Генеральная пракуратура патлумачыла праваабаронцу, чаму сайт spring96.org патрапіў у спіс абмежаванага доступу

2013 2013-12-16T13:45:20+0300 2013-12-16T13:50:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ukaz-internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру  “Вясна”  Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ на свой зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі, які тычыўся унясення сайта www.spring96.org ў спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў.

Раней Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Аператыўна-аналітычны цэнтр, які зацвярджаў пастанову аб абмежаванні доступу інтэрнэт-карыстальнікаў да асобных сайтаў, і ў  РУП “БелДІЭ”, якое непасрэдна фарміруе спісы абмежаванага доступу. Але даведацца, хто стаў ініцыятарам унясення сайта spring96.org у гэты самы “чорны спіс”, у гэтах установах не атрымалася.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі на зварот Валянціна Стэфановіча таксама паведамляла, што: “Інтэрнэт-сайт spring96.org не зарэгістраваны ў нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт. Мінсувязі не валодае інфармацыяй па пытаннях абмежавання доступу да сайтаў, незарэгістраваных у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт”.

Нарэшце ў адказе з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусі, які быў падрыхтаваны 10 снежня (у Міжнародны дзень правоў чалавека) паведамляецца, што “Праваабарончая арганізацыя “Вясна” ў якасці грамадскага аб’яднання, палітычнай партыі або юрыдычнай асобы іншай арганізацыйна прававой формы ў Міністэрстве юстыцыі не зарэгістравана….

Дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, за арганізацыю дзейнасці, або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі  Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасць.

У сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе www.spring96.org размяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеянні, забароненыя заканадаўствам, Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 г. вынесена пастанова аб уключэнні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнет-рэсурса ў спіс абмежаванага доступу, якая накіравана ў РУП “БелДІЭ” длявыканання. Адказ Генпракуратуры падпісала, як гэта ні дзіўна гучыць, начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян(!) М. Папова.

Патрэбна адзначыць, што Указ Прэзідэнта РБ  №60 “Аб мерах па ўдасканаленню выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнет, быў падпісаны 1 лютага 2010 года, а ў чэрвені 2010 года з’явілася сумесная Пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, якая рэгламентуе парадак абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнет-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Напрошваецца лагічная выснова: чаму амаль год сайт “Вясны” не цікавіў Генеральную пракуратуру, а пастанова аб унясенні сайта  ў спіс абмежаванага доступу з’явілася толькі ў жніўні 2011 года? Верагодна таму, лічаць праваабаронцы,  што менавіта ў гэты час быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і гэтыя карныя дзеянні ўладаў,  звязаныя самым непасрэдным чынам, мелі на мэце спыніць законную праваабарончую дзейнасць “Вясны”.

Нагадаю, што тады, 16 лютага 2011 г Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла Алесю Бяляцкаму афіцыйнае папярэджанне за  незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці згодна з артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч  мае намер праз суд аспрэчыць пастанову Генеральнай пракуратуры аб уключэнні сайта ПЦ “Вясна” ў спіс абмежаванага доступу, які накіраваны ў РУП “БелДІЭ” для выканання.

З гэтай нагоды Праваабарончы цэнтр “Вясна” рыхтуе адпаведную Заяву, якая неўзабаве будзе размешчаная на нашым сайце.

 

Адказ Генпракуратуры на зварот па сайце "Вясны".
Адказ Генпракуратуры на зварот па сайце "Вясны".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international