Ларыса Насановіч пра сітуацыю з прэсай у Салігорскім рэгіёне

2012 2012-11-06T10:58:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/nasanovichlarysa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Насановіч

Ларыса Насановіч

З нагоды сусветнай акцыі «Станем за журналістыку!» сваім бачаннем сітуацыі вакол працы прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў Салігорскім рэгіёне дзеліцца мясцовая журналістка Ларыса Насановіч. 

- Ларыса, вы прыйшлі ў журналістыку яшчэ за савецкім часам і пра сітуацыю з прэсай у рэгіёне ведаеце з першых вуснаў. Як ацэньваеце стан журналістыкі, дзяржаўнай ды незалежнай, у Салігорску?

- Дзяржаўныя СМІ - гэта ўвогуле асобная песня. У рэспубліканскіх выданнях часам трапляюцца сур’ёзныя артыкулы на нейкія эканамічныя ці сацыяльныя тэмы. Што тычыцца рэгіянальнага ўзроўню, дык тут усё даволі сумна. У салігорскай газеце “Шахцёр” я пачынала пісаць яшчэ ў савецкі час. Тады патрабаванні да прафесіяналізму, да якасці артыкулаў былі значна вышэйшыя. І нават у тыя часы татальнай цэнзуры можна было ўзняць сур’ёзную праблему. Можна было рэальна кагосьці абараніць ад нейкага свавольства. А сённяшні ўзровень у параўнанні з тымі савецкімі часамі - гэта поўны заняпад. Мне нават цяжка назваць гэта артыкуламі. Магчыма, зрэдку нешта трапляецца пра прыроду, пра мастацтва...

- Зусім няма на чым спыніцца воку?

- Ведаеце, як чытаюць артыкулы палітычнага аглядальніка “Шахцёра” Вікторыі Раманавай? Я не за сябе зараз кажу, а пра сваіх знаёмых. Калі ім трапляецца ў рукі наша раёнка, яны адразу шукаюць яе артыкулы. Шукаюць выключна каб пасмяяцца, разумееце. Чытаюць і смяюцца. А яна, мабыць, лічыць, што піша сур’ёзныя рэчы.

- А што можаце сказаць пра незалежны друк?

- Магу пахваліць сайт САЛІГОРСК.org. Сайт на ўзроўні рэгіёну даволі сур’ёзны. Ёсць што пачытаць. Даволі аператыўна з’яўляецца інфармацыя. Не ўсё можна знайсці, канешне, але даволі разнастайныя навіны.

- Але існуюць і іншыя СМІ.

- А якія яшчэ ў нас ёсць незалежныя? Прыватны “Лідэр-Прэс” - гэта па сутнасці тое ж самае афіцыйнае выданне. “Электронны Салігорск” калісьці пачынаў вельмі добра. Было шмат чытачоў. Я і чытала, і сама часам туды пісала. Але на сённяшні дзень ад усіх вострых тэмаў, ад якіх-небудзь палітычных тэмаў, наогул ад маламальскі сацыяльных праблемаў, якія маглі б выклікаць незадаволеннасць уладаў, яны імкнкуцца адысці. Сайт стаў рэкламным па сутнасці. Ну вось яшчэ “Інфа-Кур’ер” бывае цешыць. Штосьці ў газеце прачытаць можна, хоць, я разумею, у іх таксама вельмі абмежаваныя магчымасці ў плане падачы вострых матэрыялаў.

- Скажыце, з якімі цяжкасцямі рэгіянальным незалежным журналістам даводзіцца найбольш сутыкацца ў сваёй працы? Вам асабіста, напрыклад.

- Вельмі складана збіраць матэрыял. Даводзіцца рабіць гэта негалосна. Незалежным журналістам у афіцыйных установах увогуле імкнуцца не даваць ніякай інфармацыі. Калі і даюць, дык з вялікімі цяжкасцямі і абумоўленасцямі. Асноўныя крыніцы інфрамацыі паўлегальныя, інкогніта. І спасылацца на такія крыніцы нельга, бо можна наўпрост падставіць чалавека. І хоць у Салігорску шмат цікавых падзеяў, якія варта і трэба асвятляць, але ўмовы для працы незалежных журналістаў ніякія. Тым не менш, як гаворыцца, назваўся груздом, лезь у коўш. Працуем у тых умовах, якія маем.

- Ваша меркаванне адносна сітуацыі вакол часопіса “Arche-Пачатак”, якому пагражае закрыццё?

- Ды што тут казаць, нельга зачыняць такія выданні. У нас і так поле незалежнай журналістыкі з кожным разам усё вузейшае. А без яе нікуды, нават той жа ўладзе. Спадзяюся, што, прынамсі, на рэспубліканскім узроўні ёсць хоць 5% чыноўнікаў, якія любяць сваю краіну і жадаюць ёй росквіту ды развіцця. Якія разумеюць, што без незалежнай журналістыкі немагчыма, бо залежная не ўздыме ніводнай праблемы, не пакажа на памылкі. А гэта трэба ведаць, каб хоць неяк рухацца наперад. Але гэта толькі мае спадзевы. Пакуль Беларусь рухаецца не ў тым накірунку. Калі сітуацыя не зменіцца, то для ўсіх гэта скончыцца вельмі сумна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international