viasna on patreon

Зьняволены Аляксандар Казулін адмовіўся ад турэмнага харчаваньня

2006 2006-06-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандар Казулін адмовіўся ад турэмнай ежы найперш з прычыны яе дрэннай якасьці. Пра гэта Радыё Свабодзе паведаміў адвакат палітыка Ігар Рынкевіч: "Адна з “фірмовых” страваў там — гэта кіслая капуста з кансэрвамі, што называюць шчамі, ці супам. Але гэта проста немагчыма есьці. Прычым, гэта ня толькі так Казулін разважае, а шмат хто са зьняволеных. У турме болей за сто чалавек знаходзяцца на дыетычным харчаваньні, але Казуліну і ў гэтым адмовілі".
Паводле Ігара Рынкевіча, Аляксандар Казулін пачаў паступова адмаўляцца ад турэмнай ежы яшчэ некалькі тыдняў таму. Спачатку адмовіўся ад вячэры, потым ад абеду, а цяпер вырашыў адмовіцца і ад сьняданку. Палітык кажа, што яму дастаткова тых харчоў, якія перадаюць з волі сваякі.
Закон дазваляе перадаваць у сьледчы ізалятар да 30 кіляграмаў прадуктаў штомесяц. Нядаўна ў Жодзінскай турме дазволілі перадаваць вязьням зеляніну.
Вось што адказаў дзяжурны Жодзінскай турмы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці каштаваў ён турэмную ежу і як ацэньвае яе якасьць: "Гэтую ежу? А нам забаронена яе есьці. Прыяжджайце да начальніка, задасьце яму гэтае пытаньне".

Пасьля сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў у Жодзінскай турме адседзела некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыяў пратэсту. Усе яны вельмі нізка ацэньвалі якасьць ежы ў гэтай турэмнай установе.
Але, паводле адваката Ігара Рынкевіча, Аляксандар Казулін вырашыў адмовіцца ад турэмнай ежы ня толькі з-за яе якасьці: "Зразумела, што чалавек таксама гарантаваў сваю бясьпеку і ад нейкіх непажаданых харчоў, якія яму могуць падкінуць".

Аляксандра Казуліна трымаюць у Жодзінскай турме з 25 сакавіка. Яго абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі беспарадкаў. Палітык лічыць, што яго перасьледуюць за апазіцыйную дзейнасьць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства