Жыхары вёскі Верхняе выступаюць супраць зніжэння сацыяльных стандартаў

2013 2013-11-20T18:15:37+0300 2013-11-20T18:15:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bernikovich-jaraslau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Даведаўшыся, што ў Глыбоцкім раёне збіраюцца зачыніць 17 паштовых аддзяленняў, і адно з іх – у іхнай вёсцы, жыхары Верхняга пішуць лісты пратэсту. "Мы распачынаем цэлую кампанію "Уратуем вёску", -- гаворыць мясцовы жыхар, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Яраслаў Берніковіч.

Ліст з патрабаваннем захаваць у Верхнім паштовае аддзяленне накіравалі ў райвыканкам і начальніку раённага вузла сувязі, яго падпісалі больш за 30 чалавек, гаворыць актывіст:

"Нікога не задавальняе перспектыва ездзіць за 12 км у Глыбокае, каб атрымаць або адправіць тую ж пасылку. Бліжэй паштовага аддзялення нідзе няма, нашае ў Верхнім і так абслугоўвала жыхароў некалькіх навакольных вёсак, дзе засталося ўжо мала жыхароў. Вядома, пераважная большасць – гэта людзі ўжо сталага веку, пенсіянеры. Ім абяцаюць, што пенсію будуць развозіць на машынах. Мы ўжо бачылі, як гэта бывае: ідзе дождж ці снег, і тая бедная паштарка адлічвае мокрыя паперкі проста на вуліцы каля хаты. Машына прыязжае раз на два тыдні. А калі хочаш купіць канверт – калі ласка, у райцэнтр. Адпаведна, калі зачыняць пошту, то вяскоўцы пазбавяцца магчымасці і заплаціць там за святло, і нейкі падатак. Якая тут можа ісці гаворка пра сацыяльныя стандарты для насельніцтва?"

Тэма сацыяльных стандартаў стала для вяскоўцаў актуальнай, калі ім паабяцалі ператварыць Верхняе ў аграгарадок. Але потым высветлілася, што ў план стварэння аграгарадкоў вёска ўсё ж не трапіла. І тады мясцовыя ўлады прапанавалі жыхарам давесці вёску да ўмоваў аграгарадка ўласнымі сіламі. Два гад таму гэтую ініцыятыву з энтузіязмам расхвальвалі дзяржаўныя СМІ. Маўляў, метадам "народнай будоўлі" і з дапамогай мясцовых уладаў і прадпремстваў адрамантавалі Дом культур, школу, ФАП, тое самае аддзяленне сувязі…

"Праўда, дах пошты так і застаўся недафарбаваным – скончылася афіцыйная шуміха, скончыліся і сродкі. Два гады таму сюды і тэлебачанне прыязжала, і газеты пісалі, што вось, маўляў, ствараюцца ўмовы для годнага жыцця людзей, што да нас ужо паехалі маладыя спецыялісты… А цяпер, калі час піяру мінуў, нават пошту вырашылі зачыніць. Вось вам і клопат пра вяскоўцаў! А на наступны год, кажуць, будзе зачынена і школа, якая днямі адзначыла 50-гадовы юбілей," – працягвае Яраслаў Берніковіч.

Дарэчы, сама вёска Верхняе ў наступным годзе будзе адзначаць 600-я ўгодкі. Але зараз трэба ўздымаць пытанне не пра тое, як адсвяткаваць, а як дапамагчы людзям, лічыць актывіст. Ён вырашыў распачаць кампанію "Уратуем вёску", каб разам з землякамі адстойваць права на годнае жыццё: дабівацца захавання пошты і школы і змусіць раённыя ўлады зрабіць тое, што яны даўней паабяцалі жыхарам Верхняга – правесці газ і пакласці асфальт.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international