Дэпутаты прынялі закон пра канфіскацыю аўто

2013 2013-06-19T13:12:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/turchaniak-auto-brest.jpg

У п’янага кіроўцы, якога цягам аднаго году двойчы затрымлівалі ў нецьвярозым выглядзе за рулём аўтамабіля, аўто будуць канфіскоўваць.

Такая норма закладзеная ў законапраекце «Аб павелічэньні адказнасьці за кіраваньне транспартнымі сродкамі ў нецьвярозым выглядзе», які сёньня быў прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях.

Перад дэпутатамі з дакладам выступіў генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк. Ён, у прыватнасьці, адзначыў, што за апошнія дзесяць гадоў на дарогах Беларусі ў дарожна-транспартных здарэньнях загінула 15 тысяч чалавек. Гэта столькі ж, колькі афіцыйна загінула савецкіх воінаў падчас выкананьня так званага інтэрнацыянальнага доўгу ў Аўганістане. Прычым у сьмерці кожнага пятага з гэтых 15 тысяч загінулых вінаваты п’яны кіроўца.

У 2011–2012 гадах нецьвярозыя кіроўцы зрабілі 2000 злачынстваў, ад якіх загінулі 437 чалавек. На думку генэральнага пракурора, дзейнае заканадаўства недастаткова моцнае і не перашкаджае п’яным кіроўцам ізноў сядаць за руль аўтамабіля. У сувязі з гэтым у заканадаўства прапанавана ўнесьці зьмены, якія тычацца, сярод іншага, і канфіскацыі аўто, і павелічэньня штрафу для затрыманых упершыню ў п’яным выглядзе кіроўцаў да 50–100 базавых велічынь. Прычым пракурор адзначыў, што канфіскацыі будуць падлягаць ня толькі аўтамабілі фізычных, але і юрыдычных асобаў. Паводле дадзеных Генпракуратуры, юрыдычныя асобы складалі з агульнага ліку затрыманых у 2012 годзе толькі 4 працэнты.

Адказваючы на пытаньні дэпутатаў, генэральны пракурор сказаў, што гэта толькі першы этап узмацненьня барацьбы за парадак на дарогах. У пэрспэктыве разглядаецца, сярод іншага, магчымасьць караць кіроўцаў за «падрэзку», а таксама павысіць адказнасьць байкераў за паводзіны на дарогах. Генпракурор выказаў думку, што ёсьць сэнс вярнуцца да практыкі выдачы даверанасьці на права кіраваньня аўтамабілем: маўляў, гэта робіць людзей больш адказнымі і дысцыплінаванымі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international