Ціск на палітвязняў дзеля прашэнняў пра памілаванне праваабаронцы будуць расцэньваць як катаванні
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч каментуе вызваленне Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, а таксама сітуацыю з перспектывай вызвалення астатніх палітвязняў.
“Мы расцэньваем іх вызваленне як першы крок уладаў Беларусі, які быў зроблены ў выніку рэакцыі Еўрапейскага Саюза на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне. Як нам падаецца, ёсць жаданне ўладаў расцягнуць у часе працэс вызвалення астатніх палітвязняў, і, магчыма, увязаць яго з будучымі парламенцкімі выбарамі.
Нашая пазіцыя ў пытанні палітвязняў застаецца ранейшай.
Па-першае, мы выступаем за неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.
Па-другое, мы выказваем вельмі сур’ёзную занепакоенасць тым, што магчыма аказанне ціску з боку адміністрацый папраўчых установаў на астатніх палітвязняў з мэтай атрымання ад іх прашэнняў пра памілаванне. Як мы ведаем, так было ў мінулым годзе – аказваўся ціск, прамы ці ўскосны, праз іншых вязняў. Мы лічым такую практыку абсалютна недапушчальнай. І ціск такога кшталту мы будзем расцэньваць як катаванні ў дачыненні да людзей, якія па-ранейшаму застаюцца ў пенітэнцыярных установах”.
Нагадаем, пад
ціскам міжнароднай грамадскасці 14 красавіка з калоніі “Віцьба-3” быў вызвалены
экс-кандыдат у прэзідэнты
Андрэй Саннікаў, асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага
рэжыму. 15 красавіка з
магілёўскай калоніі № 15 быў вызвалены каардынатар кампаніі "Еўрапейская
Беларусь", давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, Зміцер
Бандарэнка, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Абодва напісалі прашэнне пра памілаванне на імя прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь.
На сённяшні дзень палітычнымі вязнямі застаюцца 13 чалавек - Мікалай Аўтуховіч, Мікола
Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей
Каваленка, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч,
Арцём Пракапенка, Павел Сырамолатаў.