“Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць сьвету і самім сябе, што мы народ паўнавартасны, што мы здольныя ня толькі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі”, -- заяўляе у Звароце да беларускага народу Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла

2007 2007-03-22T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася са зваротам да беларускага народу з нагоды 89-ых угодкаў абвяшчэньня БНР. “Зь вялікай надзеяй зьвяртаюся сёньня да ўсіх Вас, дарагія мае суродзічы Беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25-га Сакавіка, што мы зьяднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”, а вольную Беларускую Народную Рэспубліку”, -- гаворыцца ў звароце старшыні Рады БНР, тэкст якога прыводзіцца ніжэй:

“Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам – Днём 25-га Сакавіка.

25 сакавіка 1918 году Беларускі народ абвясьціў сьвету, што ён скідае з свайго краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці і абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай.

На жаль, ня змог тады наш аслаблены вайною народ абараніць сваю маладую Рэспубліку ад новай няволі. І ня мелі мы прыяцеляў у сьвеце, якія б за нас заступіліся. Пачаўся новы перасьлед. Чужакі гэтым разам фізычна нішчылі нашых найлепшых людзей, выкаранялі нашую мову, нашыя адвечныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Нішчылі нас і казалі, што яны нашыя “браты”.

І на жаль, некаторыя з нас ім паверылі. А дасюль верылі. Толькі падзеі апошняга часу іх пераканалі, што народ наш зажыве шчасьліва адно тады, калі будзе сам гаспадаром у сваёй хаце.

Дарагія Суродзічы, нашая будучыня сёньня ў нашых руках. Ад нас залежыць, ці мы будзем гаспадарамі ў сваёй хаце, ці будзем надалей жыць, дастасоўваючыся да чужых жаданьняў.

Нашае нацыянальнае сьвята – Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць сьвету і самім сябе, што мы народ паўнавартасны, што мы здольныя ня толькі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі. Адзінае, чаму нам трэба зноў навучыцца – гэта любіць і шанаваць адзін аднаго, бо ўсе мы Беларусы, усе мы сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі.

Дык зь вялікай надзеяй зьвяртаюся сёньня да ўсіх Вас, дарагія мае суродзічы Беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25-га Сакавіка, што мы зьяднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”, а вольную Беларускую Народную Рэспубліку.

Дык памажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international