viasna on patreon

Жыхар Гомеля апраўданы судом, але застаецца ў «чорных спісах» злачынцаў

2012 2012-01-17T16:26:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У жыхара Гомеля, былога псіхіятра Яўгена Дзедушкіна лёс, у які нахабна ўмяшалася беларускае правасуддзе, склаўся так, што ён, прызнаны без віны вінаватым, адседзеў у турме па абвінавачванню ў падпалах, а праз тры гады быў цалкам апраўданы судом. Але на гэтым яго няшчасці не скончыліся. Былы псіхіятр нават праз 9 месяцаў пасля апраўдальнага рашэння суду знаходзіўся ў спісах невыяздных і за свайго «цёмнага» мінулага не можа нідзе ўладкавацца на працу.

У снежні Яўгену Дзедушкіну не далі перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, зняўшы яго з аўтобуса. Грамадзянін збіраўся трапіць у Вільню, а адтуль паляцець на самалёце ў Брусэль. «У мяне быў квіток на самалёт, за 120 еўра, за квіток да Вільні я заплаціў 117 тысяч рублёў, і вось памежнікі кажуць, што мне забаронены выезд! На той падставе, што я нібыта знаходжуся пад крымінальнай адказнасцю. Я даводжу, што яшчэ вясной 2011 года мяне цалкам апраўдаў суд, але мне не дазваляюць перасекчы мяжу – маўляў, я у спісах, і кропка», - распавядаў Яўген Дзедушкін. Ён быў вымушаны вярнуцца ў Гомель, і тут жа звярнуўся ў Чыгуначны РАУС, па месцы жыхарства, каб даведацца – на якой падставе ён з'яўляецца невыяздным. У аддзеле міліцыі праглядзелі спісы і кажуць, што, маўляў, так, забаронены выезд, бо чалавек быў асуджаны за злачынства. А на словы Яўгена Дзедушкіна, што ён ужо 9 месяцаў як апраўданы, і ўсе абвінавачванні з яго знялі, у міліцыі адказалі – гэта вашы праблемы. На афіцыйны запыт грамадзяніну адказалі, што орган, які вёў следства, павінен быў паведаміць па месцы рэгістрацыі, што чалавек апраўданы, але не зрабіў гэтага. «І таксама афіцыйны адказ такі – ніхто не вінаваты, з суду не паступіла паперка ці паступіла, ці яе ніхто не разглядаў, і таму крайніх тут не знойдзеш, хаця па закону паперы павінны былі прыйсці ў тэрмін, і мяне тут жа, неадкладна, павінны былі зняць з дадзенага ўліку як невыязднога», - даводзіць гамяльчанін. Праўда, ён атрымаў новы адказ, што толькі 27 снежня 2011 года яго прозвішча ўсе-такі выкраслілі з базы невыяздных, хаця павінны былі гэта зрабіць яшчэ 9 месяцаў таму.

Але і на гэтым «прыгоды» Яўгена Дзедушкіна не скончыліся. «Недзе па розных базах, дакументах пазначана, што я – судзімы, хоць ў рэальнасці апраўданы. І таму ні на якую працу мяне не бяруць, прычым ні ў якую сферу. Па спецыяльнасці спрабаваў уладкавацца, спачатку згадзіліся, але потым адмовілі. Пайшоў і ў дзяржаўныя, і ў прыватныя структуры. Здаецца, усе добра, абяцаюць даць працу, але потым кажуць, што мяне праверыць служба асабістай бяспекі, потым мне кажуць, што, маўляў, вы судзімы, і – чарговая адмова», - тлумачыць грамадзянін.

Так ён спрабаваў атрымаць працу ў васьмі месцах, але безвынікова. Былая судзімасць усім мазоліць вочы. А пра тое, што чалавек быў апраўданы, то бок незаконна асуджаны – ніхто не хоча і чуць.

«Я лічу, што гэта помста з боку праваахоўных органаў. Калі я ва ўсіх інстанцыях дабіваўся перагляду справы, мне намякалі, што мы табе адпомсцім. Вось так і адпомсцілі – і за мяжу не пусцілі неправамерна, і на працу нікуды не магу ўладкавацца на той падставе, што судзімы, і ўсе. Як быццам атрымаў такое кляймо. Хоць і апраўдалі, але пакінулі ў чорным спісе», - дадае суразмоўца.

Нагадаем, толькі пасля трох гадоў следства, шматлікіх судовых паседжаняў гомельскі псіхіятр Яўген Дзедушкін дабіўся перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання, страціўшы гады жыцця, здароўе, сталую працу і рэпутацыю. Гісторыя гэта пачалася летам 2008 года ў Гомелі. Нехта невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Прыязджалі выратавальнікі, міліцыя, але падпальшчык затрыманы не быў. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр Яўген Дзедушкін. Ён жыў побач з месцам здарэння, таму, здавалася б, нічога дзіўнага не было ў тым, што, ўбачыўшы зарава, малады чалавек апынуўся на месцы здарэння. Бяда яго была ў тым, што на момант пажараў ён быў выпіўшы, і міліцыя забрала маладога чалавека. Праз некалькі дзён у мясцовай прэсе прайшло паведамленне, што за падпалы затрыманы «псіхіятр-піраман». Кіраўніцтва абласной псіхіятрычнай бальніцы тэрмінова пазбавілася «злачынцы», звольніўшы Дзедушкіна з працы.

А суд прызнаў урача вінаватым у падпалах, хоць і не было фактычна ніякіх доказаў віны, і пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады.

24 сакавіка судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачванні. Летам Вярхоўны суд пацвердзіў, што Яўген Дзедушкін — цалкам невінаваты ў падпалах, ён іх не здзяйсняў. Між тым, ніхто не адказаў за тыя гады, якія нявінны чалавек правёў у турме. А чалавек тым часам усе роўна застаецца ў «чорных» спісах злачынцаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства