viasna on patreon

Уладзімер Лабковіч: “Усе выказваньні беларускай улады аб тым, што яна падзяляе агульнаеўрапейскія каштоўнасьці і стандарты ў галіне правоў чалавека, ёсьць хлусьня і лукаўства”

2007 2007-02-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У нядзелю, 4 лютага, у Менску на прыватнай кватэры меўся прайсьці сход Цэнтральнай Рады незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". На Раду зьехаліся кіраўнікі забароненай арганізацыі з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама студэнты праграмы Каліноўскага Яўген Скрабутан і Барыс Гарэцкі. Каля 5 гадзінаў вечара ў кватэру ўварваліся байцы спэцназу і затрымалі 27 моладзевых актывістаў, сярод якіх былі непаўнагадовыя. Пасьля правядзеньня вобшуку ў аўтазаку ўсіх даставілі ў РУУС Савецкага раёну, дзе трымалі каля 7 гадзінаў. З актывістаў былі ўзяты пісьмовыя тлумачэньні, пратаколы затрыманьня не складаліся. Ад моладзевых лідэраў Зьмітра Хведарука і Яўгена Скрабутана сьледчыя патрабавалі прызнацца ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Уначы ўсіх затрыманых, апроч Зьміцера Хведарука, адпусьцілі.

У шмат каго з актывістаў дома адбыліся вобшукі: у Аляксея Янушэўскага, непаўнагадовай Насты Палажанкі, Яраслава Грышчэні з Баранавічаў.

Увечары каля 22 гадзінаў ва ўласнай кватэры таксама быў затрыманы Алег Корбан, які адзначаў свой дзень нараджэньня. У яго таксама праведзены вобшук. Самога актывіста зьвезьлі ў невядомым накірунку.

Сёньня раніцай паплечнікі маладафронтаўцаў, журналісты, праваабаронцы чакалі ля будынку суду Савецкага раёну магчымага судовага паседжаньня, аднак ні Алега Корбана, ні Зьімітра Хведарука ў суд не даставілі. Магчыма, супраць моладзевых лідэраў распачатая крымінальная справа за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, і іх трымаюць у сьледчым ізалятары. Менавіта за здзяйсьненьне злачынства па арт. 193.1КК РБ на паўтары гады зьняволеньня асуджаны каардынатар "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч.


Праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч пракаментаваў ПЦ "Вясна" дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў: “Беспадстаўнае затрыманьне моладзі, калі нічога не тлумачыцца, калі праводзяцца несанкцыянаваныя вобшукі, калі людзей звозяць у невядомым накірунку, – такія дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў далёкія ад працэсуальных нормаў, прадугледжаным беларускім заканадаўствам.

На дадзены момант па неправеранай інфармацыі Алег Корбан знаходзіцца ў ізалятары КДБ, у чым яго абвінавачваюць абсалютна невядома. Тое, што ні адна служба ў Менску: ні РУУС Савецкага ці Партызансага району Менска, ні ГУУС, ні ізалятар КДБ, ні СІЗА па вуліцы Валадарскага, ні ІЧУ, ні сьпецпрымальнік на Акрэсьціна – не даюць ніякай інфармацыі, і да гэтага часу ніхто з іх не пацьвердзіў зьвесткаў знаходжаньня ў іх лідэраў моладзевага руху, кажа аб тым, што парушаюцца не толькі правы гэтых людзей на абарону, парушаюцца правы іхных родных. Можна згадаць нядаўні выпадак з актывістам АГП Андрэем Дзьмітрыем, якога сярод белага дня невядомыя ў цывільным зьвезлі ў невядомым накірунку, а Партызанскі РУУС, дзе ён знаходзіўся, адмаўляўся прадстаўляць зьвесткі. Такім чынам, напрошваецца выснова, што падобнае знікненьне людзей у нашай краіне стала практыкай, якая насамрэч нагадвае 37 год.

Такія дзеяньні беларускіх спецслужбаў яскрава сьведчаць, што ўсе выказваньні беларускай улады аб тым, што яна падзяляе агульнаеўрапейскія каштоўнасьці і стандарты ў галіне правоў чалавека, ёсьць хлусьня і лукаўства. Таксама гэтыя дзеняньні яшчэ раз падкрэсьліваюць, што рэпрэсіўная машына як працавала так і працуе на па падаўленьне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства