Няскораны («загад — адмова — удар, загад — адмова — удар...»)

2012 2012-09-21T16:31:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прапануем чытачам эксклюзіўныя ўрыўкі з дзённіка палітвязня Ігара Аліневіча, напісанага ім у сумнавядомай «амерыканцы» — турме КДБ. Дзённік нам перадала маці зняволенага, Валянціна Аліневіч.

28 лістапада 2010 года, Масква, кафэ гандлёвага цэнтра «У Горбушки», 14.45 на гадзінніку. Выходзім з цэнтра, з усіх бакоў кінуліся 4 цені, схапіўшы пад рукі. Адзін з людзей у чорным супакойвае: «Гэта мы вашым дапамагаем». Хм, гэтыя «нашы» вашы, а не нашы. Бразнулі бранзалеты, запіхнулі ў машыну, шмон па кішэнях, мабіла, кашалёк, плэер... Шапка на вочы, адна машына, пасля другая. Паміж сабой людзі ў чорным не перагаворваюцца, пішуць тэкст на тэлефоне і перадаюць адзін аднаму. Пару прыпынкаў у прыбіральню, глядзіш на поле, лес і здаецца, што гэта сон...

...Мяжа з Беларуссю. Галаву ўціскваюць у падлогу, значыць, аперацыя — нелегальная. Перадача мясцовым у бусік. Маскоўскія кажуць: «Больш такой х... не падкідвайце». «Вядома, за намі доўг, мужыкі», — адказваюць тутэйшыя.

Кранаемся з месца. Пачынаюць з пагрозаў: «Ты зразумеў, што сказаць трэба? Ці заедзем у адно месца для тлумачэнняў?» «Так, зразумеў-зразумеў, — адказваю я, — чаго ўжо тут...» Ага, як жа. Трэба мабілізавацца, засяродзіцца на адной праўдзе: «Не вер, не бойся, не прасі...»

* * *

Заводзяць у кабінет, садзяць на крэсла, тварам у стол, на шыю апусцілася рабро чыёйсьці далоні. Наперадзе самая доўгая ноч у маім жыцці... Бралі зморам. Я засынаў шмат разоў і прачынаўся; як толькі адчувалі стомленасць, адразу ўзмацнялі ціск. У ход ішло ўсё: пагрозы, ліслівасць, шантаж, разважанні пра бессэнсоўнасць барацьбы, сумневы ў бок таварышаў, упор на эгаізм і г.д. Я не ведаў, колькі часу прайшло. Ён перастаў існаваць… «...Закіну ў хату да скінхэдаў! У нас ёсць адмысловая скінхата!.. Ты — прыгажунчык, такіх у турмах любяць... Цябе яшчэ не білі нармальна... Навошта табе гэта? Жыў бы як усе. Яшчэ ёсць магчымасць!.. Ты займаешся каратэ? Ты супярэчыш сваім прынцыпам, бо яно іерархічнае!.. Ты баішся ўзяць, ты — баязлівец!.. Ты сядзеш. Пытанне вырашанае. Толькі вось на пяць ці дзесяць гадоў, вырашаць табе... Я б даў табе 12, не, нават 20 гадоў. Я тэлефаную тваёй бабулі. Хай даведаецца пра цябе ўсё... Табе ніхто не нойме адваката... Нам трэба ведаць толькі адно: хто табе заплаціў?» Я ўключаўся толькі, каб сказаць: «Не ведаю, не быў», і зноў сыходзіў у бяспамяцтва.

* * *

Заводзяць да следчага. Тут жа адвакат. Усё культурна. Уручаецца ордэр на арышт па абвінавачванні ў акцыі ля Акрэсціна. Пачынаецца допыт, на гадзінніку 16.00. У іх лапах ужо суткі. Дазнанне доўжылася 19 гадзін. Нарэшце знялі кайданкі... Гэта чароўнае адчуванне свабоды паварушыць рукамі...

* * *

«...У мяне ёсць пра што з вамі пагаварыць», — сказаў сівы, але моцны палкоўнік з 4-га аддзялення КДБ. З акна самага далёкага кабінета адкрываўся раптоўны від начнога горада, цэнтральнага праспекта Мінска. Не паверу, што пасля камеры на кагосьці гэта не зрабіла б уражання. Так блізка, і так далёка, даўжынёю ў гады... Гарбата, печыва, пернікі, іншая абыходлівасць, як у фільмах.

Тры дні запар размовы да ночы — пра анархічны рух, метады, асабісты выбар, сэнс жыцця і г.д. Палкоўнік цікавіўся такімі рэчамі, як «фінансаванне», «лідары», «замежныя сувязі» — ніхто ўжо не верыць, што людзі могуць нешта рабіць самастойна, з ідэйных меркаванняў. На трэці дзень усё скончылася пытаннем: «А ці могуць анархісты і ўлада ісці разам да светлай будучыні? Ці хацелі б вы стварыць уласную арганізацыю?» Тут, як пстрычка, у памяці ўсплыў фрагмент з «Дзённіка крыніцы» (гісторыя-прызнанне завербаванага КДБ гамельчука Сяргея Гаўрыліна — Т.Ш.), дзе праз такую прапанову і адбылася вярбоўка! «Пасля заканчэння тэрміну я збіраюся заняцца пытаннямі альтэрнатыўнай энергетыкі», — павольна, слова за словам, адчаканіў я. Мой адказ моцна засмуціў палкоўніка... Па дарозе ў камеру ўспомніўся Маякоўскі і яго вялікае «...я лепей у бары блядзям буду падаваць ананасную ваду...»

Чытаць цалкам

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international