Салігорск: Дэпутатам нагадалі пра неабходнасць будаўніцтва новай паліклінікі

2013 2013-09-08T17:18:16+0300 2013-09-08T17:18:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/malochka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Малочка (Cалігорск)

Віктар Малочка (Cалігорск)

Змаганне салігорцаў за сваё канстытуцыйнае права на ахову здароўя працягваецца.

Салігорскі грамадскі актывіст, намеснік старшыні абласной арганізацыі партыі АГП, Віктар Малочка спрабуе ўзняць пытанне аб будаўніцтве ў сталіцы шахцёраў новай паліклінікі праз дэпутатаў розных узроўняў. Свае звароты з гэтай нагоды ён накіраваў прадстаўнікам Салігоршчыны ў парламенце Яўгену Абаленскаму і Таісе Данілевіч, а таксама старшыні Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч.

- У Салігорску існуе вострая праблема чэргаў у цяперашняй паліклініцы, якая разлічана на 600 наведванняў штодня. Фактычна іх адбываецца ў тры разы больш, - кажа Віктар Малочка. - Таксама лекары-спецыялісты ажыццяўляюць прыём жыхароў іншых раёнаў, дзе, відаць, становішча яшчэ горш. Чым далей адбываецца гэты працэс, тым больш гэта праблема абвастраецца, бо межы гораду пашыраюцца і ідзе актыўны прыток у яго моладзі.

Будаўніцтва другой паліклінікі ў горадзе было запланавана яшчэ дзесяць гадоў таму. Нават было выдаткавана месца, але будаўніцтва так і не пачалося.  Замест гэтага, у тым ліку і на грошы грамадзян, “дабраахвотна” імі здадзеныя, пабудавалі лядовы палац. Цяпер будуюць царкву, фермы і іншыя аб’екты кшталту гіпермаркетаў, якія, на думку чыноўнікаў, з’яўляюцца больш важнымі. Меркаванне жыхароў гораду ніхто не ўлічвае. І ўжо зусім як здзек выглядае той факт, што на месцы, адведзеным пад будаўніцтва паліклінікі, пабудавалі дом для трэнераў і іншых спецыялістаў лядовага палацу.

На цяперашні момант з адказу чыноўнікаў райвыканкаму стала зразумела, што у генплане забудовы новага салігорскага мікрараёна №18 прадугледжана “пляма пад будаўніцтва паліклінікі”. Калі ж адбудзецца забудова дадзенай “плямы”, дагэтуль невядома.

- Артыкулам 45 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гаранатуецца права на ахову здароўя. Дзяржава абавязана ствараць умовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынга абслугоўвання, - цытуе галоўны Закона краіны спадар Малочка. - На фоне тых “грандыёзных” будоўляў, якія можна перманентна назіраць у Салігорску, і тых сродкаў, якія на гэта выдаткоўваюцца, уладам усё ж трэба падумаць, што патрэбней людзям. На нашу думку, першаснай задачай на сёння і на будучыню з’яўляецца менавіта будаўніцтва сучаснай паліклінікі з найноўшым абсаталяваннем і асабліва дыягнастычным, з прыцягненнем сюды перспектыўных медыцынскіх кадраў.

Вырашэнне гэтых пытанняў, на думку прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пазбавіць людзей ад жудасных чэргаў і нерваванняў, калі за талонам да лекара ў паліклінку часам даводзіцца прыходзіць у пяць гадзін раніцы. Да таго ж знікне праблема сваечасовай дыягностыкі захворваняў, асабліва анкалагічных. Ні для каго не сакрэт, што для сталіцы шахцёраў гэта вельмі актуальнае і балючае пытанне. У горадзе нават існуе адмысловае маршрутнае таксі “Салігорск-Бараўляны”, большасць кліентаў якога накіроўваюцца ў бараўлянскі анкалагічны цэнтр.

У сваім звароце да дэпутатаў Віктар Малочка не толькі ўздымае вышэйадзначаныя праблемы, але і прапануе шляхі іх вырашэння.

- Рашэнне аб будаўніцтве паліклінікі, трэба разумець, на сёння залежыць ад фінансавання. А яно можа быць самае рознае. Гэта і рэспубліканскі бюджэт, і грошы абласнога бюджэту,  - кажа актывіст. - Той жа “Беларуськалій” мог бы часткова адмовіцца ад субсідавання розных “Дажынак”, “Славянскіх базараў”, празмернага выдаткоўвання сродкаў на футбольна-хакейныя клубы. Ці хоць бы зрабіць даступнымі гэтыя выдаткі для грамадзян. Да таго ж цяпер у Салігорск прыходзіць шмат бізнэсоўцаў, якія забудоўваюць яго рознымі аб’ектамі. Узяць той жа гульнявы бізнэс, які атрымлівае казачныя прыбыткі.

Спадар Малочка спадзяецца на сур’ёзнае стаўленне дэпутатаў на ўзнятую праблему і чакае канкрэтных адказаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international