Дыяна Буракова: “Учорашняя затрыманне толькі павялічыла маю матывацыю”

2013 2013-08-05T20:44:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/magileu-2913.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Удзельніца магілёўскай акцыі “Свабоду Алесю Бяляцкаму!” адказала на пытанні карэспандэнта ПЦ “Вясна”.

Дыяна, чаму ты вырашыла ўдзельнічаць у акцыі магілёўскіх праваабаронцаў?

Па-першае я будучая журналістка, навучаюся на чацвёртым курсе па спецыяльнасці “Журналістыка” у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова і мне гэта вельмі цікава, а па-другое, я доўгі час падтрымлівала добрыя ўзаемаадносіны з магілёўскімі праваабаронцамі, удзельнічала ў разнастайных трэнінгах і семінарах і паступова ў мяне ў галаве сфармулявалася, што такое правы чалавека і сітуацыі, калі яны парушаюцца. Калі мяне запрасілі прыняць удзел ва ўчорашняй акцыі, то я без ваганняў пагадзілася, бо ведаю, што праваабаронца Алесь Бяляцкі палітычны вязень і асуджаны незаконна.

Раскажы, у чым заключалася сутнасць акцыі і як цябе затрымалі?

Разам з магілёўскімі праваабронцамі я хадзіла па цэнтру горада і раздавала паштоўкі мінакам з партрэтам Алеся Бяляцкага. Акцыя ставіла за мэту нагадаць людзям, што Бяляцкі ўжо два гады знаходзіцца за кратамі, і яго прысуд незаконны. Я амаль раздала ўсе ўлёткі, як мяне на выхадзе з універмага прыпынілі АМАПаўцы і пачалі са мной размаўляць. Перад гэтым я пакінула застаўшыяся паштоўкі ў камеры захоўвання, аднак калі я размаўляла з міліцыянтамі, то выйшаў ахоўнік з крамы і сказаў, што я забыла гэтыя паштоўкі ў скрынцы. Вось пасля гэтага яны вырашылі мяне затрымаць і адвялі ў апорны пункт міліцыі, што па вуліцы Крыленкі.

Як паводзілі сябе міліцыянты?

Паводзіны іх былі адносна карэктныя. Я ўсё ж такі дзяўчынка і, верагодна, гэта ўплывала ў нейкай ступені на іх паводзіны. Я чакала каля 15 хвілін, пакуль прыйшоў участковы Руслан Кавалёў, які пачаў разбірацца ў сутнасці майго затрымання. АМАПаўцы, якія мяне затрымлівалі не прадстаўляліся і ў працэсе запаўнення пратакола свае прозвішчы не называлі. Паміж сабой яны, канешне, мацюкаліся, відаць гэта ў іх слэнг такі, аднак калі нешт пыталіся ў мяне, то мацюкі знікалі з іх лексікона.

Што яны ў цябе спрабавалі высветліць?

Па-першае, іх вельмі цікавіла месца, дзе знаходзіца офіс магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Адзін дужа задзірысты міліцыянт усё прапаноўваў паездзіць па гораду разам і пашукаць яго месцазнаходжанне. Ён быў гатовы ахвяраваць на гэта цэлы дзень. Потым яны адкрылі мне на кампутары карту і прасілі тыркнуць пальцам, у якім імаверным квадраце горада месціцца офіс. Натуральна, я сказала, што не ведаю, бо арганізацыя афіцыйна не зарэгістраваная і, адпаведна, што яе афіцыйнага офіса няма.

Ці аказваўся на цябе псіхалагічны ціск?

Так, без гэтага не абышлося. Адзін з АМАПаўцаў казаў, што ўсё цяпер залежыць ад участковага – як ён складзе пратакол. Калі ён гэта правільна зробіць, то я без праблем працягну сваю вучобу, калі не, то магу не давучыцца. Потым мяне пачалі распытваць адкуль я дазналася пра апазіцыю, пра “Вясну”, хто мяне з імі звёў і г.д. Казалі, што я дарма звязалася з праваабаронцам Барысам Бухелем, бо ён ніколі не выйграе судоў, а маладых выкарыстоўвае як пушачнае мяса. Тым болей, за сваю дзейнасць ён атрымлівае вялікія грошы і што спрабуючы пусціць людзям пыл у вочы аб сваім дабрабыце афармляе ўсю ўласнасць на сваіх родных. Раілі мне наняць нармальнага адваката, які “адмажа” мяне ад гэтай справы, бо мая раздача паштовак можа скончыцца альбо штрафам ў паўтары мільёны рублёў, альбо паўмесячным зняволеннем у ізалятары часовага ўтрымання.

Тое самае датычылася і сям’і Алеся Бяляцкага. Пыталіся ці ведаю я яго асабіста і ці наведваю яго ў калоніі, дзе ён адбывае пакаранне, а таксама, ці разумею, за якое злачынства ён знаходзіцца ў калоніі.

Якія, на тваю думку, былі парушэнні пры затрыманні?

Па-першае, супрацоўнікі АМАПа пры затрыманні не прадставіліся. Мяне не азнаёмілі з маімі правамі. Сказалі, што гэта не абавязак міліцыі. У якасці маіх прадстаўнікоў не былі дапушчаны мой муж Аляксандр Буракоў і праваабаронца Барыс Бухель. Мне не была выдадзена копія пратакола затрымання. Не быў складзены акт канфіскацыі паштовак – у мяне забралі апошнія дзевяць штук.

Што сказаў участковы датычна твайго затрымання?

Руслан Кавалёў сказаў, што на наступным тыдні мне патэлефануе і запросіць на размову. Калі я адмоўлюся прыйсці па сваёй волі, то ён выпіша мне афіцыйную позву. Ці будуць мяне судзіць – невядома.     

Ці будзеш займацца надалей праваабарончай дзейнасцю?

Так, затрыманне мяне толькі матывавала змагацца з несправядлівасцю, якую парадзіла існуючая ўлада.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international