Гомель: праваабаронца спаганаяе кампенсацыю маральнай шкоды за чатырохразовае незаконнае прыцяненне да адміністрацыйнай адказнасці

2013 2013-09-17T11:44:12+0300 2013-09-17T11:44:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudalenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся у суд Цэнтральнага раёна з іскам аб спагнанні з адказчыка – галоўнага упраўлення фінансаў па Гомельскай вобласці, кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 29 мільёнаў рублёў. Таксама ён просіць спагнаць судовыя выдаткі, і выплачаны адміністрацыйны штраф ў памеры 600 тысяч рублёў.

У іску заяўнік піша, што ў чэрвені 2011 году супрацоўнікі ДАІ Быхаўскага РАУС (Магілёўская вобласць) склалі на яго, як на кіроўцу аўтамабіля, адміністрацыйны пратакол за перавышэнне хуткасці. ДАІ пакарала яго штрафам, з якім заяўнік быў нязгодны і звярнуўся у суд. Незаконнасць пастановы ДАІ была прызнана судом Чыгуначнага раёна Гомеля ў кастрычніку 2011 году. Але ўжо ў лістападзе 2011 году ДАІ паўторна прыцягнула Леаніда Судаленку да адміністрацыйнай адказнасці. У снежні дадзеная пастанова ДАІ зноў была прызнаная незаконнай судом Чыгуначнага раёну. Але ў лютым ДАІ зноў прыцягнула праваабаронцу да адказнасці. Справа дайшла да абласнога суду. Урэшце у чэрвені 2012 году ДАІ зноў, у чацвёрты раз прыцягвае праваабаронцу да адказнасці.

Але ў лістападзе 2012 году старшыня Вярхоўнага суду адмяніў па гэтай справе ўсе раней вынесеныя пастановы, справу накіраваў у ДАІ на новы, пяты ўжо разгляд.

«Старшыня Вярхоўнага Суда раскрытыкаваў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і фатаграфіі майго аўтамабіля, якія ўтрымліваюць розны час майго нібыта правапарушэння, таксама старшыня ВС знайшоў іншыя працэсуальныя парушэнні ў дзеянні супрацоўнікаў ДАІ. Такім чынам, у адносінах да мяне службовымі асобамі УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама чатыры разы выносіліся незаконныя пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці», - пракаментаваў Леанід Судаленка.

Пасля адмены ўсіх пастаноў па справе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама вярнула адміністрацыйную справу ў ДАІ Быхаўскага РАУС для ліквідацыі наяўных у ім недахопаў і прыцягнення ўсе-такі кіроўцу да адміністрацыйнай адказнасці.

ДАІ Быхаўскага РАУС ліквідаваць наяўныя ў справе недахопы таксама не змагло, і вярнула справу ў Гомельскую ДАІ.

У лютым 2013 году УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама вярнула назад у ДАІ Быхаўскага РАУС адміністрацыйны матэрыял у сувязі з заканчэннем тэрмінаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Справа была спынена.

Леанід Судаленка лічыць, што мае права на кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды, якую ён атрымаў у выніку незаконных дзеянняў службовых асоб.

«Неаднаразовае незаконнае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці зняважыла маю чалавечую і грамадзянскую годнасць, прымусіла на працягу доўгага перыяду часу адчуваць сваю безабароннасць перад самавольствам і ўсёдазволенасцю дзяржаўных органаў, усумніцца ў дзейснасці прынцыпу законнасці і справядлівасці. На працягу паўтара гадоў я быў вымушаны кожны месяц з'яўляцца ў УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама для падаўжэння часовага дазволу на права кіравання транспартнымі сродкамі , тым самым быў пастаўлены ва ўмовы адчаю і безвыходнасці», - падкрэслівае ў заяве ў суд праваабаронца.

Ён нагадвае, што, згодна зменам у ПВКаАП, зараз стала магчымым спаганяць маральную шкоду па адміністрацыйных справах. «Па законе я маю права на кампенсацыю, але ў дадзеным выпадку для мяне галоўнае не грошы, а справядлівасць. Калі я атрымаю кампенсацыю, то грашовыя сродкі я перадам у дзіцячы дом», - дадаў Леанід Судаленка.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international