Сведкі жывуць у ... пастарунку

2012 2012-11-01T10:04:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Студэнт першага курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэта Уладзіслаў Швед за спробу ўдзельнічаць у шэсці “Дзяды-2012” мусіць наведаць камісію па справах непаўналетніх Фрунзенскага райвыканкама. Сам Уладзь калі вырашыў пайсці на дазволеную ўладамі акцыю, не мог і падумаць, што апынецца ў міліцыі. Тым больш што ў такой акцыі хлопец удзельнічаў другі раз і думаў, што ўжо мае станоўчы досвед.

— Першы раз я браў удзел у шэсці на Дзяды летась. Пра акцыю даведаўся праз інтэрнэт. Тады ж стаў сябрам “Маладога фронту”: хоць арганізацыя і не зарэгістравана ў Беларусі, але яе каштоўнасці былі для мяне роднымі. Яшчэ раней я самастойна вывучыў беларускую мову. Першы мой удзел у акцыі абышоўся без якіх-небудзь праблем, а вось сёлета мяне затрымалі яшчэ на падыходзе да месца збору і пратрымалі ў міліцыі каля трох гадзін. Адбылося гэта нечакана: літаральна ў метро да мяне падышоў міліцыянер у форме і запытаўся, што гэта ў мяне ў руцэ. Я адказаў, што гэта палка для сцяга. Скажу вам шчыра — гэта быў кавалак мамінай швабры, але на ім добра сцяг трымаецца. Міліцыянер паказаў мне выхад з метро, і я спакойна пакрочыў у бок гадзіннікавага завода, да месца збору ўдзельнікаў акцыі. Ды толькі перад лесвіцай да мяне падышоў нейкі мужчына ў чорным, схапіў за руку і сказаў: “Пойдзем”. Я пачаў вырывацца, але да яго падбег яшчэ адзін (таксама ў чорным), і яны мяне пацягнулі ў свой падземны пастарунак. Там у мяне адабралі і мабільнік, і сцяг. Потым пачалі нешта пісаць, а мне сказалі: “Стой, потым пра ўсё даведаешся”. Пасля таго, як запоўнілі нейкі бланк, мяне закінулі ў аўтобус і адвезлі ў аддзяленне міліцыі метрапалітэна, што на плошчы Незалежнасці. Там я ўбачыў сваю маці. Яна была вельмі ўсхваляваная. Ёй далі падпісаць пратакол, з якога вынікала, што я “громко кричал, выражался грубой нецензурной бранью, размахивал руками, на замечания прохожих не реагировал, чем умышленно нарушил общественный порядок и спокойствие граждан, выражающемся в явном неуважении к обществу” (стыль захваны. — Аўт.).

У пратаколе было напісана і прозвішча сведкі, якога я, натуральна, не бачыў. Гэта нехта Бужан Генадзь Уладзіміравіч, які, як сведчыць дакумент, пражывае там, дзе месціцца міліцыя, — у доме №6 на праспекце Незалежнасці. Ніколі не думаў, што там ёсць прыватныя кватэры. Але гэта не засмуціла старшага інспектара Сяргея Есмантовіча, які складаў пратакол. У міліцыі мне ўвесь час пагражалі арыштам, нягледзячы на тое што я непаўналетні. Але потым аддалі маці копію пратакола і сказалі, што справу накіруюць у камісію па справах непаўналетніх па месцы жыхарства.

Я ўпершыню сутыкнуўся с праваахоўнымі органамі, і, скажу шчыра, мяне вельмі ўразіла гэтае знаёмства. Я і не думаў, што дарослыя людзі ў форме могуць так цынічна сябе паводзіць. Калі б мне нехта расказаў пра такое, то, можа, да канца б і не паверыў. Маё выхаванне папросту не дазваляе пераказаць тыя выразы, якія яны ўжывалі. Прычым, як я разумею, гэта была іх звычайная мова.

Дарэчы, у пастарунку быў яшчэ адзін непаўналетні — студэнт Ілля Хромаў. У яго былі драўляная палка, два сцягі, а на заплечніку — бел-чырвона-белая стужка. Але ён, як і я, ведаў, што шэсце дазволена. І сцягі былі дазволеныя. За што тады нас затрымалі? Можа, таму і абвінавацілі ў дробным хуліганстве, бо няма такога артыкула, каб за стужку ці за сцяг у заплечніку можна было караць?

Адзін з арганізатараў шэсця “Дзяды-2012” Алесь Чахольскі разам з іншымі ўдельнікамі акцыі быў упэўнены, што гэтым разам абышлося без затрыманняў. У панядзелак ён сустрэўся з Уладзіславам.

“Тыя людзі, якія затрымалі непаўналетніх хлопцаў, паводзілі сябе як сапраўдныя бандыты — не прадставіліся, не прад’явілі пасведчанняў ды яшчэ і сфабрыкавалі адміністрацыйную справу. Хочацца, каб пытанне, калі ж іх саміх прыцягнуць да адказнасці, перайшло з разраду рытарычных у разрад канкрэтных”, — абураны Алесь Чахольскі.

Пакуль жа студэнт Уладзіслаў Швед паспяхова вучыцца на бюджэтнай аснове ў БДУ і гатовіцца здаваць сесію. Але калі гэтая справа будзе мець звычайны працяг, то наша краіна можа пазбавіцца яшчэ аднаго разумнага студэнта, якім будзе ганарыцца які-небудзь еўрапейскі ўніверсітэт.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international