Васіль Палякоў абскарджвае ў Камітэце ААН па правах чалавека арышт за Народны сход

2012 2012-05-04T11:57:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vasil_paliakou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні АГП  Васіль Палякоў

Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў

4 траўня намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў звярнуўся са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Палітык лічыць, што беларускія ўлады ў асобе міліцыянераў, якія пакаралі яго арыштам на 5 сутак за арганізацыю Народнага сходу, парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта - права на свабоду распаўсюду інфармацыі і мірных сходаў. Пра гэта паведамляе сайт “Гомельскай Вясны”.

Напярэдадні правядзення Народнага сходу, 9 кастрычніка 2011 года, суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў адміністратыўным арыштам. Васіль Палякоў, які увесь тэрмін зняволення трымаў галадоўку, не пагадзіўся з пастановай раённага суда і абскардзіў яе ў вышэйстаячых інстанцыях – абласным і Вярхоўным судзе. Але скаргі не былі задаволены.

У звароце ў Камітэт ААН палітык нагадвае, што Народны сход праводзіўся менавіта ў адпаведнасці з законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Разам з тым на судзе Васілю Палякову інкрымінавалі парушэнне закону «Аб масавых мерапрыемствах».

«Супрацоўнікі міліцыі не мелі законнага права кваліфікаваць мае дзеянні паводле нормаў закону «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі гэтыя дзеянні па распаўсюду друкаванай прадукцыі з заклікамі да ўдзелу ў мясцовым сходзе рэгулююцца законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Маё права на свабоду правядзення мірных сходаў было абмежавана, а па якой прычыне – ні міліцыя, ні суд мне не патлумачылі», - каментуе Васіль Палякоў.

Ён лічыць, што артыкул 8 закона «Аб масавых мерапрыемствах» абмяжоўвае права на свабоду распаўсюду інфармацыі і не можа адпавядаць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь, паколькі не матываваны інтарэсамі дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, аховай грамадскага парадку, здароўя ці абаронай правоў і свабод іншых асоб.

Васіль Палякоў просіць Камітэт ААН разглядзець яго скаргу, устанавіць факт парушэння з боку дзяржавы яго правоў, гарантаваных артыкуламі 19 і 21 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, і параіць Беларусі прывесці нормы закона «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international