Афіцэр беларускай міліцыі Павал Мялько дае інтэрвю Радыё Палёніі з-за мяжы

2006 2006-07-31T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні спакойны правінцыяльны гарадок Воранава, што ў Гарадзенскай вобласьці Беларусі, стаў вядомы ня толькі ў краіне, але й за мяжою. Родны горад праславіў малады афіцэр міліцыі, супрацоўнік Воранаўскага РАУС Павал Мялько. Пакінуўшы Беларусь, ён апублікаваў адкрыты ліст, у якім абвінаваціў беларускае кіраўніцтва ў грубым парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыі выбараў і палітычных забойствах.

На дадзены момант Павал пражывае ў адной з краін Эўрапейскага Зьвязу. Радыё Палёнія ўдалося ўстанавіць кантакт з уцекачом і задаць некалькі пытаньняў. Варта нагадаць, што гэта эксклюзіўнае інтэрвію Паўла Мялько  Радыё Палёнія зьяўляецца першым СМІ, зь якім гутарыў афіцэр.

Радыё Палёнія:Чаму Вы вырашылі зьдзейсьніць такі крок?

Гэта, па-першае, абумоўлена той палітычнай сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі. Яна датычыць поўнага парушэньня правоў чалавека. Па-другое, Лукашэнка фактычна ўзурпаваў у сваіх руках усе галіны ўлады, і самастойна народ ня можа памяняць улады шляхам празрыстых дэмакратычных выбараў.

Радыё Палёнія: Як Вам удалося пакінуць Беларусь і празь якія краіны Вы выяжджалі за мяжу? Як вядома, афіцэр беларускай міліцыі патрабуе дазволу на выезд за мяжу.

-- Я б хацеў на гэтае пытаньне не адказваць...

Радыё Палёнія: А ў агульных рысах?

-- Я магу сказаць, што, канешне, сёньняшняя палітыка Беларусі  гэта палітыка зачыненых дзьвярэй. Улада стрымлівае сваіх грамадзян, для прыкладу, пры дапамозе таго ж штампу. Гэтае ж самае датычыла й мяне  мне вельмі цяжка было атрымаць штамп на выезд за мяжу.

Радыё Палёнія: Ці даўно паявілася ідэя пакінуць Беларусь? Ці гэта было спантаннае рашэньне?

-- Хутчэй за ўсё гэта было спантаннае рашэньне.

Радыё Палёнія: Вы выехалі зь сямёю ці адзін?

-- Так. Я выехаў зь сямёю.

Радыё Палёнія: Ці родныя, бацькі й сваякі ведалі пра Ваш выезд?

-- Не, яны ня ведалі.

Радыё Палёнія: А якія пляны на будучыню? Ці валодаеце Вы замежнымі мовамі?

-- Я крыху ведаю польскую мову, ангельскую таксама. Цяпер я займаюся вывучэньнем ангельскай мовы.

Радыё Палёнія: Ці плянуеце заняцца палітычнай дзейнасьцю?

-- На дадзены момант я не магу сказаць, але ў будучыні не выключаю такой магчымасьці.

Радыё Палёнія: Як жывецца за мяжою? Ці Вы атрымалі нейкую падтрымку ад сяброў, знаёмых альбо арганізацый? Ці цяжка Вам і Вашай сямі?

-- У прынцыпе, жыць тут нармальна. Нейкай асобнай дапамогі я не атрымліваў. Мяне толькі адно радуе  тое, што правы й свабоды людзей у краіне, дзе я жыву, намнога большыя, чым у Беларусі. Я быў у іншых краінах, у тым ліку з абмежаванай дэмакратыяй, але з такім парушэньнем правоў чалавека, як у Беларусі, не сутыкаўся. А тут, дзе я жыву, магу спакойна выйсьці з плякатам і выказаць сваё палітычнае меркаваньне.

Радыё Палёнія: Ці ёсьць пэрспэктывы на працу? Канешне, не ў праваахоўных ворганах, а на нармальную працу, дзякуючы якой можна ўтрымаць сямю?

-- Да дадзены момант, я думаю, ёсьць. У кожным выпадку будуць.

Радыё Палёнія: Ці ўдалося ўсталяваць адносіны зь мясцовымі беларусамі, якія пражываюць у гэтай краіне?

-- Так. У мяне ёсьць знаёмыя. У прынцыпе, думаем нават сабрацца й арганізаваць ячэйку беларускай дыяспары ў мясцовасьці, дзе я знаходжуся.

Радыё Палёнія: А ці шкада нечага, пакінутага ў Беларусі?

-- Гэта, канешне, родныя й блізкія, якія засталіся ў краіне. Па-першае... Ну, а па-другое, вельмі хочацца нешта рабіць для беларускага народу, які, як я ўжо казаў, самастойна ня можа памяняць рэжым. Сам народ, канешне, таксама шкада.

Радыё Палёнія: І апошняе пытаньне. Яно, магчыма, мае асабісты характар, але я яго павінен задаць: ці не баіцеся Вы помсты беларускіх спэцслужбаў?

-- Я не баюся й пра гэта адкрыта заяўляю. Я ведаю, што маіх бацькоў вызывалі ў КДБ і міліцыю. Такім чынам мяне яны шукаюць. Я хачу запэўніць, што калі яны працягнуць перасьледаваць маю сямю й сваякоў, я падам у міжнародныя інстытуты канкрэтныя прозьвішчы супрацоўнікаў, якія гэтым займаюцца.

Суразмоўцам Беларускай службы Радыё Палёнія быў афіцэр беларускай міліцыі Павал Мялько, які пакінуў Беларусь і на дадзены момант знаходзіцца ў адной з краін Эўрапейскага Зьвязу. Ён зьяўляецца чацьвёртым па ліку супрацоўнікам сілавых ведамстваў, які ўцёк зь Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international