Справаздача па назіраньні за масавым мерапрыемствам 26 красавіка 2012 г. “Чарнобыльскі шлях”

2012 2012-04-27T18:15:00+0300 2016-07-25T12:56:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/charnobylski_shliah.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас мерапрыемства прысутнічала шэсьць назіральнікаў, якія адсочвалі ўсе этапы правядзеньня акцыі.

26 красавіка ў Менску праводзілася традыцыйная акцыя дэмакратычнай апазіцыі “Чарнобыльскі шлях”.  Масавае мерапрыемства ў форме шэсьця і мітынга было дазволенае Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.

Сыходзячы з аналізу анкет назіральнікаў, ПЦ “Вясна” прыходзіць да наступных высноў.

1. Акцыя насіла мірны характар, арганізатары мерапрыемства атрымалі рашэньне мясцовых органаў улады ў адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі.

1.1. Удзельнікі шэсьця паводзілі сабе мірна, не парушалі правілаў дарожнага руху, выконвалі патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі.

1.2. Нягледзячы на мірны характар мерапрыемства, невялікая частка яго ўдзельнікаў адхіліліся ад мірнай хады акцыі, і здзейсьніла гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да  часткі маніфестантаў, якія далучыліся да акцыі пад сымболікай ЛГБТ. Гвалтоўныя дзеяньні насілі картокачасовы характар, лакальны па тэрыторыі, і большасьцю ўдзельнікаў мерапрыемства не былі заўважаныя. Назіральнікі адзначаюць, што дадзены напад носіць супрацьпраўны характар, і з’яўляецца дэманстрацыяй дыскрымінацыі ў дачыненьні да адной з групаў удзельнікаў шэсьця. З свайго боку ПЦ “Вясна” заклікае арганізатараў і ўдзельнікаў масавых акцыяў у будучым устрымлівацца ад любых формаў гвалтоўных дзеяньняў, а таксама любых форм дыскрымінацыі.

2. Колькасьць удзельнікаў мерапрыемства налічвала 1000-1500 чалавек.

3. Назіральнікамі зафіксіраваныя факты прэвентыўных затрыманьняў. Так, незаконна па сфальсіфікаваных абвінавачваньнях у дробным хуліганстве быў затрыманы і асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту дэмакратычны актывіст з Асіповічаў Ігар Сімбіроў. Па аналагічным абвінавачваньні была асуджана на 10 сутак адміністратыўнага арышту актывістка “Маладога Фронту” Наста Шулейка. Таксама напярэдадні акцыі быў затрыманы і маладафронтавец Зьміцер Станкевіч, якога арыштавалі на трое сутак.

4. Супрацоўнікаў праваахоўных органаў назіралася больш чым пры правядзеньні мінулай акцыі апазіцыі 25 сакавіка 2012 г. Падчас шэсьця прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі у фірмовай вопратцы з надпісамі “МІЛІЦЫЯ”, “СПЕЦНАЗ”. У вялікай колькасьці прысутнічалі супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы, асобы, якія вялі відэаназіраньне за ўдзельнікамі шэсьця. Уздоўж калоны маніфестантаў курсіраваў транспарт без апазнавальных знакаў і нумароў.

Трэба адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі паводзілі сабе больш агрэсіўна ў параўнаньні з акцыяй 25 сакавіка 2012 г., хаця наўпрост і не ўмешваліся ў хаду мерапрыемства.

5. Назіральнікамі не зафіксаваныя факты перашкодаў для працы супрацоўнікаў СМІ.

6. Пасьля завяршэньня акцыі было затрымана каля 10 яго ўдзельнікаў. У дачыненьні да Мускага Міхаіла, Васільева Рамана, Дземідзенкі Мікалая, Чурылы Аляксея, Шаўлюкевіча Дзмітрыя былі складзены пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні. У дачынненьні да Мускага і Васільева, Чурылы і Шаўлюкевіча па арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь (дробнае хуліганства). Астатнія затрыманыя былі вызваленыя пасьля ўстанаўленьня іх асобы.

7. Падчас затрыманьня была ўжыта фізічная сіла ў дачыненьні да Мускага і Васільева.

8. Асобна назіральнікі адзначаюць затрыманьне Двараковай Валянціны, у дачыненьні да якой быў складзены пратакол па арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньню масавага мерапрыемства). “Віна” заключалася ў вітаньні з гаўбца сваёй кватэры ўдзельнікаў шэсьця бел-чырвона- белым сьцягам. ПЦ “Вясна” лічыць, што нават па фармальнай прыкмеце ў дзеяньнях Двараковай Валянціны адсутнічае склад адміністратыўнага правапарушэньня, і складаньне такога пратаколу носіць неправавы характар.

9. Ініцыятары мітынгу зноў не маглі забяспечыць мерапрыемства гукаўзмацняльнай апаратурай, якая была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі. ПЦ “Вясна” лічыць такую практыку перашкодай з боку ўладаў ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі, што з’яўляецца незаконымі дзеяньнямі.

Такім чынам, ПЦ “Вясна” адзначае што “Чарнобыльскі шлях” насіў мірны характар, нягледзячы на праявы гвалту з боку невялікай колькасьці яго ўдзельнікаў. Таксама мы адзначаем, што з боку міліцыі мелі месца беспадстаўныя затрыманьні ўдзельнікаў акцыі. Гэта з’яўляецца недапушчальным фактам і сведчыць аб тым, што падчас акцыі незаконна абмяжоўвалася права грамадзян на мірныя сходы.  

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international