Адмовіўся ад пашпарта — ва ўнівэрсытэт не паступіш

2012 2012-05-17T17:01:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мікалай Сурба, як і ягоныя бацькі, адмовіўся ад пашпарта з асабістым ідэнтыфікацыйным нумарам. Бяз пашпарта ў яго не прымаюць дакумэнты, каб прайсьці агульнанацыянальнае тэставаньне.

Сам хлопец з журналістам размаўляць засаромеўся, а бацькі Мікалая Сурбы кажуць, што нежаданьне іхнай сям’і атрымліваць пашпарты з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі грунтуецца на тым, што асабісты нумар — гэта нішто іншае, як адмова ад уласнага імя, атрыманага пры хрышчэньні, і прызнаньне ўладарства над сабой нейкай іншай, нябоскай сілы.

З гэтымі аргумэнтамі Сяргей і Алена Сурбы разам са сваімі аднадумцамі хадзілі да міністраў, дэпутатаў, чыноўнікаў, пісалі ў Канстытуцыйны суд, але безвынікова.

Нядаўна ў справе сына Сяргей Сурба зьвяртаўся да міністра адукацыі Аляксандра Маскевіча, тлумачыў яму, што ня пашпарт праходзіць тэставаньне, а чалавек. У сына, паводле Сурбы, на руках ёсьць даведка з аддзяленьня міліцыі, куды ён здаў пашпарт. На яго думку, можна зрабіць запыт у міліцыю, каб пацьвердзіць вартасьць гэтае даведкі.

Сурба: «Мы да гэтае пары чакаем адказу ад міністра Маскевіча. Я ўжо некалькі разоў тэлефанаваў ягонай памочніцы, а яна мне з ухмылкай адказвае: маўляў, вы самі ва ўсім вінаватыя».

Спадарыня Алена распавядае, што паўгода не магла атрымаць законнай пэнсіі, бо з-за адсутнасьці пашпарта ёй адмаўляліся афармляць дакумэнты. Праўда, пазьней усё ж зрабілі гэта на падставе даведкі зь міліцыі, у якой запісана, што пашпарт здадзены. Ейны муж — будаўнік і дагэтуль ня можа заключыць дамову, калі выконвае паслугі. З гэтае прычыны яго нярэдка ашукваюць і ня плацяць за зробленае.

За сына ім вельмі крыўдна, але яны папросту ня ведаюць, што далей рабіць. Спадзяюцца на дапамогу царквы і Бога. Спадарыня Алена кажа, што людзей, якія ў Беларусі адмовіліся ад пашпарта, толькі згодна з афіцыйнай статыстыкай, больш за 800 чалавек, і ўсе яны абмежаваныя ў сваіх правах. Бацькі ўпэўненыя, што сын ня пойдзе назад па пашпарт.

Спадарыня: «Сын наш спартсмэн нядрэнны, мае вышэй за 8 балаў пасьпяховасьць. Ён добры, нармальны хлопец, і цяпер павінен застацца безь нічога. Яму сказалі, што дакумэнты бяз пашпарта ня прымуць».

У камісіі па агульнанацыянальным тэставаньні намесьніца старшыні Аксана Валюк патлумачыла, што згодна з указам прэзыдэнта дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць асобу, могуць быць толькі пашпарт, від на жыхарства, пасьведчаньне ўцекача альбо даведка зь міліцыі пра тое, што дакумэнт быў згублены. У іншым выпадку яны ня могуць прыняць дакумэнты для тэставаньня.

Урэшце Аксана Валюк параіла сям’і Сурбаў, калі яны зьбіраюцца жыць у гэтай краіне і надалей, нягледзячы на свае перакананьні, нечым паступіцца дзеля дзяцей.

Валюк: «Калі яны хочуць, каб дзеці вучыліся далей, ім трэба рабіць пашпарт, інакш яны перакрываюць ім усе шляхі. Яны на працу не ўладкуюцца, нідзе не прапішуцца, нідзе жыць ня змогуць — гэта ж дакумэнт, які пацьвярджае асобу. Ён і за мяжу нікуды ня зможа паехаць. Я наагул не ўяўляю — яны ўсё перакрываюць гэтым дзецям».

Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель дапамагае вернікам кансультацыямі на працягу 5 гадоў. Ён кажа, што ў суседняй Украіне такім людзям выдаюць пашпарт з адзнакай, што яны адмовіліся ад ідэнтыфікацыйнага нумару, і гэта здымае для іх шэраг праблемаў.

Юргель: «Гэтае здушэньне іншадумства — гэта ўсё з нашага мінулага. І зараз у нас чыноўнікі — гэта нашчадкі тых, хто руйнаваў храмы, хто перапісваў людзей пад царквой, перасьледаваў іх за тое, што моляцца. Нашчадкі тых зараз пры ўладзе і робяць усё, каб зьдзекавацца зь людзей».

Праваабаронца Гары Паганяйла, які таксама неаднойчы адстойваў правы вернікаў у самых розных інстанцыях, абапіраючыся на міжнародны вопыт, перакананы, што разьвязаньне гэтай праблемы ляжыць найперш не ў прававой плоскасьці, а ў маральнай.

Паганяйла: «Дзе больш чалавечная ўлада, там яна ідзе насустрач сваім людзям, а тут упіраецца рогам і лічыць, што няма ніякіх падставаў, каб зьмяніць правілы і аблягчыць жыцьцё сваім грамадзянам. Вось і ўсё».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international