У псіхіятрычным шпіталі Ігара Пастнова наведаў адвакат

2013 2013-08-22T21:31:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-doktar-pastnou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў

Ігар Пастноў

Пра гэта распавёў віцебскі праваабаронца  Пётр Іваноў. Ён паведаміў таксама, што інфармацыя пра галадоўку Ігара Пастнова не пацьвердзілася. Але ён пратэстуе супраць устаноўленага віцебскім судом прымусовага псіхіятрычнага лячэння іншым чынам.

Пётр Іваноў правёў у абласным псіхіятрычным шпіталі некалькі гадзін, але да Ігара Пастнова яго не пусцілі:

“Сказалі, што ў яго рэжым поўнай ізаляцыі. Яму забаронена карыстацца тэлефонам, весці перапіску, прымаць наведнікаў. Вельмі шмат намаганняў каштавала, каб да Пастнова дапусцілі адваката, гэта вырашалася сёння паўдня. Урэшце адвакат да Ігара Паснова трапіў, яны размаўлялі каля дзьвюх гадзін. Не ведаю падрабязнасцяў, але ў выпадку, калі была дасягнута згода, будзе напісана касацыйная скарга на рашэнне Віцебскага раённага суда, які пагадзіўся на прызначэнне прымусовага псіхіятрычнага лячэння для Пастнова. Ён не згодны з судовым рашэннем, і на знак пратэсту абмежаваў свае кантакты з медперсаналам: ляжыць на ложку, дэманстратыўна не перасоўваецца па палаце, нейкія дзеянні робіць толькі ў выпадку фізіялагічнай неабходнасці – ходзіць у прыбіральню і да таго падобннае. Самае галоўнае: ён не галадуе! Мы ўсе непакоіліся, што галадоўка пазбавіць Пастнова сіл, фізічных і маральных, а яны ў ягоным становішчы неабходныя.   Але – ён не галадуе”.

Пра галадоўку пратэсту журналістам сёння  распавядаў віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў. Напярэдадні ён заяўляў, што праваабаронцы бяздзейнічаюць у сітуацыі з Пастновым, а журналісты яе замоўчваюць.

Свае крыніцы інфармацыі Сяргей Рыжоў на раскрывае. Таксама ён гаворыць і пра тое, што  звярнуўся ў замежныя амбасады па дапамогу – каб адшукаць у Ізраілі цётку Пастнова, ягоную адзіную сваячку. У Віцебску ён сваякоў не мае: уласнай  сям’і ў яго няма, а маці памерла прыблізна паўгода таму.

Іншым людзям, апрача сваякоў, лекары віцебскага абласнога псіхіятрычнага шпіталя  адмаўляюцца паведаміць  любыя падрабязнасці. Справа пра прымусовае лячэнне  Ігара Пастнова, які працаваў у тым самым абласным псіхіятрычным шпіталі, застаецца таямніцай для грамадскасці.

Хаця менавіта да грамадзкасці звяртаўся Ігар Пастноў, калі яму ўдалося перадаць колькі словаў праз журналістаў 16 жніўня, калі яго змяшчалі ў шпіталь: ён казаў, што як адмысловец абвяргае неабходнасць псіхіятрычнага лячэння, што на прымусовае лячэнне не пагодзіцца. І што лічыць сваё гвалтоўнае змяшчэнне ў псіхіятрычны шпіталь помстай за крытыку віцебскай медыцыны. Якраз  за некалькі дзён да таго, як апынуцца на прымусовым лячэнні, ён выступіў з чарговым відэазваротам да землякоў, дзе выказваў і крытычныя заўвагі пра працу медустановаў, і заяўляў пра тое, што яго вінавацяць у “неэтычных паводзінах” ды пагражаюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international