viasna on patreon

Грамадзкі арганізацыйны камітэт па ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў распрацаваў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да трагічнай даты - 70-годзьдзя 1937 году

2007 2007-02-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 лютага адбылося паседжаньне грамадзкага аргкамітэту па ўшанаваньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прымеркаванае да 70-годзьдзя трагічнага 1937-га году. У складзе аргкамітэту гісторык Ігар Кузьняцоў, пісьменьнікі Васіль Якавенка, Леанід Маракоў, дырэктар Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, палітык Вячаслаў Сіўчык, гісторык-публіцыст Якаў Басін ды іншыя грамадзкія дзеячы. На паседжаньні быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў для ўшанаваньня памяці беларусаў, якія загінулі ад рэпрэсія ў – гэта штомесячныя акцыі памяці, стварэньне сайту пра ахвяраў сталінізму, выданьне бюлетэняў і зборнікаў навуковых дасьледаваньняў.

Першая акцыя памяці ўжо адбылася 30 студзеня – ва ўрочышчы Курапаты на месцы масавых расстрэлаў былі запаленыя сьвечкі ў памяць бязьвінных ахвяраў. Паралельна такія самыя акцыі праходзілі і ў Расеі. Наступны дзень памінаньня будзе 28 лютага. На паседжаньні было вырашаны крыху скарэктаваць час і дату. З ініцыятывы Вячаслава Сіўчыка прынята рашэньне штомесячныя акцыі праводзіць 29 дня кожнага месяца пасьля 17 гадзіны, паколькі менавіта 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. І завяршальная акцыя адбудзецца менавіта 29 кастрычніка. Гэты дзень прапанавана абвясьціць Днём памяці.

Драматург, кінасцэнарыст Уладзімер Халіп на паседжаньні згадаў дакументальны фільм “Дарога на Курапаты”, які быў зроблены рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім, апэратарам Сяргеем Пятроўскім і аўтарам сцэнару Аляксандрам Лукашуком. Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію, але ўжо шмат гадоў не дэманструецца і ляжыць у архівах “Беларусьфільму”: “Гэта найвыдатнейшы фільм пра Курапаты і пра рэпрэсіі ў Беларусі. Я вельмі баюся, каб гэтыя “таварышы” ня змылі гэты фільм. Ёсьць такая тэхналягічная праблема на “Беларусьфільме”. Пэрыядычна яны змываюць стужкі, каб атрымаць срэбра. Нам трэба нейкім чынам ініцыяваць, каб гэты фільм быў паказаны ў 2007 годзе па беларускім тэлебачаньні”.

Паводле Ўладзімера Халіпа, копія фільму павінна захоўвацца і ў Маскве. Разглядаецца варыянт, каб прапанаваць “Дарогу на Курапаты” і расейскім тэлеканалам.

Што да іншых планаў грамадзкага аргкамітэту, то блізкім часам пачнецца праца над сайтам пра ахвяраў сталінізму. Пакуль яго рабочая назва “Пакутнікі”. Плануецца штомесяц выдаваць бюлетэнь пра гісторыю рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама надрукаваць зборнік навуковых працаў, прысьвечаных гэтай тэме.

“Не паўтарыцца 1937 году” – такі заклік неаднаразова гучаў на паседжаньні. Многія сябры аргкамітэту зьвярталі ўвагу на падабенства падзеяў 1937 і 2007 гадоў і прыкладам таму прыводзілі нядаўнія затрыманьні актывістаў “Маладога фронту”, - паведаміла Радыё Свабода .

Паводле сустаршыні аргкамітэту літаратара Васіля Якавенкі, неўзабаве будзе завершаная праца над зваротам аргкамітэту да беларускага народу ў сувязі з 70-годзьдзем кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў. Мяркуецца, што зварот будзе абнародаваны на наступным тыдні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства