7 сьнежня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе адбылося папярэдняе паседжаньне па справе пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”

2006 2006-12-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” і прадстаўнікі Менгарвыканкаму ў Вышэйшым гаспадарчым судзе абмеркавалі ўзаемныя прэтэнзіі. Раней камісія суду адмяніла ўсе папярэднія рашэньні, якія прывялі да масавай галадоўкі вернікаў. Пратэстанты патрабавалі вярнуць ім зямельны ўчастак, прызнаць іхны будынак культавым і дазволіць там набажэнствы. Суд мае разьвязаць канфлікт.

Прадстаўнікі царквы “Новае жыцьцё” і Менгарвыканкаму адказвалі на пытаньні судзьдзі датычна канфлікту, што распачаўся год таму, калі вернікаў спачатку пазбавілі зямельнага надзелу, а потым даслалі пастанову Менгарвыканкаму, згодна з якой ім забаранялася праводзіць набажэнствы ў храме. Гарадзкія чыноўнікі патлумачылі, што будынак (былы калгасны кароўнік) выкарыстоўваецца не адпаведна прызначэньню.

Год цягнулася ліставаньне паміж царквой і Менгарвыканкамам, а таксама судовыя разьбіраньні. За гэты час неаднаразова штрафавалі пастара і адміністратара царквы — за несанкцыянаваныя набажэнствы. У будынку адключылі цяпло і электрычнасьць.

Нарэшце Менскі гаспадарчы суд вырашыў перавесьці будынак вернікаў плошчай 1600 квадратных мэтраў у гарадзкую маёмасьць, ацаніўшы яго на 11 тысяч даляраў. Вернікі не пагадзіліся пакінуць будынак і распачалі галадоўку пратэсту. На 23-я суткі пасьля пачатку галадоўкі наглядная камісія Вышэйшага гаспадарчага суду адмяніла ўсе судовыя рашэньні.

Цяпер канфлікт паміж вернікамі і гарадзкімі ўладамі будзе вырашацца ў вышэйшай інстанцыі. Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў Радыё Свабодзе: “На маё пытаньне: якім чынам, на вашу думку, царква можа карыстацца сваім будынкам без парушэньня заканадаўства? — ён адказаў: “Ніякім”. Сёньня мы падалі ў суд усе неабходныя дакумэнты і спадзяемся, што суд прызнае наша права на нашу маёмасьць у бліжэйшы час”.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч заявіў, што калі і Вышэйшы гаспадарчы суд пазбавіць вернікаў будынку, то яны зноў распачнуць бестэрміновую галадоўку. Да акцыі гатовыя далучыцца новыя людзі.

Рашэньня суду чакаюць напрыканцы году.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства