«Барацьба за правы геяў — як барацьба за правы жанчын 100 гадоў таму»

2013 2013-12-10T12:54:09+0300 2013-12-10T12:54:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karym-lakhidzhy.jpg
Прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме

Прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме

Напярэдадні гей-параду, які актывісты ЛГБТ-руху мяркуюць правесьці ў Менску, Свабода зьвярнулася да прэзыдэнта Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека Карыма Лахіджы з просьбай патлумачыць праваабарончыя аспэкты барацьбы за роўныя правы геяў.

РС: Многія мяркуюць, што такія акцыі, як гей-парады, зьяўляюцца контарпрадуктыўнымі і замест таго, каб выклікаць падтрымку і сымпатыі, толькі ўмацоўваюць гамафобныя настроі. А грамадзтвы ў Беларусі і ў рэгіёне ў цэлым і бяз гэтага дастаткова гамафобныя. Што вы маглі б адказаць на гэты аргумэнт?

Лахіджы: Гэты аргумэнт выкарыстоўваўся сто гадоў таму, калі жанчыны пачалі масавую барацьбу за свае правы. Гэтая барацьба за правы жанчын вяла да таго, што розныя групы ў грамадзтве выказвалі свае меркаваньні на гэты конт. Некаторыя, на жаль, вельмі рэзка выступалі супраць гэтых правоў. Становішча геяў і іх сёньняшняя барацьба за свае правы вельмі падобная на сытуацыю стогадовай даўніны з правамі жанчын. Пытаньне правоў геяў варта публічна абмяркоўваць. Такія дэбаты, безумоўна, выклікаюць супрацьлеглыя і часам рэзкія меркаваньні, але гэта частка гульні, калі размова ідзе пра павагу да свабоды выказваньняў. Кожны чалавек павінен мець права выказваць свае погляды годным і мірным шляхам. Тым ня менш, гвалтоўныя выступы і гамафобныя ўчынкі павінны быць юрыдычна асуджаныя і пакараныя. Фэдэрацыя правоў чалавека рашуча асуджае фізычны гвалт ў дачыненьні да ЛГБТ-актывістаў, такіх як Ігар Ціханюк, і іншых чальцоў супольнасьці GayBelarus і супраць беларускіх арганізацый Гей-Альянсу ў пачатку 2013 году.

РС: Наколькі ўзровень талерантнасьці да меншасьцяў сьведчыць аб узроўні дэмакратыі, якога грамадзтва дасягнула ?

Лахіджы: Гэта сапраўды зьвязаныя рэчы. Дэмакратыя прадугледжвае спалучэньне палітычнага прадстаўніцтва, вяршэнства большасьці і павагі меншасьцяў. Краіны, якія дасягаюць высокага ўзроўню дэмакратыі, сутыкаюцца, тым ня менш, з праблемамі ў стаўленьні да меншасьцяў. Гэтыя праблемы паходзяць не ад уладаў, а ад нецярпімасьці ў стасунках паміж людзьмі. Неталерантнасьць да ЛГБТ-супольнасьці, непрызнаньне правоў яе чальцоў зьяўляюцца адной з апошніх перашкодаў у пабудове сучасных дэмакратый .

РС: Ці зьяўляюцца правы геяў правамі чалавека?

Лахіджы: Зразумела, зьяўляюцца. Усе павінны быць абаронены ад дыскрымінацыі і стэрэатыпаў, у тым ліку ў рэалізацыі сэксуальнай арыентацыі ці гэндэрнай ідэнтычнасьці.

Міжнародныя інстытуты засвоілі гэтую эвалюцыю. Сем гадоў таму экспэрты ў правах чалавека прынялі Джокьякарцкія прынцыпы, якія забясьпечваюць пасьлядоўнае разуменьне нормаў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека ў дачыненьні да сэксуальнай арыентацыі і гэндэрнай ідэнтычнасьці. Іншым прыкладам зьяўляецца нядаўняе рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека, які пастанавіў, што аднаполыя пары ў Грэцыі павінны мець права заключаць грамадзянскія саюзы.

РС: У Беларусі некаторыя вядомыя члены дэмакратычнай апазыцыі выступаюць супраць рухаў за правы геяў, часам яны выказваюцца адкрыта варожа з гэтай нагоды, спасылаючыся на «хрысьціянскія каштоўнасьці». У той жа час гэтыя людзі мужна змагаюцца супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, яны плацяць высокую цану за адстойваньне сваіх ідэалаў. Міжнародная праваабарончая супольнасьць падтрымлівае іх. Гэта спэцыфічна беларуская сытуацыя?

Лахіджы: Кожная несправядлівасьць вымагае барацьбы зь ёй, і адна не зьяўляецца больш важнай і пільнай, чым іншая. Усе яны неабходныя: гэтак жа важна асудзіць неталерантнасьць да меншасьцяў, як і асудзіць рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі. Францыя, напрыклад, мае доўгую гісторыю барацьбы за правы чалавека. Яна пачалася ў 1789 годзе з Дэклярацыі правоў чалавека і грамадзяніна, але францускія грамадзяне чакалі да 1848 году, каб надышло скасаваньне нявольніцтва, 1944 году, каб жанчыны атрымалі права галасаваць, 2013 году, каб гомасэксуальныя пары атрымалі права ўступаць у шлюб. Мэнталітэт мяняцца зь цягам часу, але важны кожны выпадак заахвочваньня павагі да правоў чалавека, памяркоўнасьці і свабоды выказваньня.

РС: Якую падтрымку такія арганізацыі, як ваша, можа даць ЛГБТ-супольнасьці ў такіх краінах, як Беларусь? Словы? Справы? Грошы? Як ваша арганізацыя можа рэагаваць, калі ў Беларусі ў чарговы раз адмоўлена ў правядзеньні гей-параду? Ці ёсьць у вас ці ў каго-небудзь нейкія рычагі ўзьдзеяньня на сытуацыю, акрамя выказваньня абурэньня і занепакоенасьці?

Лахіджы: Наша Фэдэрацыя падтрымлівае партнэрскія арганізацыі ў Беларусі, а таксама іх дзеяньні ў рамках Менскага гей-параду 2013 году. Мы рэгулярна заклікаем міжнародныя арганізацыі, такія як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Эўрапейскі Зьвяз і Эўрапейскі суд па правах чалавека, абараняць правы меншасьцяў. Паколькі прамые звароты ўлады не заўсёды чуюць і не заўсёды рэагуюць на іх, мы спрабуем уплываць на іх праз трэці бок.

Карым Лахіджы, іранец, перасьледаваўся за адвакацкую і праваабарончую дзейнасьць пры шахскім рэжыме і пры кіраваньні аяталы Хамэйні. З 1982 году жыве ў эміграцыі ў Францыі. Аўтар трох кніг пра палітычную і прававую сыстэму сучаснага Ірану.

Адным з віцэ-прэзыдэнтаў Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека зьяўляецца беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international