад пэўным этапам майго жыцьця, жыцьця беларускіх праваабаронцаў, этапам гісторыі нашай краіны. Далей пачынаўся новы этап. Я гэта адчуваў, але я яшчэ не ведаў, якім ён будзе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international