Былы дэпутат Клімавіцкага райсавета за крадзёж атрымаў штраф 30 базавых

2013 2013-08-22T21:00:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Клімавіцкага раёна ў адкрытым паседжанні разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванню былога дэпутата Клімавіцкага райсавета Сяргея Аўхіменка ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

Нагадаем, 16 студзеня 2013 года супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Клімавічах Сяргея Аўхіменку, які з’яўляўся дэпутатам Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання.

Падчас судовага паседжання высветлілася, што Сяргей Аўхіменка, які працаваў намеснікам кіраўніка ДУКДБП “Клімавіцкае ПМК-256”, у лістападзе 2012 года даў указанне падначаленаму працаўніку не ставіць на ўлік лішкі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, якія ўтварыліся пасля будаўніцтва аб’ектаў, і незаконна завалодаў маёмасцю прадпрыемства ў памеры 21 696 563 рублі.

Грамадзянін Расіі, які назваўся Дзмітрыем, прапанаваў купіць у Сяргея Аўхіменка гэтыя будаўнічыя матэрыялы. Калі загрузка машыны была завершана і перададзены грошы ў памеры 92 000 расійскіх рублёў, Сяргей Аўхіменка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну ў здзяйсненні злачынства і кампенсаваў прычыненую шкоду, паведаміла клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.

Улічваючы гэта і шэраг іншых змякчаючых абставін, суд Клімавіцкага раёна прызначыў Сяргею Аўхіменка канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых функцый, і штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Неабходна адзначыць, што прозвішча Сяргея Аўхіменкі таксама знікла са спісу дэпутатаў Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, змешчанага на сайце мясцовага райвыканкама.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства