Марылюіза Бэк: Дыялёг зь Менскам павінен весьціся пры ўмове вызваленьня палітычных вязьняў

2007 2007-04-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі зялёных, сябра ПА РЭ і ПА АБСЭ Марылюіза Бэк зьвярнулася да кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краінаў Эўразьвязу з тым, каб беларускаму пытаньню было нададзенае больш вартае месца ў міжнароднай палітыцы Брусэля, паведаміла “Радыё Свабода”. Марылюіза Бэк падкрэсьлівае, што цяпер у Эўразьвязе вельмі пільна назіраюць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі.

“Так, сапраўды, позіркі многіх скіраваныя ў бок Менску. Відавочна, што ў выніку спрэчак з Расеяй і ў мэтах захаваньня ўлады Лукашэнка будзе шукаць каапэрацыі з Эўразьвязам. Нягледзячы на дэклярацыі афіцыйнага Менску, ня трэба мець нейкіх ілюзіяў адносна рэжыму. Беларускія ўлады ў сэнсе дэмакратызацыі і рэфармаваньня дагэтуль так і не зрабілі нейкіх рэальных крокаў”, – кажа Марылюіза Бэк.

Яна перакананая, што дыялёг зь Менскам павінен весьціся пры ўмове вызваленьня палітычных вязьняў. У сваім звароце да эўрапейскіх міністраў, зьмешчаным у буйнейшым нямецкім Інтэрнэт-выданьні Netzeitung, Марылюіза Бэк заклікае стварыць пры эўрапейскіх структурах адмысловую пасаду ўпаўнаважанага ў справах Беларусі. Гэта, на яе думку, сымбалізавала б значэньне Беларусі для аб’яднанай Эўропы.

Паводле дэпутаткі Бундэстагу, акрамя вядзеньня дыялёгу зь Менскам на дзяржаўным узроўні, Эўразьвяз павінен рабіць адпаведныя крокі дзеля дэмакратызацыі Беларусі ў аднабаковым парадку. Размова ідзе пра рэалізацыю не падкантрольных беларускім уладам праектаў, накіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Гэта розныя вучнёўскія, студэнцкія, навуковыя і культурніцкія абмены, а таксама праграмы Эўрапейскага радыё- і тэлебачаньня для Беларусі. Зь гледзішча Марылюізы Бэк, прызначанае раней Брусэлем фінансаваньне ў два мільёны эўра на год, яўна недастатковае для зьняцьця інфармацыйнай блякады.

Паводле дэпутаткі Бундэстагу, Нямеччына як цяперашняя краіна – старшыня Эўразьвязу, а таксама іншыя сябры гэтай арганізацыі павінны праявіць больш зацікаўленасьці, каб Беларусь стала сапраўдным дэмакратычным суседам. Спадарыня Бэк чарговым разам скрытыкавала сёлетняе падвышэньне коштаў на шэнгенскую візу для беларусаў і назвала суму ў 60 эўра “недаступнай для большасьці грамадзянаў гэтай краіны”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international