Лісты ад Статкевіча. Палітвязень трымаецца бадзёра, нягледзячы на бясконцы ціск адміністрацыі калоніі

2012 2012-10-25T19:49:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/statkevich-m.jpg
Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Цягам некалькіх тыдняў жонка экс-кандыдата на прэзідэнт Марына Адамовіч не атрымлівала лістоў ад мужа. Але ўчора прыйшлі адразу два.

Не бачыць ні сонца, ні блізкіх

Мікола Статкевіч застаецца за кратамі ўжо другі год і за гэты час паспеў пасядзець у двух калоніях. Улічваючы ягоны статус «злоснага парушальніка», лісты – амаль адзіная магчымасць кантакту.

«Ягоны строгі рэжым прадугледжвае толькі адно кароткае спатканне на год, якое я ўжо скарыстала разам з бацькам Міколы. Гэта праз падвойнае шкло, праз краты, за спінаю ў яго стаіць наглядчык, зламаная слухаўка, але галоўнае, што яго пабачыла. Акрамя гэтага яму дазволенае адно тэлефанаванне на месяц, якое трэба яшчэ падзяліць на ўсіх сваякоў, і бандэролька на 2 кг на год. Больш я яму нічым дапамагчы не магу», – кажа Марына Адамовіч.

Пасля візіту папскага нунцыя Мікола Статкевіч беспаспяхова просіць адміністрацыю калоніі пра спатканне з праваслаўным святаром. На момант напісання лістоў такога дазволу палітвязень не атрымаў. Марына Адамовіч распавядае, што ў лісце Статкевіч пісаў, што сустрэча з прадстаўніком пантыфіка была адзінаю за доўгі час магчымасцю паглядзець у акно.

«У іх там малое акенца на столі з кратамі, і яны падчас прагулкі з суседам па чарзе гуляюць там, дзе праз яго часамі свеціць сонца. Астатні час ён бачыць толькі тыя чатыры сцяны», – кажа жонка экс-кандыдата.

Пакараюць за хлеб

Раней Міколу Статкевічу надалі статус злоснага парушальніка за не пазначаную ў спісе асабістых рэчаў насоўку і адсутнасць біркі на форме, якую яму выдалі ў самой калоніі. Гэтым разам пагражаюць пакараць за… падсушванне хлеба.

«Паспрабавалі напалохаць спагнаннем за тое, што я падсушваю чорны хлеб, а не трымаю яго ў пакеце. Хлеб тут выдаюць раніцаю на адзін дзень, адным кавалачкам. Чорны хлеб кепскай якасці, яўна не адпавядае ДАСТу праз вільгаць. Я разразаю яго нажом на лусты і пакідаю адкрытым, каб можна было есці. Звычайна асуджаныя ядуць ад яго толькі коркі», – чытае ўрывак мужавага ліста Марына Адамовіч.

Тым часам калонія не выконвае нават базавых патрабаванняў утрымання вязняў. Спраўна вылічваючы прыкладна палову пенсіі палітзняволенага, яны не выдаюць ні мыла, ні зубной пасты, ні станкоў для галення.

Паводле Марыі Адамовіч, Статкевіч не змяніў свайго стаўлення да сітуацыі ды перакананняў. Ён па-ранейшаму адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні і трымаецца бадзёра, іранізуючы над сітуацыяй у лістах.

Мікола Статкевіч асуджаны на шэсць гадоў турмы нібыта за арганізацыю масавых закалотаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international