Навіны палітвязняў ад Свабоды

2012 2012-02-18T18:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Андрэю Саньнікаву ў Віцебскай калёніі знайшлі працу. У Мікалая Аўтуховіча ў выніку перанесенага стрэсу рэзка пагоршыўся зрок. Мікалай Статкевіч спадзяецца на хуткае вызваленьне Андрэя Саньнікава і Алеся Бяляцкага. Зьмітру Бандарэнку забаранілі пазваніць дамоў без тлумачэньня прычын. Прывітаньне ад Эдуарда Лобава прыйшло празь ягонага сябра ў калёніі.

Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена зь ліста ад мужа даведалася пра новую праблему зь ягоным здароўем: у Мікалая рэзка пагоршыўся зрок. Верагодная прычына — стрэс, перанесены ў Івацэвіцкай калёніі, дзе Аўттуховічу давялося рэзаць вены каб абараніць свой гонар. У выніку зараз Мікалай дрэнна бачыць, вязень ня можа чытаць, бо яму ўжо не падыходзяць старыя акуляры, а набыць новыя ў турме немагчыма.

Алена Аўтуховіч: «Добра, што яшчэ афтальмоляг яго агледзеў і вызначыў, якія яму патрэбны акуляры. Пакуль падабраў нешта блізкае ў сукамэрніка і ягонымі час ад часу карыстаецца. І то лепш, чым нічога, як было ў Івацэвічах — навобмацак усё рабіць даводзілася. Да яго я змагу паехаць, каб перадаць новыя акуляры, толькі праз паўгода. Раней не даюць спатканьня».

Мікалая Аўтуховіча, які пакараны на 5,5 году калёніі, утрымліваюць у гарадзенскай турме як злоснага парушальніка турэмных парадкаў.

Другі «злосны парушальнік», былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, якога трымаюць у Магілёўскай «крытай» турме, даслаў жонцы ліст, зь якога вынікае, што Статкевіч абазнаны ў сытуацыі вакол іншых палітвязьняў.

«Вельмі перажывае за Саньнікава, просіць перадаваць прывітаньне яму і Дзьмітрыю Дашкевічу. Ён спадзяецца, што ўсё ж такі Андрэя Саньнікава выпусьцяць, а другім можа быць Алесь Бяляцкі. Гэта ягоныя спадзяваньні».

Пра сябе Мікалай Статкевіч напісаў мала, кажа Марына Адамовіч:

«У яго заўсёды ўсё добра. Ён піша, што і сэрца яго ўжо амаль не турбуе, хіба што

1-2 разы на тыдзень (гэта ў яго арытмія), і дыхаць ёсьць чым, і прагулкі ён усе скарыстоўвае да апошняй хвіліны».

Ад Андрэя Саньнікава сваякі атрымалі некалькі кароткіх лістоў, у якіх, аднак, мала зьвестак менавіта пра самога аўтара. Не пусьцілі на сустрэчу з Саньнікавым і ягонага адваката. Абаронцу сказалі, што Саньнікаў працуе на вытворчасьці.

Ірына Халіп: «Рукавіцы шые. Як Хадаркоўскі ў Краснакаменску. У наваполацкай калёніі зьбіваў скрыні, а тут шые рукавіцы».

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка даслаў ліст, у якім патлумачыў, чаму не пазваніў мінулым разам дамоў.
«Напісаў, што літаральна за хвіліну да таго, як трэба было ісьці званіць, яго спынілі і сказалі, што званок адмяняецца, а чаму — не сказалі», — паведаміла жонка вязьня Вольга Бандарэнка.

Ці зьмянілася абстаноўка вакол Зьмітра пасьля таго, як ён падпісаў прашэньне аб памілаваньні, зь лістоў незразумела. «Быццам усё па-ранейшаму», — кажа Вольга. А вось здароўе мужа яе непакоіць — яно пагоршала:

«Баліць паясьніца, і гэта яго непакоіць. Пасьля апэрацыі нага ў яго як балела, гэтак і баліць, але боль у паясьніцы часова зьнікла. А цяпер аднавілася. І гэта вельмі дрэнна».

Маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава Марына зноў не атрымала ад яго лістоў, як не было на гэтым тыдні і званку ад сына. Аднак прывітаньне ёй ад сына перадала маці вязьня Аляксандра Францкевіча, актывіста анархісцкага руху, якога таксама трымаюць у івацэвіцкай калёніі.

«Добра, што хоць гэтак дае знак, што ўсё нармальна, — кажа Марына Лобава і дадае: — Ва ўсякім разе, калі параўноўваць з Саньнікавым ці Дашкевічам, то быццам нармальна».

На гэтым тыдні стала вядома, што Зьмітра Дашкевіча ў глыбоцкай калёніі пакаралі карцэрам. Зьвестак адтуль ад палітвязьня няма.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international