viasna on patreon

Станіслаў Шушкевіч не змог зьявіцца па павестцы ва ўпраўленьне міліцыі Першамайскага раёну, куды быў выкліканы пасьля першамайскай акцыі

2006 2006-05-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

3 траўня згодна з позвай былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч павінен прыйсьці ва ўпраўленьне міліцыі Першамайскага раёну для складаньня пратаколу за нібыта парушэньне грамадзкага парадку ў часе масавага мерапрыемства. Меркавалася, што пасьля гэтага палітыка адвязуць у суд, паведаміла радыё Свабода.

Пасьля заканчэньня першатравеньскай акцыі, міліцыянты заблакавалі на дарозе машыну Станіслава Шушкевіча і прымусілі яго выйсьці, уручыўшы позву ў міліцыю. Яны патлумачылі, што там палітык мусіць даць тлумачэньні наконт удзелу ў акцыі 1 траўня.

Нагадаем: больш за тысячу чалавек сабраліся 1 траўня каля Акадэміі Навук. Міліцыянты праз гукаўзмацняльнікі патрабавалі, каб усе разыйшліся. Людзям прапаноўвалі сабрацца ў парку Дружбы народаў. Станіслаў Шушкевіч заклікаў усіх пайсьці туды шэсьцем. Да яго адразу падышлі міліцыянты і папярэдзілі, што ён парушае грамадзкі парадак. Палітык адказаў ім, што мае права хадзіць у сваім горадзе па тых вуліцах, па якіх сам пажадае.

Станіслаў Шушкевіч знаходзіцца ў Вільні, таму ў міліцыю не зьявіўся. Ён патлумачыў радыё Свабода: "Быў запрошаны Мілінкевіч на нараду высокага ўзроўню, а тут яго пасадзілі ў турму, і мае ўсе калегі казалі мне, што я абавязкова павінен ехаць у Вільню. Я кажу, што мяне запрасілі ў міліцыю, а яны кажуць: "Ну, нічога. Яны пачакаюць. Вы едзьце". Ну, я і паехаў. Яны мяне накіравалі на канфэрэнцыю".

У турме на Акрэсьціна за ўдзел у Чарнобыльскім шляху адбываюць арышты Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў і Зьміцер Дашкевіч. Спачатку палітвязьняў трымалі ў адной камэры, а потым паасобку. Вінцук Вячорка і Сяргей Калякін выйдуць на волю 11 траўня, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Бухвостаў і Зьміцер Дашкевіч - 12-га.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства