viasna on patreon

У Гомелі Аксана Сергіенка – маладзёвая актывістка, якая была арыштаваная за распаўсюд улётак – аб’явіла галадоўку

2006 2006-05-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міліцыя затрымала Аксану 1 траўня за тое, што яна на вуліцы раздавала ўлёткі. Ва ўлётках гаварылася, што прымусовая кантрактная сыстэма парушае правы працоўных. У пратаколе напісалі, што дзяўчына "хуліганіла", "не выконвала патрабаваньні работнікаў міліцыі", і што ўлёткі не мелі выдавецкіх дадзеных.

У дзень суда - ў суботу 6 траўня - Аксана папрасіла родных і сяброў не прыносіць ёй перадачы, калі яна будзе пакараная арыштам. 10 траўня (пасьля таго, як закончыліся непрацоўныя дні) бацька Аксаны, а таксама Юрый Глушакоў, дэпутат Гомельскага гарадзкога Савета дэпутатаў, пабывалі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, што знаходзіцца на вуліцы Барысенкі, 20. Супрацоўнікі гэтай установы вярнулі ўсё, што бацька спрабаваў перадаць дачцэ (у тым ліку мінэральную ваду), і паказалі яму заяву Аксаны пра адмову ад перадач; а ў Ю. Глушакова нічога не прынялі і паведамілі яму, што Аксана аб’явіла галадоўку.

Перад абвяшчэньнем прысуду Аксана сказала карэспандэнту belngo.info, што на яе меркаваньне, суд разглядаў справу неаб’ектыўна. Суддзя Марына Тамненка нават зь міліцэйскіх паказаньняў слухала толькі сьведчаньні супраць Аксаны: напрыклад, не было ўлічанае паказаньне аднаго зь міліцыянтаў аб тым, што ён не чуў, каб Аксана "нецэнзурна лаялася".

20-гадовая Аксана – майстар спорту, неаднойчы прадстаўляла Беларусь на міжнародных спаборніцтвах за мяжой. У сакавіку дзяўчына ўжо была арыштаваная ў Менску на 4 сутак за тое, што ўзяла ўдзел у намётавым лягеры на цэнтральнай плошчы. Цяперашні арышт – на 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства