“Вясна” катэгарычна пратэстуе супраць катаванняў, пагрозаў, шантажу і іншых недапушчальных спосабаў ціску і ўздзеяння на палітвязняў
ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА”
25 студзеня 2012 г.
Мінск
Праваабарончы цэнтр “Вясна” катэгарычна пратэстуе супраць катаванняў, пагрозаў, шантажу і іншых недапушчальных спосабаў ціску і ўздзеяння на палітвязняў.
Асаблівую заклапочанасць выклікае заява жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава -- Ірыны Халіп аб тым, што жыццё зняволенага палітыка знаходзіцца пад пагрозай, у дачыненні да яго ўжываюцца катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Мы ўспрымаем нядопуск адвакатаў да Андрэя Санікава, які меў месца да апошняга часу, як прамое пацверджанне заявы, зробленай жонкай палітвязня.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з разуменнем ставіцца да напісання палітычнымі вязнямі заяваў аб памілаванні, тым больш калі яны напісаныя пад пагрозай ужывання катаванняў у дачыннені да іх саміх ці членаў іх сям’і. Мы падтрымліваем любыя захады, скіраваныя на найхутчэйшае іх вызваленне.
Як фактар дадатковага ціску на палітвязняў мы расцэньваем беспадстаўную і незаконную змену рэжыму адбыцця пакарання Міколу Статкевічу, Мікалаю Аўтуховічу і Яўгену Васьковічу.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе неадкладнага вызваленння ўсіх палітычных вязняў і пакарання вінаватых у грубым парушэнні іх правоў, ужыванні катаванняў і незаконай змене рэжыму адбыцця пакарання.
Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і ўрады дэмакратычных краін ставіць абавязковай умовай аднаўлення любых кантактаў з афіцыйнымі асобамі Беларусі неадкладнае вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітычных зняволеных.