Правы чалавека ў Беларусі. Травень 2013 года

2013 2013-06-07T19:06:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Травень 2013 года

У траўні не было зафіксавана станоўчай дынамікі ў становішчы з правамі чалавека ў Беларусі, сітуацыя заставалася стабільна кепскай. Адсутнасць рэальных механізмаў уплыву на дадзеную сферу ўнутры краіны і моцная залежнасць яе ад знешнепалітычнага фактару стварылі сітуацыю, калі найбольшыя чаканні звязваліся са знешнім удзеяннем, найперш у пытанні вызвалення палітвязняў. Аднак інтэнсіўныя кантакты беларускіх уладаў з Еўрапейскім Саюзам, ягонымі структурамі і асобнымі краінамі, а таксама з ЗША не прывялі да рэальных прыкмет паляпшэння ў дадзеным накірунку. За кратамі па-ранейшаму працягвалі ўтрымлівацца 11 палітычных зняволеных, 2 чалавекі працягвалі адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, 8 - пакаранне ў выглядзе ўмоўных тэрмінаў ці з адтэрміноўкай выканання прысудаў, у статусе абвінавачанага працягваў знаходзіцца пад вартай Андрэй Гайдукоў, адносна якога не выключаецца палітычная матывацыя пераследу, адносна 3 былых палітзняволеных у якасці кантролю і ціску выкарыстоўваўся ўстаноўлены судамі прэвентыўны нагляд, яшчэ ў адносінах да 25 памілаваных і вызваленых датэрмінова -- прафілактычны нагляд. Не адбылося паляпшэння і ў справе выканання свабоды выказвання меркавання, сходаў, асацыяцый і іншых правоў і свабод.

Разам з тым, у траўні з’явілася сур’ёзная падстава засумнявацца ў трывалай пазіцыі Еўрапейскага Саюза адносна ўзнаўлення стасункаў з афіцыйным Мінскам выключна пасля вызвалення палітычных зняволеных. У папярэднім дакладзе, падрыхтаваным членам Еўрапарламента Ю.Палецкісам для еўрапейскіх інстытутаў, адзначалася, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася, у сувязі з чым рэкамендавлася разгледзець "прыпыненне дзеяння санкцый ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў для пашырэння неабходных дыпламатычных каналаў камунікацыі з Беларуссю з улікам правядзення саміту Усходняга партнёрства". Даклад выклікаў сёр’ёзную крытыку з боку беларускай праваабарончай супольнасці, і ў выніку падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода 24 траўня Палецкіс прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе зменена. 29 траўня падчас абмеркавання даклада на пасяджэнні Камітэту замежных спраў Еўрапарламенту ў Брусэлі Ю.Палецкіс акцэнтаваў увагу на тым, што ў падрыхтаваным ім дакладзе не гаворыцца аб зняцці санкцый з афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі і што перадумова для ўзнаўлення кантакаў з беларускім бокам аб вызваленні палітвязняў застаецца нязменнай.

Важнай падзеяй, звязанай з міжнароднай ацэнкай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, стала абнародаванне 3 траўня дакладу спецыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харашці.  Дакумент быў падрыхтваны ў межах мандату, зацверджанага Радай ААН па правах чалавека. Паводле адзнакі спадара Харашці, правы чалавека застаюцца сістэматычна абмежаванымі, асабліва ў выпадках свабоды асацыяцый, сходаў і выказванняў меркаванняў, а таксама ў гарантыях належнага вядзення судовага працэсу і справядлівага суда. Спецдакладчык канстатаваў цэнтралізацыю заканадаўчай і выканаўчай уладаў вакол апарата прэзідэнта. Міклаша Харашці выказаў заклапочанасць адсутнасцю верхавенства закону ў Беларусі і тым, што юрыдычная сістэма не можа быць гарантам правоў у сітуацыях, калі гэта супярэчыць інтарэсам уладаў. Асабліва адзначаецца ціск на правабарончыя арганізацыі, у тым ліку ў выглядзе судовай ліквідацыі праваабарончай арганізацыі “Платформа” і канфіскацыі памяшкання Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У дакладзе выпрацаваны рэкамендацыі да ўраду Беларусі з мэтай паляпшэння сітуацыі з выкананннем правоў і свабод грамадзян. М.Харашці звярнуў увагу на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, паколькі беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім. Дадзены даклад быў ухвалены беларускімі праваабаронцамі, якія адзначылі ў ім аб’ектыўны падыход і адсутнасць палітычнай кан’юнктуры.

Беларускія ўлады дэманстравалі далейшы адыход ад выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў. 17 траўня намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею зварот у сувязі з невыкананнем беларускай дзяржавай  рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН  у справе Алеся Бяляцкага.  У рашэнні, прынятым 31 жніўня 2012 года, Працоўная група прызнала, што пазбаўленне волі кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся  Бяляцкага з'яўляецца адвольным, і  падкрэсліла, што “адэкватнымі сродкамі прававой абароны з’яўляецца вызваленне сп. Бяляцкага і наданне яму законнага права на кампенсацыю ў адпаведнасці з артыкулам 9, пунктам 5 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП)”. Аднак беларускі бок у адказ заявіў, што не бачыць сэнсу ў супрацоўніцтве з Працоўнай групай і абвінаваціў яе ў палітычнай заангажаванасці. “Беларусь заўсёды канструктыўна ставілася да ўзаемадзеяння з тэматычнымі працэдурамі Савета [Савета па правах чалавека ААН], прадстаўляла на яго адрас усю запрошваемую інфармацыю. Аднак у такіх умовах з улікам крайняй палітычнай ангажаванасці Працоўнай групы, адсутнасці прафесійнай этыкі ў яе дзейнасці Беларусь не бачыць сэнсу для далейшага ўзаемадзеяння з Працоўнай групай у яе цяперашнім складзе”, - заявіла ў сваім выступе афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь падчас 22-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, якая праходзіла сёлета ў сакавіку. Патрабаванне Працоўнай групы беларуская дэлегацыя назвала “умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы дзяржавы”:  “Разглядаем заключэнне Працоўнай групы па справе Бяляцкага як спробу апраўдаць злачынцу шляхам прылічэння яго да праваабаронцаў, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы”. Прымаючы да ўвагі гэтыя заявы, В.Стэфановіч у сваім звароце да міністра замежных спраў нагадаў, што спецыяльныя працэдуры ААН (у тым ліку Працоўная група па адвольных затрыманнях) з’яўляюцца дапаможнымі органамі ААН. Іх юрыдычныя заключэнні, такія як вышэйзгаданае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, з’яўляюцца рашэннямі ААН. Рэспубліка Беларусь як дзяржава-сябар ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі органамі і механізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статута ААН), а таксама звязана дамовамі, у прыватнасці МПГПП, які Беларусь ратыфікавала ў 1973 г. Праваабаронца, спасылаючыся на ч. 5.11. Палажэння аб Міністэрстве замежных спраў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі ад 31.07.2006 № 978, падкрэсліў, што ў задачы міністэрства ўваходзіць і “кантроль за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказанне садзейнічання ў выкананні міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь”. У сувязі з гэтым Валянцін Стэфановіч просіць міністра замежных спраў забяспечыць кантроль за выкананнем рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН па справе Алеся Бяляцкага, прыняць захады па садзейнічанні выканнаю дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь дадзенага рашэння.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

