viasna on patreon

12 лютага Менскуі абласны суд прызнаў законным аднаўленьне на працы рэгіянальнай моладзевай актывісткі, настаўніцы з Клецкага раёну Іны Кебікавай, звольненай нібыта за прагул

2007 2007-02-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калегія Менскага абласнога суду адхіліла скаргу адміністрацыі Грыцэвіцкай сярэдняй школы і аддзелу адукацыі Клецкага райвыканкаму, якія дамагаліся перагляду рашэньня раённага суду. 25 сьнежня Клецкі райсуд прызнаў незаконным звальненьне Іны Кебікавай, якая летась пачала працу ў школе як малады спецыяліст. Настаўніцу звольнілі на пачатку лістапада нібыта за прагул, але ў той дзень, калі яна не зьявілася на працы, у яе не было заняткаў і яна вазіла дровы, каб абагрэць халоднае жытло, што дала ёй школа.

Менскі абласны суд пацьвердзіў, што рашэньне аб аднаўленьні на працы маладой настаўніцы было законнае. Іна Кебікава Радыё Свабодзе так пракамэнтавала судовае рашэньне: “Так, я лічу, што рашэньне суду было справядлівае. Хаця ў мяне было мала надзеі, што яно будзе менавіта такім. Фармальна мяне звольнілі за прагул, але за гэтым стаяў мой удзел у мясцовых выбарах. Мне ўвесь час выказвалі абурэньне, што я нашу шалік “Наша Ўкраіна”, што ў мяне сумка са значкамі, што я размаўляю па-беларуску”.

Загадчык Клецкага аддзелу адукацыі Анатоль Клімовіч выступіў на судзе і заявіў, што звальненьне было абгрунтаванае: “Мы імкнуліся яе як маладога сьпецыяліста накіраваць на шлях ісьціны, але гэтага не адбылося. Гэтае звальненьне было фактам заканамерным”.

У выпадку прызнаньня законным звальненьня Іны Кебікавай, яна, як малады сьпецыяліст звольнены з працы, атрыманай паводле разьмеркаваньня, мусіла б заплаціць Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсытэту імя Максіма Танка каля 14 мільёнаў рублёў, выдаткаваных на яе навучаньне.

Маладая настаўніца Іна Кебікава брала ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску пасьля прэзідэнцкіх выбараў. Яе сястру Тацьцяну за ўдзел у пратэстах выключылі з БДУ, і зараз яна працягвае навучаньне ў Польшчы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства