5 траўня ў Вярхоўным судзе для запатрабаваньня неабходных дакумeнтаў на нявызначаны тэрмін прыпынена слуханьне грамадзянскай справы аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня "Саюз беларускіх пісьменьнікаў" (СБП), ініцыяванага Міністэрствам юстыцыі.

2006 2006-05-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Такое рашэньне прыняў судзьдзя Ігар Мільто пасля задавальненьня хадайніцтваў, вылучаных бакамі падчас працэсу, паведаміла радыё Свабода.

Гэтым разам у судзе выступілі сьведкі правядзеньня ў кавярні Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Міністэрства юстыцыі заяўляе, што форум быў арганізаваны кіраўніцтвам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. І гэта ёсьць адной з асноўных падставаў для ліквідацыі арганізацыі. Аднак намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк заявіў у судзе, што ніякага дачыненьня да партыйнага зьезду грамадзкая супольнасьць ня мае. Беспадстаўнымі закіды Міністэрства назваў і прысутны на судзе перакладчык і навуковец Лявон Баршчэўскі: "Міністэрства юстыцыі села ў лужыну. Бо відочна, што справа абсалютна высмактана з пальца. Чыноўнікам, якія рыхтавалі гэты пазоў, ня месца ў Міністэрстве юстыцыі. Я думаю, калі будзе наўпроставы загад зьверху, то рашэньне можа быць любое. Але здаровы сэнс падказвае, што няма падстаў для ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня".

Нагадваем: Міністэрства юстыцыі называе некалькі прычынаў, якія, на думку чыноўнікаў, ёсьць падставай для ліквідацыі грамадзкай арганізацыі. У тым ліку, часовая адсутнасьць арыгіналу статуту, неадпаведная форма пячаткі й афіцыйных блянкаў, фігураваньне герба "Пагоня" на шыльдзе перад службовым уваходам у будынак Дому літаратара. Аднак усе гэтыя закіды прадстаўнікі пісьменьніцкай арганізацыі аспрэчваюць у судзе. Гаворыць намесьнік старшыні СБП Барыс Пятровіч: "Наконт пячаткі, наконт статуту, наконт бланкаў і наконт зьезду вінавачаньні практычна адпалі. Больш за тое, калі мы на папярэднім паседжаньні былі, дык зрабілі заўвагу: на нумарках, якіх нам выдалі ў камэры захоўваньня ў Вярхоўным судзе, было пазначана, што гэта Вярхоўны суд БССР. Сёньня, як бачыце, яны замянілі гэтыя нумаркі. А якое ўрэшце рэшт суд прыме рашэньне — гэта ўжо справа суду. Але вы бачыце: папраўдзе разглядаецца не грамадзянская справа, а палітычная".

Падтрымаць кіраўніцтва пісьменьніцкай арганізацыі па-ранейшаму прыходзяць шэраг вядомых пісьменьнікаў, прадстаўнікі іншых грамадзкіх арганізацыяў і журналісты. Судовыя слуханьні будуць прадоўжаны.

Варта ўзнавіць найбольш значныя падзеі, датычныя гэтае справы: 2 сакавіка гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта пра высяленьне кіраўніцтва Саюзу з Дому літаратара, а таксама пра сплату арэнднай сумы — 55-ці мільёнаў рублёў. Раней, у 1997 годзе, Дом літаратара быў пераведзены з падпарадкаваньня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ва ўласнасьць прэзыдэнцкай адміністрацыі. Пасьля стварэньня яшчэ адной пісьменьніцкай суполкі — на чале з Мікалаем Чаргінцом — у 2005 годзе пра выхад з СПБ заявілі каля 70 літаратараў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international