2 траўня маці палітвязня Эдуарда Лобава – Марына Лобава паведаміла, што начальства Івацэвіцкай калоніі № 22 больш за паўтары гады не дае зняволенаму магчымасці залячыць зубы. Яна падкрэсліла, што сын яшчэ ў сакавіку запісаўся на прыём да стаматолага. 21 траўня ў калоніі адбылося спатканне Эдуарда Лобава з маці і братам Уладам, якое працягвалася трое сутак. Пасля спаткання адміністрацыя не дазволіла перадаць зняволенаму ежу нібыта з-за парушэнняў рэжыму. Такое здарылася ўпершыню, раней дазвалялі передаваць 5-10 кілаграмаў з 30 магчымых. 

3 траўня пасля месяцовага перапынку Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, атрымала ад сына ліст. 5 траўня Ігар Аліневіч патэлефанаваў дадому павіншаваць родных з Вялікаднем (апошні званок быў 8 сакавіка). 30 траўня Ігару Аліневічу, які адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10, дазволілі кароткатэрміновае спатканне з сям'ёй. Валянціна Аліневіч адзначыла, што атрымалася перадаць Ігару пасылку.

3 траўня Тамара Васьковіч, бабуля палітвязня Яўгена Васьковіча, паведаміла, што больш за месяц не атрымлівае лістоў ад зняволенага ўнука. Толькі ў канцы траўня ізаляцыя, створаная кіраўніцтвам Магілёўскай турмы № 4, была перарваная --  ад Яўгена Васьковіча пачалі даходзіць лісты. Стала вядома, што да яго дайшла перадача ад родных, лёс якой доўгі час быў невядомы.

 4 траўня палітзняволены Павел Севярынец, які адбывае пакаранне ў спецкамендатуры в. Куплін Пружанскага раёна, быў адпушчаны на 3 дні адсвяткаваць Вялікдзень дома ў Віцебску. Паколькі дарога заняла шмат часу, пабыць дома Павел змог каля 1,5 сутак. 6 траўня палітвязень вярнуўся назад у спецкамендатуру. 29 траўня П. Севярынец паведаміў, што за час адбыцця пакарання атрымаў больш за 2 тысячы лістоў, большасць з якіх -- з беларускіх рэгіёнаў, кожны другі -- з Мінску, кожны дзясяты -- з-за мяжы.

4 траўня зняволены былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч патэлефанаваў жонцы Марыне Адамовіч, каб павіншаваць яе з праваслаўным Вялікаднем. Ён перадаў, што ліст за 25 красавіка жонка не атрымае, так як яго канфіскавалі. У гэтым лісце ўтрымлівалася пасланне моладзеваму актывісту Паўлу Вінаградаву, які правёў акцыю салідарнасці са Статкевічам і адседзеў за гэта 12 сутак. 29 мая жонка М. Статкевіча паведаміла, што вакол палітвязня ў магілёўскай турме № 4 зноў паднялася незразумелая валтузня, якая нагадвае спробы турэмнай адміністрацыі выбіць прашэнне аб памілаванні. На гэты раз гаворка ідзе не пра выбіванні памілавання, а пра графалагічную падробку. М. Статкевіч вырашыў апярэдзіць такую ​​верагоднасць. Падобныя пагрозы раздаваліся ў адрас палітвязня яшчэ ў Шклове летам 2011 года.

 7  траўня Вольга Гайдукова, маці 24-гадовага  жыхара Наваполацку Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў «здрадзе дзяржаве», атрымала адмову ў спатканні з сынам ад следчага Віцебскай управы КДБ Алега Барысевіча. З ліста сына ад 29 красавіка яна даведалася, што следства ўжо завяршылася, і што зняволены азнаёміўся з матэрыяламі справы. 27 траўня стала вядома, што справу будзе разглядаць Віцебскі абласны суд. 30 траўня старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык паведаміў, што судовыя слуханні па справе Андрэя Гайдукова  пройдуць у закрытым рэжыме. Ён таксама ўдакладніў, што прад’яўленае Гайдукову абвінавачанне не мянялася. 31 траўня была абвешчана дата судовага паседжання – 12 чэрвеня, працэс будзе весці суддзя - Галіна Урбановіч. ПЦ "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі кампетэнтныя органы забяспечыць правядзенне адкрытага судовага разгляду па справе А. Гайдукевіча. Маці актывіста таксама настойвае на тым, каб судовы працэс быў адкрытым.

 12 траўня адвакат палітвязня Аляксандра Францкевіча пасля наведвання яго Івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы» паведаміў, што ягонаму падабароннаму паказалі дакумент пра вызваленне – зняволены выйдзе на волю 6 верасня. 28 траўня стала вядома, што Аляксандра Францкевіча трымаюць аднаго ў памяшканні камернага тыпу.

15 траўня стала вядома, што палітзняволены Мікалай Аўтуховіч фактычна не можа паўнавартасна харчавацца з-за праблемаў з зубамі – у яго спадаюць масты, якія яму некалі зрабілі. У заканадаўстве не прапісаны нормы, як дзейнічаць у такой сітуацыі, аднак гэта можа трактавацца як адсутнасць патрэбнай медыцынскай дапамогі.

16 траўня Наталля Пінчук, жонка старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, падчас наведвання бабруйскай калоніі №2 з мэтай перадаць рэчавую перадачу даведалася, што ў сакавіку праваабаронцу пазбавілі права на харчовыя перадачы. Забарона разлічана на 6 месяцаў і будзе працягвацца да жніўня. Наталля Пінчук перадала мужу ў калонію спартовы строй, пасцельную бялізну і іншыя рэчы. Гэта была адзіная дазволеная вязню ў год рэчавая перадача. 20 траўня праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders распаўсюдзіла заяву з нагоды новых выпадкаў выкарыстання дысцыплінарных захадаў з боку адміністрацыі калоніі ў дачыненні да Алеся Бяляцкага. 27 траўня ў межах 38-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH. У 2007 годзе ён стаў першым віцэ-прэзідэнтам FIDH з Усходняй Еўропы, у 2010 годзе быў абраны на другі тэрмін. З лістоў А. Бяляцкага стала вядома, што зняволены праваабаронца рыхтуе да выдання тры свае кнігі: першая з іх прысвечана праваабарончаму руху, другая -- з публікацый Бяляцкага ў прэсе, інтэрв'ю, з успамінаў, якія з'явіліся за час яго праваабарончай дзейнасці - больш чым за 15 гадоў, канцэпцыя трэцяга выдання распрацоўваецца - гэта будзе дапаможнік грамадскім актывістам і праваабаронцам па арганізацыі кампаній падтрымкі палітзняволеных. 

22 траўня палітвязень Арцём Пракапенка, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, атрымаў дазвол на кароткатэрміновае спатканне з роднымі. Бацька палітвязня паведаміў, што ў сына ёсць праблемы са здароўем, але яны нязначныя.

 

Смяротнае пакаранне

30 красавіка старэйшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Ала Кузняцова паведаміла, што Магілёўскі абласны суд вынес першы ў 2013 годзе смяротны прысуд. Выключная мера пакарання вынесена ўраджэнцу Жытомірскай вобласці 1969 г.н., на рахунку якога чатыры забойствы. Апошняе ён здзейсніў ужо ў месцах пазбаўлення волі, адбываючы пакаранне ў Магілёўскай турме № 4 паводле прысуду ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі. З чэрвеня 2012 года ён знаходзіўся ў адной камеры з жыхаром Барысава 1990 г.н. і яшчэ адным зняволеным. Асуджаны прапанаваў трэцяму вязню згуляць з ім у даміно "на жыццё" - па дамове, пераможца пазбаўляў жыцця таго, хто прайграў. Супернік ініцыятара прайграў партыю.

Пасля гэтага пераможца дамовіўся з сукамернікам 1990 г.н., калі яны заб'юць прайграўшага. 4 ліпеня 2012 года яны задушылі сукамерніка шалікам. Ураджэнец Жытомірскай вобласці цалкам прызнаў віну ў судзе, нягледзячы на ​​тое, што неаднаразова мяняў паказанні. Другі мужчына свой удзел у забойстве адмаўляў, але яго віна была даказаная цалкам падчас папярэдняга расследавання і судовага разгляду справы. Суд прызнаў вінаватымі абодвух удзельнікаў злачынства. Ураджэнец Жытомірскай вобласці па сукупнасці прысудаў за раней здзейсненае злачынства быў асуджаны да смяротнага пакарання, жыхар Барысава - да 16 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі строгага рэжыму. Як адзначыла Ала Кузняцова, да злачынства асуджаны ўжо здзейсніў тры забойствы, усе яны таксама адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Мужчына характарызуецца вельмі адмоўна, неаднаразова парушаў рэжым адбыцця пакарання, знаходзіцца на прафуліку ў турме № 4 як асоба, схільная да ўцёкаў, нападу, суіцыду. На думку прадстаўніка абласной пракуратуры, асуджаны ўяўляе пагрозу для грамадства нават ва ўмовах строгай ізаляцыі, ні пазбаўленне волі на доўгі тэрмін, ні пажыццёвае зняволенне да яго выпраўлення не прывядуць, таму пакаранне ў выглядзе смяротнай кары "цалкам апраўдана". Прысуд быў абвешчаны 24 красавіка і пакуль не ўступіў у законную сілу.

28 траўня праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі паведаміў у лісце, што асуджаных інфармуюць пра вынясенне смяротных прысудаў. Па словах Бяляцкага, на дошцы аб’яваў Бабруйскай калоніі, дзе ўтрымліваецц праваабаронца, з’явілася інфармацыя, што Магілёўскім абласным судом вынесены смяротны прысуд. Хутчэй за ўсё зняволеных інфармуюць пра гэта з мэтай падтрымання дысцыпліны.

1 чэрвеня з праграмы “Таямніцы следства”, якая выйшла на 1 канале Беларускага тэлебачання, сталі вядомы прозвішчы фігурантаў справы, вынікам якой стаў вынесены Магілёўскім абласным судом смяротны прысуд. Да смяротнага пакарання асуджаны Рыгор Юзэпчук, да 16 гадоў пазбаўлення волі -- Павел Петракоў, ахвярай здзейсненага ў турме забойства стаў Ігар Хадаркоў.

 

Гвалтоўныя знікненні

7 траўня споўнілася 14 гадоў, як пры нявысветленых абставінах у цэнтры Мінска знік генерал Юрый Захаранка. Яго выкралі вечарам 7 траўня 1999 года ў раёне вуліцы Магілёўскай у Мінску па дарозе дамоў. Неўзабаве сям'я Захаранкі атрымала палітычны прытулак у Германіі. Расследаванне справы па факце знікнення Захаранкі так і не завершана. Паводле слоў праваабаронцы Алега Волчака, які з'яўляецца даверанай асобай сям'і Захаранкі, раз на тры месяцы ён атрымлівае ад следчых органаў паведамленне аб чарговым працягу папярэдняга расследавання. Справа па факце забойства Захаранкі была распачата 17 верасня 1999 года на падставе артыкула 101 КК (наўмыснае забойства). Гэта значыць, што 17 верасня 2014 года яно можа быць спынена ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны прыцягнення вінаватых да адказнасці. Беларускія праваабаронцы маюць намер дамагацца перакваліфікацыі артыкула справы на артыкул 128 КК (злачынства супраць чалавечнасці), якая не мае тэрміну даўніны. Знікненне Юрыя Захаранкі стала першым гучным знікненнем у Беларусі людзей, якія лічацца апанентамі А.Лукашэнкі. Так, 16 верасня 1999 года без вестак зніклі дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі, а летам 2000-га знік журналіст Дзмітрый Завадскі, некалі асабісты аператар Лукашэнкі.

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

15 траўня клімавіцкі актывіст кампаніі  “Гавары праўду” Аляксандр Балобін атрымаў адказ з пракуратуры Магілёўскай вобласці на сваю скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Крычаўскага міжрайаддзела КДБ, якія затрымалі яго 27 сакавіка каля Клімавіцкага райваенкамата і адвезлі ў Крычаў. У адказе з пракуратуры Магілёўскай вобласці за подпісам старэйшага дарадцы юстыцыі, памочніка пракурора Магілёўскай вобласці М. А. Раманоўскага гаворыцца, што “пры ажыццяўленні меры індывідуальнай прафілактыкі адносна Вас (Аляксандра Балобіна – з. р.) у форме прафілактычнай гутаркі супрацоўнікі Крычаўскага міжрайаддзела КДБ УКДБ Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці дзейнічалі законна і абгрунтавана. Падстаў для ўжывання мер пракурорскага рэагавання не маецца”. Згодна адказу пракуратуры, супрацоўнікі Крычаўскага міжрайаддзела КДБ правялі з Аляксандрам Балобіным прафілактычную гутарку, “якая з’яўляцца самай мяккай з мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў”. Падставай для гутаркі паслужыла тое, што “адгледжаны шэраг матэрыялаў, размешчаных на Вашай старонцы ў сацыяльнай сетцы “У кантакце”, трапіўшых у поле зроку супрацоўнікаў УКДБ падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт, у якіх распавядаецца аб Вашым удзеле ў палітычным жыцці Вашага рэгіёна, а таксама Вашай дзейнасці ў фармаце незарэгістраванага ў усталяваным парадку грамадскага аб’яднання ГК “Гавары праўду”. Крыху раней Аляксандр Балобін атрымаў адказ на свой зварот ва ўпраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, куды ён таксама скардзіўся на дзеянні супрацоўнікаў Крычаўскага міжрайаддзела КДБ і патрабаваў кампенсацыі выдаткаў на праезд з Крычава да вёскі Паўлавічы Клімавіцкага раёна, дзе ён пражывае. У адказе, падпісаным намеснікам начальніка ўпраўлення С. М. Феакціставым, гаворыцца, што “у дзеяннях супрацоўнікаў Крычаўскага МРА КДБ парушэнняў існуючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўгледжваецца”. Таксама паведамляецца, што кампенсацыі выдаткаў на праезд у дадзеным выпадку не прадугледжваецца.

21 траўня, невядомы патэлефанаваў на мабільны тэлефон магілёўскага блогера Дзмітрыя Ярмоленкі, прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прапанаваў сустрэцца дзеля таго, каб паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы. Малады чалавек ад сустрэчы адмовіўся, паведаміўшы, што яна адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі ён атрымае на рукі афіцыйную позву. Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў гэтым няма такой вострай неабходнасці, і ён можа прыехаць да размовы на працу ў гарсвет, дзе працуе Дзмітрый, аднак так і не з’явіўся. Дзмітрый Ярмоленка паведаміў, што дзяржаўныя структуры зацікавілі ягоныя артыкулы пра валанцёрку з Нямеччыны Марлену Хельш, якая ад верасня мінулага года да сярэдзіны траўня гэтага года працавала ў   Магілёўскім фондзе “Блакітныя берагі” з дзецьмі дашкольнага ўзросту і людзьмі з абмежаваннямі. Сама Марлена ўжо пакінула Беларусь, аднак інтарэс да яе асобы і публікацый на магілёўскім сайце “Свабодны фармат” (http://formats.by) у рубрыцы “Дзённік валанцёра” толькі ўзрос. Варта адзначыць, што супрацоўнікі КДБ таксама тэлефанавалі ў  Магілёўскі фонд “Блакітныя берагі” і пыталіся ў яе кіраўнічкі Святланы Пагірскай, ці ведае яна пра тое, што валанцёрка з Нямеччыны друкуе свае нататкі на сайце “Свабодны фармат”.

21 траўня да магілёўскага прафсаюзнага лідэра Галіны Лісіцынай завіталі супрацоўнікі КДБ, з якімі яна адмовілася размаўляць без позвы. Днямі раней Галіне Лісіцынай давялося паразмаўляць з супрацоўнікамі дзяржбяспекі каля двух гадзін. Пытанні датычыліся дзейнасці прафсаюза, паездак актывістаў, а таксама верагоднага пераемніка Галіны Лісіцынай на пасадзе прафсаюзнага каардынатара ў Магілёве. Жанчына адзначыла, што ў яе склалася ўражанне, што КДБ пра яе ведае болей, чым яна сама. Праз іх актыўнасць у яе з’явіліся праблемы ў сям’і. Галіна Лісіцына паведаміла, што супрацоўнікі КДБ прыходзілі на працу яшчэ да адной актывісткі прафсаюза, прозвішча якой яна не пажадала агучваць.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

6 траўня пасля выхаду з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў пасля 10-сутачнага арышту за ўдзел у Чарноббыльскім шляху актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандр Тарнагурскі заявіў, што ў яго камеры былі вошы, а адміністрацыя турмы адмаўлялася праводзіць санапрацоўку. Вызвалены ў той дзень актывіст Зміцер Чарняк адзначыў, што і ў іх камеры таксама быў вашывы вязень.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

2 траўня актывіста руху «За свабоду» Яна Мельнікава затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У парку імя М.Горкага ў Мінску ён трымаў расцяжку з надпісам «Анархізм не злачынства, Ігар Трухановіч не злачынца». Ноч Мельнікаў правёў у пастарунку Першамайскага РУУС. 3 траўня актывіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (ч.3 арт. 23.34, арт 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь). Суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала яго арыштам на 10 сутак. Справа разглядалася без адваката. 

3 траўня віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку, які знаходзіцца на прафілактычным уліку пасля вызвалення з Магілёўскай калоніі ў верасні 2012 года, выклікалі ў інспекцыю Першамайскага раёна Віцебска, дзе вынеслі другое папярэджанне. Першае папярэджанне за парушэннне правілаў дарожнага руху Сяргей Каваленка атрымаў 16 красавіка, другое тычыцца таго ж эпізоду 25 сакавіка, але звязана з з тым, што С. Каваленка нібыта яшчэ і нецэнзурна лаяўся на міліцыянтаў. У 2010 годзе С. Каваленку пасля двух папярэджанняў з „хатняй хіміі“ асудзілі на 2 гады і 1 месяц зняволення ў калоніі.

4 траўня актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» з Гродна Сяргея Верамеенку выклікалі ў РАУС і склалі пратакол у сувязі з яго затрыманнем 12 сакавіка. Актывіста азнаёмілі з вынікамі экспертызы Мінсувязі, якая паказала, што канфіскаваныя ў яго ўлёткі з інфармацыяй пра палітвязняў і асобнікі газеты «Крыніца Гарадзенская» не адпавядаюць вызначаным тэхнічным нормам. На Сяргея Верамеенку  быў складзены пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. 7 траўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся суд над Сяргеем Верамеенкам. Актывіст атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь.

8 траўня у Баранавічах ў гарадскім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы актывісткі АГП Анжалікі Камбалавай, якую 7 мая затрымалі супрацоўнікі міліцыі за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага пікету ў памяць зніклага 14 гадоў таму экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Усю ноч актывістка правяла ў камеры ізалятара часовага ўтрымання. Судовае паседжанне вяла суддзя Кацярына Груда. Яна прызнала актывістку вінаватай у парушэнні ч.2 арт.23.34 КаАП і прысудзіла ей адміністрацыйны штраф у памеры 20 базавых велічынь.

9 траўня лідэра «Змены», моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава забралі ў міліцыю раніцай каля 7.00 проста з кватэры. Ніякіх тлумачэнняў з боку супрацоўнікаў міліцыі не было. Адпусцілі яго, а 16.45. Павел Вінаградаў паведаміў, што ў міліцыі яму паказалі два прафілактычныя фільмы: пра шкоду п’янства і пра тое, што трэба быць уважлівым за рулём. Грамадскага актывіста адпусцілі толькі тады, калі з ЦІП на Акрэсціна выйшаў актывіст «Маладога Фронту» Уладзімір Яроменак, сустрэчу з якім якраз арганізоўваў П. Вінаградаў. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыянты самога Уладзіміра Яроменка вывезлі з ЦІП за горад і заблакавалі сім-картку на ягоным сотавым тэлефоне. Тым не менш сябры прывезлі актывіста пад сцены Акрэсціна, дзе і адзначылі сустрэчу.

17 траўня суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Алена Протас прызнала старшыню абласной арганізацыі Пратыі БНФ Леаніда Аўтухова і сябра гэтай партыі Кастуся Смолікава парушальнікамі заканадаўства аб СМІ за распаўсюд бюлетэня «Магістрат». 22 сакавіка Леанід Аўтухоў і ягоны аднапартыец былі затрыманы ў гандлёвым цэнтры «Эвіком». Першапачаткова на абодвух склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях у сувязі з тым, што ў бюлетэні  быў артыкул пра  мітынг у Дзень Волі 25 сакавіка, і партыйцы адбылі па 5 сутак арышту. Супрацоўнікі міліцыі налічылі, што наклад бюлетэня перавышае 299 асобнікаў, пры гэтым падлік праводзіўся не асобнікамі,  а "вялікімі стосамі" ды "тоўстымі пачакамі" – так аргументавалася на судзе незаконнае перавышэнне накладу. Паводле Кастуся Смолікава, у яго падчас затрымання былі ў руках толькі 2 бюлетэні. Астатнія асобнікі  міліцыянты "падлічвалі", знайшоўшы пры аглядзе аўтамабіля, якім кіраваў Леанід Аўтухоў. У выніку Кастусю Смолікаву і Леаніду Аўтухову прысудзілі па 3 мільёны штрафу.

17 траўня суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Юрый Гарбатоўскі  аштрафаваў былога палітвязня Васіля Парфянкова за парушэнне правілаў нагляду на 30 базавых велічынь па частцы 2 артыкула 24.12 КаАП «Невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду». 16 траўня  крымінальны інспектар Аляксей Пяркоў прыходзіў з праверкай, але Парфянкова не было дома. Таму было зафіксавана парушэнне. Парфянкоў крыху затрымаўся на працы, а калі вярнуўся, то яго ўжо чакаў участковы.

18 траўня ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай супраць сябраў КХП-БНФ  Яна Дзяржаўцава і Віталя Каваленкі. Суддзя Іна Грабоўская прызнала іх вінаватымі ва ўдзеле 26 красавіка ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на падставе відэароліка з youtube.com. Дзяржаўцаў і Каваленка ў гадавіну чарнобыльскай аварыі выйшлі на вуліцу Замкавую з плакатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль». Але гэта не было заўважана віцебскай міліцыяй: тыя пад'ехалі на службовай машыне, калі яны ўжо збіраліся сыходзіць,  і іхныя плакаты былі згорнутыя. Таму галоўным доказам у судзе сталі відэаматэрыялы, якія былі  выкладзеныя кімсці ў інтэрнэце. Суддзя Іна Грабоўская аштрафавала кожнага на 20 базавых велічынь.

21 мая ЛГБТ-актывіста Аляксея Куліка пры перасячэнні ўкраінска-беларускай мяжы на станцыі Церуха знялі з цягніка, каб правесці асабісты мытны дагляд. ЛГБТ-актывіст прабыў у зале мытнага надгляду з 4 да 7 раніцы, хоць у акце аб правядзенні асабістага дагляду пазначана, што працэдура працягвалася ўсяго 15 хвілін. Падчас асабістага мытнага надгляду Аляксея папрасілі паказаць змест багажу, кампутара і флэшкі, а таксама распрануцца да майткаў. Забароненых для перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу прадметаў выяўлена не было. Афіцыйнай прычынай асабістага мытнага надгляду назвалі супадзенне, маўляў, тыя, хто часта ездзяць праз мяжу, перыядычна праходзяць падобную працэдуру. Таксама актывіста папярэдзілі аб магчымай паўторнай падобнай працэдуры, калі ён будзе перасякаць дзяржаўную мяжу.

22 траўня адміністрацыйная камісія Глыбоцкага райвыканкаму аштрафавала былога настаўніка матэматыкі Мар’яна Місевіча за тое, што ён размаляваў свой гаўбец пад нацыянальны сцяг ды прымацаваў на ім «Пагоню». У пратаколе гэта было названа «парушэннем архітэктурнага рашэння» будынка. Спадара Місевіча пакаралі штрафам памерам 2 базавыя велічыні — 200 тысяч рублёў.

31 траўня раніцай дома быў прэвентыўна затрыманы лідэр «Змены» Павел Вінаградаў і дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска нібыта для «прафілактычнай размовы». Да актывіста супрацоўнікі міліцыі не дапусцілі адваката, паведаміўшы яму, што Павел не затрыманы, і таму  паслугі абаронцы не патрэбныя. Павел мяркуе, што затрыманне звязана з самітам прэм’ер-міністраў СНД у Мінску. П. Вінаградава 12 гадзін пратрымалі ў міліцыі і ўвечары адпусцілі.


Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

2 траўня Freedom House апублікавала справаздачу аб свабодзе прэсы ў 2012 годзе. Беларусь трапіла ў спіс самых горшых. Першае месца ў свеце займаюць Нарвегія і Швецыя з самай свабоднай прэсай, далей ідуць некалькі краін Заходняй Еўропы і ЗША. Найгоршымі краінамі для журналістаў названыя Беларусь, Куба, Эрытрэя, Экватарыяльная Гвінэя, Іран, Паўночная Карэя, Туркменістан,Узбекістан — у іх, згодна са справаздачай, незалежных СМІ фактычна не існуе.

2 траўня ў прыватны дом у аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна да незалежнага журналіста Барыса Вырвіча завітаў участковы інспектар Бялыніцкага РАУС, лейтэнант міліцыі Аляксандр Емельянаў. Асноўнай прычынай для візіта супрацоўнік міліцыі назваў высвятленне пытання, якім чынам на тэлеканале «Белсат» з’явіўся матэрыял пра СВК «Лебедзянка», і ці з’яўляюцца незалежныя журналісты, якія здымалі гэты сюжэт, «сотрудниками телеканала «Белсат».У той жа дзень  участковы інспектар Бялыніцкага РАУС Аляксандр Емельянаў наведаў дома ў вёсцы Лебедзянка Бялыніцкага раёна жыхара гэтай вёскі Валерыя Вусіка. Па словах Валерыя Вусіка, супрацоўніка міліцыі вельмі цікавіла, як ён пазнаёміўся з незалежнымі журналістамі і як матэрыял пра СВК «Лебедзянка» з’явіўся на тэлеканале «Белсат». 13 траўня незалежных журналістаў з Магілёва Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова позвамі выклікалі ў Бялыніцкі РАУС да участковага інспектара Аляксандра Емельянава. Аднак яны ад паездкі ў Бялыніцкую міліцыю вырашылі адмовіцца ў сувязі з тым, што позвы не былі аформлены адпаведным чынам. 17 траўня Яўген Глушкоў атрымаў пад роспіс паўторную позву з Бялыніцкага РАУС. У позве ўказана, што незалежны журналіст выклікаецца «у якасці асобы, супраць якой распачаты адміністрацыйны працэс». 20 траўня Яўген Глушкоў і Аліна Скрабунова не з’явіліся для апытання «у якасці асобаў, супраць якіх распачаты адміністрацыйны працэс»  у Бялыніцкі РАУС. 22 траўня кіраўніцтва СВК «Лябядзянка» напісала калектыўную скаргу на незалежных журналістаў з Магілёва. Нагодай для гэтага стала нібыта хлуслівая інфармацыя пра ўнутраную сітуацыю ў сяльгаса-вытворчым кааператыве, якую распаўсюдзілі журналісты. Незалежную журналістку Аліну Скрэбунову апыталі з гэтай нагоды ў Кастрычніцкім РАУСе Магілёва. Супрацоўнік міліцыі паведаміў, што з пракуратуры Бялыніцкага раёна паступіла даручэнне правесці апытанне з нагоды калектыўнай скаргі на незалежных журналістаў Аліну Скрабунову, Яўгена Глушкова, Барыса Вырвіча і грамадскага актывіста Валерыя Вусіка.

6 траўня вечарам каля станцыі метро «Міхалова» ў Мінску былі затрыманыя журналіст Беларускага Радыё Рацыя Аляксандр Ярашэвіч і блогер Дзмітрый Галко. Прыкладна каля 20-40 побач з імі спыніўся мікрааўтобус з групай спецназаўцаў, якія запіхнулі іх у аўтамабіль і адвезлі ў Маскоўскі РУУС Мінску. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі журналістаў у непадпарадкаванні і склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. 7 траўня журналістаў судзілі ў Маскоўскім судзе Мінску. Справы разглядалі суддзя Таццяна Мотыль і Яўген Хаткевіч. Зміцер Галко быў асуджаны на 10 сутак арышту па абвінавачанні ў нецэнзурнай лаянцы і аказанні супраціўлення міліцыі. Аляксандру Ярашэвічу прысудзілі 12 сутак арышту. Яго прызналі вінаватым у парушэнні двух артыкулаў КаАП – 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) і 17.1 (хуліганства). 21 траўня Мінскі гарадскі суд пакінуў без задавальнення касацыйныя скаргі журналіста Аляксандра Ярашэвіча і блогера Дзмітрыя Галко.

8 траўня журналісту Радыё Свабода Алегу Груздзіловічу вынесена папярэджанне, падпісанае першым намеснікам пракурора Мінска Раманоўскім. Папярэджанне тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?». У ім гаворыцца, што журналіст «ажыццявіў акцыю па пранікненні на станцыю метро „Фрунзенская“ з металёвымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў мінскім мэтрапалітэне». Размова ідзе пра тое, што 10 красавіка Алег Груздзіловіч падрыхтаваў матэрыял пра тое, як працуе служба аховы метро. Пракуратура адзначае, што журналіст размясціў на сайце Радыё Свабода «крытычны артыкул „З вялікай торбай у метро: з двух разоў праверылі адзін і ў торбу не зазірнулі“ з відэасуправаджэннем». Далей у папярэджанні гаворыцца, што адбылася прэзентацыя кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?», аўтарам якой з’яўляецца Алег Груздзіловіч, у якой «ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасць афіцыйных вынікаў расследавання крымінальнай справы па факце выбуху ў мінскім метрапалітэне, а таксама справядлівасць беларускай судовай сістэмы ў цэлым». У папярэджанні таксама адзначаецца, што «ў выпадку прадстаўлення замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян РБ, якія дыскрэдытуюць РБ і яе органы ўлады», журналіста могуць прыцягнуць да адказнасці.

13 траўня ўсе кіраўнікі школ і дзіцячых садкоў Слонімскага раёна наведалі начальніка Упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Тарэсу Юшкевіч і паказалі падпісныя квіткі на “Настаўніцкую газету”, раённую газету “Слонімскі веснік”, “Гродзенскую праўду”, “Советскую Белоруссию” і “Знамя юности”. Падпіску на гэтыя выданні пад асабісты кантроль узяла начальнік Упраўлення адукацыі. Кожны кіраўнік школы і садка пад ціскам асабіста выпісаў гэтыя выданні, а таксама на школы і садкі. Педагогі незадаволены такім прымусам і яны звярнуліся ў незалежную “Газету Слонімскую”. Газета апублікавала іх скаргу і спіс газет, якія неабходна выпісаць.  Напрыклад, сярэднія школы Слоніма павінны выпісаць не менш 15 асобнікаў “СБ”, “Слонімскага весніка”, “Настаўніцкай газеты” , школы раёна — не менш 8, базавыя школы раёна — не менш 4, дашкольныя ўстановы не менш 2.

17 траўня грамадскага распаўсюдніка незалежных выданняў «Новы час» і «Рабочая салідарнасць» Рыгора Грыка начальніца ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Жытко запрасіла для размовы. Разам з Таццянай Жытко прысутнічалі яшчэ двое супрацоўнікаў ідэалагічнага аддзела, якія прымалі актыўны ўдзел у «прафілактычна-выхаваўчай» размове. Высветлілася, што Р. Грыка выклікалі, каб пераканаць ў неабходнасці спыніць грамадска-палітычную дзейнасць і, як сказала Таццяна Жытко, каб ен «не баламуціў» народ.

24 траўня старшыню Гомельскай філіі «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Анатоля Гатоўчыца выклікалі ў абласную пракуратуру. Напярэдадні яму патэлефанаваў старшы памочнік пракурора вобласці Дзімітрый Дэбой і запрасіў на гутарку. Ён патлумачыў, што ў пракуратуры «ёсць звесткі, што 24 красавіка Гатоўчыц падрыхтаваў відэасюжэт на спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» пра паводку ў Гомелі». Журналіст заявіў, што гатовы прыйсці ў пракуратуру, але толькі па позве. Напярэдадні такая позва прыйшла на адрас Анатоля Гатоўчыца - ён мусіў з’явіцца ў пракуратуру.

22 траўня з пятай па ліку спробы быў перарэгістраваны з новым заснавальнікам часопіс «Arche. Пачатак» Міністэрствам інфармацыі. Спробы перарэгістраваць «Arche. Пачатак» рэдакцыя рабіла з лістапада 2012 года.

25 траўня журналісту Беларускага Радыё Рацыя з Гродна Віктару Парфёненку ўжо пяты раз адмовілі ў акрэдытацыі. Пяты год сябра БАЖ падае паперы на афіцыйную акрэдытацыю – і пяты год атрымлівае адмову з Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Віктар Парфёненка мае намер падаваць на акрэдытацыю чарговы раз.

27 траўня суд Крычаўскага раёна выклікаў рэдактара крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага  і яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава на 5 чэрвеня ў  якасці адказчыкаў па пазову “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280”. Начальнік арганізацыі А.В. Фралоў просіць суд Крычаўскага раёна “прызнаць распаўсюджаныя звесткі аб КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” у друкаваным выданні “Вольны горад” №4 ад 3 лютага 2013 года неадпавядаючымі рэчаіснасці”, а таксама “абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” надрукаваць абвяржэнне на той жа старонцы ў той жа калонцы дадзенага друкаванага выдання”. Пазоў “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” падаў начальнік УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” А. В. Фралоў адносна інфармацыі, выкладзенай у артыкуле “Прыгонныя”. Артыкул быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц.

29 траўня стала вядома, што сябры ГА «БАЖ» Вольга Чайчыц і Алесь Сіліч абавязаныя з’явіцца ў смалявіцкую раённую пракуратуру. Паводле позвы, незалежных журналістаў выклікаюць, каб узяць з іх тлумачэнні. Самі Вольга Чайчыц і Алесь Сіліч звязваюць выклік у пракуратуру з іх прысутнасцю на грамадскім абмеркаванні праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі, што праходзіла ў красавіку. Тады прысутны на абмеркаванні супрацоўнік міліцыі перапісаў пашпартныя дадзеныя журналістаў і паабяцаў «разабрацца». 30 траўня  журналістка Вольга Чайчыц атрымала пісьмовае папярэджанне ад пракуратуры Смалявіцкага раёну за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

30 траўня журналістку «Народнай Волі» Марыю Малевіч не акрэдытавалі на прэс-канферэнцыю, прысвечаную правядзенню «Першага Сырнага фестываля пад Мінскам». Спачатку яе запрасілі на мерапрыемства, але пазней ператэлефанавалі і папрасілі не прыходзіць, спасылаючыся на прысутнасць чыноўнікаў і магчымыя вострыя пытанні з боку выдання. На просьбу прэс-службы ГА «БАЖ» пракаментаваць сітуацыю адказны за акрэдытацыю на фестываль Андрэй Кірыенка назваў дзеянні журналісткі «неадэкватнымі» і ад далейшых каментароў адмовіўся.

31 траўня суддзя Мінскага гарадскога суда Валер Камісараў пакінуў у сіле пастановы аб арышце журналістаў Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча. У сваіх скаргах на пастановы суда першай інстанцыі затрыманыя 26 красавіка пасля дазволенай уладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях» журналісты рабілі акцэнт на вялікай колькасці недакладнасцяў і парушэнняў, якія мелі месца. Апроч гэтага, Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч падкрэслілі, што сведкі з боку міліцыі былі зацікаўленыя ў прызнанні журналістаў вінаватымі, бо панясуць адміністратыўную адказнасць у выпадку апраўдання сябраў ГА «БАЖ». Журналісты падрабязна распавялі пра акалічнасці затрымання і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. У прыватнасці, пра тое, што міліцыянты не прадстаўляліся затрыманым, не тлумачылі прычыны затрымання, не далі магчымасці азнаёміцца з пратаколам адміністратыўнага парушэння і нават не змаглі ў судзе дакладна паведаміць месца затрымання. Нягледзячы на гэта суддзя Валер Камісараў «не знайшоў падставаў» адмяніць адміністратыўнае пакаранне.


Абмежаванне свабоды сходаў

3 траўня брэсцкія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі атрымалі адмовы з гарвыканкаму на 12 заявак на правядзенне 7 траўня на розных пляцоўках Брэста пікетаў, прысвечаных праблеме знікнення былога міністра ўнутраных спраў і палітыка Юрыя Захаранкі. Адначасова на пікетах планавалася прыцягнуць увагу грамадскасці да знікнення іншых вядомых асобаў у Беларусі - Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, пра знаходжанне якіх таксама няма звестак. У сваім адказе пра забарону пікетаў чыноўнікі Брэсцкага гарвыканкаму спаслаліся на тое, што падобныя акцыі можна ладзіць толькі ў вызначаных месцах (стадыён “Лакаматыў” і пляцоўка ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў).

6 траўня Баранавіцкі райвыканкам забараніў Мілавідскі фэст, запланаваны грамадскасцю горада і раёна на 2 чэрвеня і прысвечаны 150-м угодкам Мілавідскай бітвы 1863 года. Гэта стала вядома з ліста за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Філанчука, які атрымалі арганізатары фэста Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат і Тэрэса Селівончык. У адказе раённага чыноўніка паведамлялася, што “…ў гэты дзень і ў гэтым месцы аддзел культуры Баранавіцкага райвыканкама запланаваў правядзенне мерапрыемства ў сувязі з 150-мі ўгодкамі Мілавідскай бітвы 1863 года, таму правядзенне другога мерапрыемства па гэтай тэматыцы не мэтазгодна”.Як адзначыў Віктар Сырыца, арганізатары фэсту амаль за 2 месяцы да мерапрыемства падалі падрабязную заяву ў райвыканкам, на працягу месяца заключылі дамовы з раённай міліцыяй, паліклінікай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай па абслугоўванню масавага мерапрыемства. Ніхто ім не гаварыў, што на 2 чэрвеня ўжо запланавана нейкае афіцыйнае мерапрыемства і ніхто не прапаноўваў іншую дату. Пасля атрыманай адмовы была пададзена паўторная заяўка на правядзенне фэсту 9 чэрвеня, але ўжо 21 траўня Баранавіцкі райвыканкам Мілавідскі фэст забараніў зноў. На гэты раз намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Філанчук матываваў адмову парушэннем п. 5 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах», пры гэтым чыноўнік райвыканкама не патлумачыў, што канкрэтна парушылі арганізатары.

3 траўня суд Салігорскага раёна не задаволіў скаргу грамадскага актывіста Уладзіміра Шылы на забарону пікета да Дня Волі. Справу разглядала намесніца старшыні суда Ала Трафімчук. Бок адказчыка прадстаўляў юрыст Салігорскага райвыканкаму Аляксей Страпко. На судовым паседжанні таксама прысутнічалі прадстаўнікі міліцыі і пракуратуры. У сваёй прамове пад час судовага паседжання Уладзімер Шыла адзначыў, што рашэнне па дадзенай справе насамрэч ўжо даўно вядома ўсім бакам. Мэта ж яго скаргі - дакументальная фіксацыя парушэння правоў чалавека. Дадзеныя дакументы, заявіў актывіст на судзе, дазволяць усіх датычных да парушэнняў прыцягнуць да адказнасці ў будучыні. 20 траўня грамадскі актывіт Уладзімір Шыла падаў скаргу на забарону масавага мерапрыемства да Дня Волі ў Мінскі абласны суд.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

