КОЛАСАЎСКІ ЛІЦЭЙ ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

2003 2003-05-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Нацыянальным Дзяржаўным Гуманітарным Ліцэі імя Якуба Коласа пераварот. На тэрмінова скліканай педнарадзе намеснік дырэктара Уладзімір Колас паведаміў, што яго адпраўляюць у адстаўку. Вядома і імя магчымага дырэктара — Таццяна Шчэрбачэвіч. Нікому невядомая асоба, працавала раней дырэктарам школы, загадчыкам метадычнага аддзела. Нават у Міністэрстве Адукацыі не змаглі пэўна адказаць, “Who is missis Scherbachevich?” Кандыдатка незнаёмая з ліцэйскімі праграмамі, з ліцэйскай сістэмай навучання. Выкладчыкі і навучэнцы ў разгубленасці. Пяць гадоў таму, калі Ліцэй гвалтам выганялі з гістарычнага будынка на Кірава, 21, навучэнцы з бацькамі выйшлі на страйк, збіралі подпісы, звярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі. Тады грамадскі рэзананс стаўся гэткім вялікім, што справу заціхамірылі.
У 1998 годзе дырэктар Уладзімір Колас пайшоў на кампраміс і, каб уратаваць Ліцэй, панізіў свой статус да намесніка. Апошнія пяць гадоў пасада дырэктара афіцыйна была вакантнай. Ліцэям кіравалі тры намеснікі: Уладзімір Колас, Лявон Баршчэўскі ды Ірына Сідарэнка.
Хоць Ліцэю ніколі не дыхалася спакойна, такога павароту падзей не чакалі. Зусім нядаўна Ліцэй ледзь не далучылі да Пэдунівсітэту імя Максіма Танка. Пагражала гэта не толькі зменай кіраўніцтва, але й “чысткай кадраў”, карэктыроўкай навучальных праграм, увядзеннем двухмоўя.
У цяперашняй сітуацыі, на думку Уладзіміра Коласа, апошняе слова павінна быць за выкладчыцкім саставам Ліцэя. Сам ён кажа, што прыме волю калегаў. Але пры гвалтоўным стаўленні новага дырэктара Колас сыйдзе.
Навучэнцы баяцца, што выкладчыкі могуць у знак салідарнасці калектывам сыйсці з Ліцэя. Але гэта — малаверагодны варыянт. Хутчэй за ўсё, барацьба будзе ісці да апошняга. Бо змена кіраўніцтва азначае, што Ліцэй у цяперашнім выглядзе папросту спыніць сваё існаванне. Бо дзеці, якія навучаюцца тут, ішлі вучыцца ў ТОЙ Ліцэй.
Людзі дасведчаныя звязваюць гэтыя падзеі з грамадскай дзейнасцю У.Коласа, ягоным удзелам у арганізацыі Сходу інтэлігенцыі.
Сітуацыя такая, што унікальная установа, якая цягам 11 год стабільна “пастаўляе” краіне інтэлігенцыю, аказалася перад небяспекай знікнення.

Г. Л.

Кантактны тэлефон 8-029-6459119, Глеб

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international