12 траўня ў Баранавічах быў абвешчаны прысуд аднаму зь лідэраў маладзёвага руху Мікіту Сасіму. Яго прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад вайсковай службы і пакаралі арыштам на тры месяцы

2006 2006-05-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прысуд вынес судзьдзя Канстанцін Чаркун па арт. 435 КК РБ. Сваю віну Мікіта Сасім прызнаваў часткова, бо ад вайсковай службы не ўхіляўся, паколькі знаходзіўся на абсьледваньні пасьля сатрасеньня мозгу ў выніку разгону дэманстрацыі. Па позвах жа ў ваенкамат ён зьяўляўся і адзначаўся, а перасьлед тлумачыць палітычнымі прычынамі.
Юрыст Валянцін Стэфановіч каментуе прысуд Мікіты Сасіма: "У сьнежні месяцы 2005 году ваенкамат г. Баранавічы ўжо накіроўваў матэрыялы па справе ўхіленьня Мікіты Сасіма ад мерапрыемстваў, зьвязаных з прызывам на вайсковую службу, на праверку ў ГАУС, але ў выніку праверкі ва ўзбуджэньні крымінальнай справе было адмоўлена. І раптам літаральна праз два месяцы, перад выбарамі, узбуджаецца крымінальная справа па гэтым артыкуле КК. Пасьля таго, як хлопцу выразалі апендыцыт, на другі дзень яго фактычна выцягнулі з бальнічнага ложка супрацоўнікі крымінальнага вышуку і завезьлі з Мінску ў Баранавічы, а пасьля бальніцы змясьцілі ў СІЗА. На судзе высьветліўся шэраг недакладнасьцяў з боку абвінавачваньня, былі паблытаны даты, што дало падставу адвакату прасіць спыніць справу. Пры гэтым медыкі да Сасіма ніякіх прэтэнзіяў ня маюць, ён праходзіў усе абследваньні, дакументы накіраваныя ў ваенкамат. Акрамя таго канчатковага рашэньня аб тым, ці годны Мікіта Сасім да вайсковай службы, яшчэ не прынятае. Нават калі б і былі падставы, то фармальна ўсё можна было аформіць адміністратыўнай справай, бо ёсьць такі арт. 190.7 КаАП, дзе за неяўку прадугледжаны штраф ад 2 да 3 базавых велічыняў. Адсюль вынікае, што ўся гэтая справа зьвязаная ў першую чаргу з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй Мікіты Сасіма і ягонай ізаляцыяй уладамі напярэдадні выбараў, пра што я ўжо казаў і раней. Паколькі моладзевы лідар ужо аказаўся ў СІЗА, то чакаць апраўдаўчага прысуду не выпадала, таму што ў нашай краіне выносіцца 98% абвінаваўчых прысудаў. Па гэтым артыкуле прадугледжаны арышт да 6 месяцаў, Мікіту далі 3 месяцы. З улікам таго, што ён ужо адседзеў амаль 2 месяцы, застаўся месяц".

Арганізацыя "Міжнародная амністыя" заявіла напярэдадні, што прызнае Мікіту Сасіма вязьнем сумленьня, калі ён будзе асуджаны.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international