30 красавіка Савет Міністраў прыняў пастанову №327 “Аб зацвярджэнні пераліку грамадскіх арганізацый (аб’яднанняў) і іх арганізацыйных структур, фондаў, аб’яднанняў юрыдычных асоб і (ці) індывідуальных прадпрымальнікаў (асацыяцый і саюзаў), у дачыненні да якіх пры арэндзе нерухомай маёмасці да базавых ставак ужываецца паніжальны каэфіцыент 0,1, і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”. Гэты пералік замяніў сабой ранейшы спіс  некамерцыйных арганізацый, якія карысталіся ільготамі па арэндзе памяшкання і дзейнічаў ад 9 красавіка 2010 года. Пералік 2010 года перыядычна папаўняўся новымі арганізацыямі, і на 2012 год утрымліваў у сабе 451 некамерцыйную арганізацыю, якім стаўкі арэнды памяшканняў былі зніжаны ў дзесяць разоў у параўнаньні з іншымі арэндатарамі. Зацверджаны 30 красавіка 2013 года новы пералік прадугледжвае  ільготу толькі для 195 грамадскіх аб’яднанняў, іх арганізацыйных структур, фондаў, саюзаў і асацыяцый. Такім чынам, колькасць некамерцыйных арганізацый, якія маюць права карыстацца ільготнымі стаўкамі арэнды памяшканняў, паменьшылася з 451 да 195 арганізацыяў – больш чым у два разы. Абсалютная большасць арганізацый, якія засталіся ў пераліку ільготнікаў, гэта дабрачынныя, чарнобыльскія, гуманітарныя і спартовыя. Сярод арганізацый, што раней карысталіся ільготамі, але не патрапілі ў новы спіс: Згуртаваньне Беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”, Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, Беларускае грамадскае аб’яднанне “Экалагічная ініцыятыва”, Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Кропля жыцця” (аб’ядноўвае донараў крыві), Грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Тэвінэ”, Міжнародная грамадская дабрачынная арганізацыя “Надзея Экспрэс”, Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Палестынская суполка”, Грамадскае аб’яднанне “Дзецям Чарнобыля”, Грамадскае аб’яднанне “Магілёўская габрэйская суполка”, Грамадская арганізацыя “Беларускі фонд SOS – Дзіцячая вёска”. Агулам ільготаў пазбаўленыя 256 арганізацый, якія будуць вымушаныя плаціць поўную арэндную плату за памяшканні на агульных умовах. У параўнанні з мінулым пералікам арганізацый-ільготнікаў скарацілася колькасць палітычных партый, якія карыстаюцца паніжальным каэфіцыентам пры аплаце арэнды: ільготы пакінуты для Камуністычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Ільготаў пазбаўленыя Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, Беларуская патрыятычная партыя і Беларуская аграрная партыя.

20 траўня актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з горада Мазыра Галіна Герасімава атрымала вуснае папярэджанне за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб'яднання ад першага намесніка пракурора Гомельскай вобласці Вадзіма Сушчынскага. Як паведаміла юрыст Тамара Сяргей, тэкст папярэджання зачытаў Герасімавай начальнік аддзела па ахове правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў Мазырскага РАУС Аляксандр Быкаў, які правёў з актывісткай прафілактычную гутарку. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што сваімі дзеяннямі грамадзяне перашкаджаюць працы дзяржаўных устаноў.

3 траўня Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне пры прэзідэнце Беларусі распачало кампанію па экстраным скасаванні дамоў арэнды і высяленні з памяшкання Рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб’яднання “Сустрэча” . У гэты дзень арганізацыя атрымала ліст з абвесткай аб неабходнасці на працягу трох працоўных дзён скасаваць дамову арэнды на памяшканне, дзе знаходзіцца юрыдычны адрас у Мінску. У лісце пазначана наступнае: «Аб’яднанню неабходна здзейсніць поўны разлік па арэнднай плаце і камунальных плацяжах, вызваліць нежылое памяшканне, якое арэндуе аб’яднанне, і перадаць яго па акце прыёму-перадачы прадстаўніку Галоўнага ўпраўлення». Прычыны і абгрунтаванні для спыненьня дамовы арэнды ў лісце не пазначаны. РМГА “Сустрэча” паведаміла, што скасаванне дамовы арэнды з боку Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення была ініцыявана і ў некаторых іншых гарадах, дзе месцяцца ананімна-кансультацыйныя пункты аб’яднанья. Там пазначаныя тэрміны скасавання дамоваў да канца траўня. Тэрміновае вызваленне памяшкання ў Мінску можа прывесці да ліквідацыі аб’яднання. Кіраўніцтва арганізацыі звязвае гэта з тым, што РМГА “Сустрэча” ажыцьяўляе дзейнасьць па прафілактыцы ВІЧ/СНІД і ІППШ сярод мужчын, якія маюць сэкс з мужчынамі. З мэтай вырашэння дадзенай сытуацыі прадстаўнікі аб’яднання накіравалі лісты ў Міністэрства аховы здароўя РБ, ПРААН з просьбай аказаць садзейнічанне ў недапушчэнні ліквідацыі РМГА “Сустрэча”, захаванні дзяржаўных арэндаў, і адпаведна, у працягу прафілактычнай дзейнасці ў рамках рэалізацыі грантаў Глабальнага фонду. РМГА “Сустрэча” дзейнічае ў сферы прафілактыкі ВІЧ /СНІДу з 1998 года.

21 траўня экскаватаршчык прадпрыемства “Граніт” Леанід Дубаносаў даведаўся пра тое, што з ім не працягнуты кантракт. У гэты дзень ён упершыню выйшаў на працу пасля адпачынку, аднак не быў дапушчаны на сваё месца для выканання службовых абавязкаў у начную змену. Начальнік варты Руслан Буневіч паведаміў Дубаносаву, што яшчэ 16 траўня з ім не быў працягнуты працоўны кантракт. Пры гэтым ніякіх дакументаў, які б падцвярджалі гэтыя словы, Буневіч не прадставіў. У сваю чаргу Леанід Дубаносаў запрасіў сведкаў і склаў акт пра тое, што яму не дазволілі распачаць працу. Л.Дубаносаў да апошняга часу заставаўся адзіным з ініцыятараў стварэння суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на РУПП “Граніт” у Мікашэвічах, які дагэтуль працаваў непасрэдна на згаданым прадпрыемстве. Усе іншыя актывісты гэтага прафсаюзу, супраць з’яўлення якога амаль паўтары гады выступае адміністрацыя “Граніта”, ужо звольненыя і не здолелі дамагчыся аднаўлення на працы праз суд.

31 траўня актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Кузьмін з Белаазёрску падаў скаргу ў Брэсцкую абласную пракуратуру на неабгрунтаванасць вынесенага яму папярэджання па арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса РБ. А. Кузьмін просіць абласную пракуратуру адмяніць афіцыйнае папярэджанне, вынесенае пракурорам Бярозаўскага раёна Дзмітрыем Дзерабіным, паколькі  справы па пэўных кампаніях у рамках “Гавары праўду” актывіст не адносіць да дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Справа па дзейнасці Аляксандра Кузьміна ад імя незарэгістраванай арганізацыі ўзнікла пасля заявы старшыні Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслава Дамброўскага ў Бярозаўскі РАУС. Каб азнаёміцца са справай, Кузьміну і яго адвакату прыйшлося чакаць месяц.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international