Коласаўскі ліцэй: 10 гадоў у падполлі

2013 2013-01-16T12:15:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/licejkolasa.jpg

15 студзеня чарговы дзень нараджэння адзначыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Выкладчыкі і навучэнцы ліцэя зладзілі імправізаваную лінейку ў двары суда, дзе колісь месціўся ліцэй.

Менавіта 15 студзеня 1992 навучальнай установе быў афіцыйна перададзены будынак па вуліцы Кірава, 21, і ўжо на наступны дзень там адбыліся першыя заняткі. Апрача гэтай даты сёлета ў ліцэістаў яшчэ адна нагода згадаць мінулае: у 2013-мспаўняецца 10 гадоў ад таго моманту, як на загад Міністэрства адукацыі ліцэй быў ліквідаваны.

Адразу пасля імправізаванай лінейкі пад вокнамі былойальма-матэр быў выкананы ліцэйскі гімн. Такім чынам ліцэісты запачаткавалі серыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да10-годдзя свайго падполля.

Апавядае нязменны дырэктар навучальнай установы Уладзімір Колас:

«Два дзясяткі гадоў таму здзейсніўся адзін з цудаў, якія тады яшчэ здзяйсняліся. Гэта сапраўды была эпоха цудаў, калі неверагоднае раптам пачало рабіцца верагодным. Спачатку мы здабылі незалежнасць, потым над краінай залунаўбел-чырвона-белы сцяг, нацыянальным гербам стаў наш гістарычны герб „Пагоня“. І ўрэшце наш ліцэй, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, па новых праграмах, атрымаў гэты будынак. Зрэшты, атрымаў яго гэтаксама не без праблемаў. Як шмат хто памятае, тут быў не тое што бой, але мы мусілі настаяць на сваім. Мусілі пазмагацца, пабіцца за тое, каб гэты будынак паводле закону быў перададзены нашаму ліцэю. Тут ужо шмат было розных установаў камерцыйнага кшталту, бо мінулая камуністычная ўлада пачала выкарыстоўваць яго для сваіх сапраўдных мэтаў-то бок нажывацца. Таму ім вельмі хацелася „прыхватызаваць“ гэты будынак».

Праблемы ў ліцэістаў пачаліся з сярэдзіны 1990-х, разам з усталяваннем новай улады. Міністэрства адукацыі з падачы прэзідэнцкай адміністрацыі распачало атакі на ўстанову, якая выбівалася з агульнага кантэксту дзяржаўнага выкладання. І хоць канчаткова ліцэй закрылі ў 2003 годзе, першыя спробы ціску, як згадвае намеснік дырэктара ліцэя Лявон Баршчэўскі, выкладчыкі і вучні адчулі значна раней:

«Увогуле гэта была доўгая гісторыя. Першы раз будынак забіралі ў 1997 годзе, перадаўшы яго адміністрацыі прэзідэнта. Пры гэтым нават не паінфармавалі кіраўніцтва ліцэя — усё было зроблена чыста бюракратычным метадам. Цэлае лета віравалі акцыі пратэсту, і ўрэшце бакі пагадзіліся: будынак пераходзіць да адміністрацыі, але ліцэй у ім захоўваецца. Потым быў 1998 год, калі нас хацелі далучыць да ліцэя БДУ і, адпаведна, зноў будынак забраць. Гэтаксама пратэсты прывялі да таго, што ліцэю ўдалося — са змененай назвай — яшчэ пяць гадоў праіснаваць. Такім чынам, правучыліся мы ў гэтым будынку да канца навучальнага 2003 года: выпускная вечарына адбылася 17 чэрвеня, а 25 чэрвеня было сумнавядомае распараджэнне Савета міністраў пра ліквідацыю ліцэя. Хоць яшчэ да пачатку верасня 2003 года гэты будынак так ці іначай заставаўся ў распараджэнні ліцэя».

Час ад часу ліцэісты ў сваю ўстанову ўсё ж трапляюць. Праўда, не з параднага ўваходу.

Некалькі гадоў таму ў экспрапрыяваны будынак заехаў суд Цэнтральнага раёна сталіцы, і цяпер за палітычную дзейнасць тут судзяць, у тым ліку былых і цяперашніх навучэнцаў. Тым не менш Уладзімір Колас выказаў перакананне, што ліцэісты ў свой будынак абавязкова вернуцца — і зусім не ў якасці падсудных:

«У 2003 годзе, то бок роўна 10 гадоў таму, адбылася такая прыкрая з’ява, што наш ліцэй ліквідавалі. Ліквідавалі менавіта тыя сілы, якія былі супраць гэтай справы. Але, нягледзячы на тое, што ліцэй быў афіцыйна закрыты і мы мусілі пакінуць гэты будынак (сіла была ўжо не на нашым баку, ужо не былі дэпутатамі нашы людзі, а так званымі дэпутатамі былі папросту прызначаныя пэўныя асобы паводле сістэмы, паводле якой яны і цяпер прызначаюцца), мы выжылі. Так, мы мусілі пакінуць свой будынак, бо сіла, яшчэ раз кажу, тады была не на нашым баку. Але ўсё ж праявай сілы, моцы гэтай ідэі было тое, што наш ліцэй не знік, і 10 гадоў, нягледзячы ні на што, мы існуем. Ніхто не верыў. Нават некаторыя з выкладчыкаў не верылі, што мы будзем трымацца. Але мы трымаемся, у тым ліку дзякуючы і вам, дзякуючы тым, для каго гэтая ідэя дарагая. Таму сёння мы святкуем, фактычна толькі распачынаем наша святкаванне».

Ужо дзесяцігоддзе Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа працуе ў падполлі.

Але попыт на адукацыю, пазбаўленую празмернай дзяржаўнай ідэалагізаванасці і арыентаваную на вывучэнне гістарычнай спадчыны беларусаў, застаецца стабільна высокім.

У ліцэй прыходзяць новыя вучні, якія спадзяюцца, што іх навучальная ўстанова раней ці пазней верне легальны статус. Апошнія выпускі істотна пашырылі і без таго шырокую геаграфію беларускай прысутнасці ў свеце. Польшча, Літва, ЗША, Нідэрланды, Італія, Нарвегія, Індыя — у гэтых ды іншых краінах ліцэісты працягваюць адукацыйны працэс.

Коласаўскі ліцэй: 10 гадоў у падполлі

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international