Дзесяцёра грамадзянаў ЗША будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці за парушэньне правілаў знаходжаньня ў Беларусі

2007 2007-02-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 лютага ў адным з пратэстанцкіх малітоўных дамоў супрацоўнікі міліцыі затрымалі 10 грамадзянаў ЗША. Міліцыянты высьвятлялі, чаму амерыканцы праводзілі заняткі ангельскай мовы без дазволу Міністэрства адукацыі. У аддзеле грамадзкіх сувязяў абласной міліцыі інфармацыю пацьвердзілі і ўдакладнілі, што на затрыманых амерыканскіх грамадзянаў былі складзены пратаколы паводле арт. 185 КаАП — “Парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь”, пасьля чаго іх адпусьцілі.

Па зьвестках Радыё Свабоды, амерыканцы знаходзяцца ў Магілёве каля месяца па запрашэньню дабрачыннага аб’яднаньня “Стэфан” дзеля бясплатных семінар-практыкумаў вывучэньня ангельскай мовы. Пастар аднаго з малітоўных дамоў гораду даў памяшканьне для заняткаў.

“Пастар гэтай царквы, калі быў у Амэрыцы, жыў з намі — і мы сталі для яго сям’ёй. Мы добрыя сябры, і ён дазволіў выкарыстоўваць гэты будынак бясплатна. Мы атрымалі нашы візы ад арганізацыі, якая займалася гэтымі пытаньнямі, — і яны сказалі, што мы можам тут выкладаць ангельскую мову”, - паведаміла адна амерыканская настаўніца.

Ва ўправе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму зазначылі, што амерыканскія грамадзяне ня мелі права выкладаць — у іх не было дазволу. Хаця супрацоўніца ўправы адукацыі пацьвердзіла, што па дазвол яны зьвярталіся, аднак ім было рэкамэндавана зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі, бо пытаньне знаходзіцца ў кампетэнцыі гэтага органу дзяржаўнага кіраваньня.

Паводле кіраўніка дабрачыннага аб’яднаньня “Стэфан” Дзьмітрыя Канцавенкі, нагодай для гэткага абыходжаньня з замежнымі грамадзянамі сталася нібыта іхная рэлігійная дзейнасьць у Магілёве.

Калі на амерыканцаў накладуць адміністратыўнае пакараньне, Дзьмітры Канцавенка зьбіраецца яго абскарджваць, а таксама будзе дамагацца, каб спынілі ўсе адміністратыўныя дзеяньні датычна ягоных гасьцей. Паводле Адміністратыўнага кодэксу РБ, амерыканскім грамадзянам пагражае папярэджаньне альбо штраф да дваццаці мінімальных велічыняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства