У акцыі салідарнасьці ў Менску, прымеркаванай да гадавіны зьнікненьня апанэнтаў дзейных уладаў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, прыняло ўдзел некалькі тысяч чалавек

2006 2006-09-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор 16 верасьня быў сарваны канцэрт Джынсавага фэсту: падчас выступу рок-гурта "Крама" зьнікла электрычнасьць. Прычына, як заўсёды, банальная - чамусьці "упаў рубільнік".

На гэты раз быў прапанаваны новы
фармат правядзеньня Дня салідарнасьці, бо асноўная маса ўдзельнікаў акцыі – гэта моладзь. Заяўку на правядзеньне “Вялікага джынсавага фэсту” менскія гарадзкія ўлады задаволілі, але без шэсьця па ходніках ад кінатэатра Кастрычнік да плошчы Бангалор, бо нібыта яно будзе замінаць руху аўтамабіляў. Разам з тым было забаронена выкарыстаньне на фэсьце нацыянальнай сімволікі.

А 16-й гадзіне на канцэртнай пляцоўцы пачалі зьбірацца людзі. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі міліцыі зрабілі адпаведныя захады, каб паменшыць колькасьць удзельнікаў акцыі, у разгар фэсту ў ім прыняло удзел каля 10 тысяч чалавек.

Так, па зьвестках Радыё Свабода, 15 верасьня ўвечары пачаліся выклікі ў пракуратуру й міліцыю актывістаў незарэгістраваных арганізацый, такіх як "Малады фронт", а 16 раніцай у рэгіёнах – Жодзіне, Маладэчне, Віцебску і інш. – участковыя міліцыянты абышлі тых людзей, якія ў часе выбарчай кампаніі трапілі ў так званыя чорныя сьпісы, і папярэдзілі іх, каб яны ня ехалі ў Менск.

У Салігорску супрацоўнікі міліцыі адвезьлі ў пастарунак бацьку сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Івана Шылы. Міліцыянты патлумачылі, што ім трэба папросту паразмаўляць з ім, і адвезьлі яго менавіта а 2-й гадзіне, калі той сядаў у машыну, каб зьехаць са сваімі сынамі ў Менск. Не абышлося без затрыманьняў і ў самім Менску. Спачатку супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі некалькі чалавек, якія былі апранутыя ў майкі з лагатыпам "Джынсавы фэст – 16" і адвялі іх ў пастарунак міліцыі Савецкага райаддзелу.

Фэст пачаўся з гучных скандаваньняў “Жыве Беларусь!” і выступаў родзічаў зьніклых апанентаў улады. Адкрыла яго дачка зьніклага палітыка Анатоля Красоўскага Валерыя. На акцыі салідарнасьці выступілі Аляксандар Мілінкевіч, бацька палітзьняволенага Цімафея Дранчука эколаг Валеры Дранчук, журналістка Ірына Халіп, моладзевы лідэр Мікіта Сасім, былы палітзьняволены і лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, каардынатар Моладзі БНФ Алесь Каліта, кінарэжысёр Юры Хвашчавацкі. Былі зачытаныя лісты жонкі Віктара Ганчара і прывітальны ліст Зьміцера Дашкевіча «Джынсаваму фэсту», які ён перадаў праз сяброў з-за кратаў. На фэст дазваніўся "хімік" Артур Фінкевіч, яукі перадаў вітаньні сабраным. Яму зладзілі авацыю. Аляксандар Мілінкевіч заклікаў усіх прысутных пайсьці і запаліць сьвечкі на Кастрычніцкай плошчы.

На сцэне арганізатары прымацавалі партрэты зьніклых апанентаў улады і паставілі сімвалічны намёт, які напамін аб сакавіцкіх падзеях на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Недахоп нацыянальнай сімволікі быў кампенсавана ўзьнятымі над галовамі джынсавымі кашулямі, а таксама афіцыйнымі сьцягамі гораду Менску і Эўразьвязу. Бел-чырвона-белыя сьцягі моладзь насіла на сваіх плячах, як аздабленьне вопраткі, былі разгорнутыя бел-чырвона-белыя парасоны.



Некалькіх удзельнікаў акцыі затрымалі пасьля яе заканчэньня па дарозе з плошчы Бангалор на Кастрычніцкую плошчу, некаторых трымалі ў аддзеле міліцыі да самай раніцы. Акторка "Свободного театра" Яна Русакевіч, актывіст Міхась Шарамет былі затрыманыя, калі вярталіся дахаты. Таксама затрыманыя Дзяніс Нібійка і Ліля Балтоўская каля 12 гадзінаў правялі ў Цэнтральным РУУС Мінска, на моладзевага актывсіта Міхася Субача, дастаўленага ў Савецкі РУУС, складзены пратакол па арт. 156 КаАП – «дробнае хуліганства».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international