Сяргей Драздоўскі: на прыкладзе Беларусі можна казаць пра самую сапраўдную дыскрымінацыю інвалідаў

2006 2006-12-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

3 сьнежня ўва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень інвалідаў. Гэты дзень быў устаноўлены ў 1992 годзе Генэральнай асамблеяй ААН.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод інвалідамі ў Беларусі становяцца каля 50 тысяч чалавек. Ад гэтай колькасьці прыблізна 4 тысячы – дзеці. Усяго ў Беларусі жыве звыш паўмільёна інвалідаў, зь іх 30 тысяч – маладыя людзі ва ўзросьце да 18 гадоў. Прадстаўнікі арганізацый, якія абараняюць правы інвалідаў, заяўляюць, што сапраўдная колькасьць людзей з калецтвамі складае 10% ад насельніцтва краіны. Якія рэаліі наканаваныя людзям, што страцілі магчымасьць весьці паўнавартаснае жыцьцё?

Як сьведчаць самі інваліды, выдаткі на жыцьцё ў іх часам нават большыя, чым у здаровых людзей. Вазкі, дарагія лекі і мэдычныя прыстасаваньні, пампэрсы, паслугі сядзелкі – усё гэта каштуе надзвычай дорага. Між тым, пэнсіі бальшыні хапае толькі на аплату камунальных паслугаў. Гаворыць старшыня Цэнтральнага савету асацыяцыі інвалідаў у вазках Сяргей Драздоўскі: “Бальшыня, ня ўсе, канешне, але бальшыня інвалідаў у вазку – гэта маладыя людзі, у якіх не было вялікіх заробкаў да атрыманьня траўмы. Яны альбо вучыліся, альбо працавалі на нейкіх працах, ня вельмі высокааплатных. Таму гэта дзесьці 150 тысяч рублёў на месяц. Стандартная пэнсія, якой хапае на аплату кватэры, тэлефону. Уласна кажучы, усё”.

Многія інваліды маглі б самі зарабляць сабе на жыцьцё. Аднак колькасьць месцаў, дзе задзейнічаныя людзі, якія здольныя перасоўвацца ў вазках, мінімальная. Апроч таго, так званая безбар’ерная прастора, пра стварэньне якой кажуць у зацікаўленых дзяржаўных структурах, насамрэч вельмі абмежаваная. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабодзе сказаў Сяргей Драздоўскі: “Увогуле, калі падагульняць, будуецца вялікая пацёмкінская вёска: фасад прыгожы, але далей – жахі захалусьця. Гэта тычыцца ў тым ліку і Менска. І гэтаму ёсьць маса пацьверджаньняў. Мы нават праводзілі спэцыяльнае дасьледваньне, спрабавалі надрукаваць у дзяржаўных СМІ, але рэдактары адмовіліся яго разьмясьціць. Праведзены з гэтай нагоды экспэрымэнт сьведчыць: па вялікаму рахунку, насамрэч мала каго гэта хвалюе”.

Спадар Драздоўскі кажа, што людзі па некалькі гадоў вымушаныя сядзець ў чатырох сьценах толькі таму, што, прыкладам, дзьверы ліфта не разьлічаныя на шырыню вазка: “Надзвычай складаная рэальнасьць, якую пацьвердзіць вельмі лёгка. То бок, у нас маса фактаў (канкрэтных фактаў, а ня проста голых словаў) насуперак цьверджаньням, што, маўляў, штосьці будуецца ці будзе будавацца. Людзі ня могуць выбрацца з дому па некалькі гадоў! Проста знаходзяцца ў ізаляцыі. У нас ужо назапасілася вялізная маса дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць пагаршэньне сытуацыі, гэта мог бы быць паказальны аналітычны матэрыял. Аднак дзяржаўныя СМІ скрайне не зацікаўленыя ў такога кшталту інфармацыі, а недзяржаўных так мала, што цяжка знайсьці кагосьці зацікаўленага”. Зрэшты, і сам вазок атрымаць – вялікая праблема, большасьць ратуецца толькі дзякуючы гуманітарнай дапамозе, якую аказваюць заходнія дабрачынныя арганізацыі.

Сяргей Драздоўскі наўпрост кажа: на прыкладзе Беларусі можна казаць пра самую сапраўдную дыскрымінацыю інвалідаў. Калі ў 90% выпадкаў чалавек ня можа самастойна выйсьці з дому, ня мае магчымасьці наведаць бальшыню крамаў, грамадзкіх установаў, ня кажучы ўжо пра грамадзкія прыбіральні, калі ён ня можа канкураваць на рынку працы, калі, нарэшце, зь яго меркаваньнем ня лічацца ва ўладных структурах, то называць становішча інакш не выпадае.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international