Суд Слуцкага раёна: «Палітычных зняволеных у краіне няма»

2011 2011-04-19T18:53:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Слуцкага раёна не задаволіў скаргу праваабаронцы Віталя Амяльковіча. Случчанін заявіў грамадзянскі іск у сувязі з рашэннем Слуцкага выканкаму аб забароне правядзення пікету на гарадскім стадыёне. Мэтай мерапрыемства была падтрымка палітычных зняволеных у Беларусі.
Суд пад старшынствам намесніка старшыні суда Слуцкага раёна Людмілы Зубар адбыўся 19 красавіка.

У скарзе Віталя Амяльковіча было ўказана, што 25 лютага Слуцкі райвыканкам адмовіў яму ў правядзенні пікета. «Вымушаны вас папярэдзіць, што палітычных зняволеных у Рэспубліцы Беларусь няма», - заяўлялася ў лісце за подпісам старшыні Слуцкага райвыканкама Уладзіміра Даманеўскага. Праваабаронца палічыў, што рашэнне неправамоцнае і ўшчамляе права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду правядзення масавых мерапрыемстваў.

У ходзе судовага пасяджэння Віталь Амяльковіч папрасіў прадстаўніка Слуцкага райвыканкама Юрыя Скрыгана спаслацца на канкрэтны артыкул Закона «Аб масавых мерапрыемствах», на падставе якога было забаронена правядзенне пікету. Юрыст выканкама Скрыган заявіў, што адмова была заснаваны на арт. 6 Закона, у прыватнасці «з улікам іншых абставінаў, якія ўплываюць на забеспячэнне грамадскай бяспекі». На ўдакладняючыя пытанні праваабаронцы прадстаўнік выканкама растлумачыў, што правядзенне пікету ў падтрымку палітвязняў магло прывесці да масавых беспарадкаў. «Усё можа быць», - адказаў Юры Скрыган на пытанне Віталя Амяльковіча, якім чынам мірны сход мог выклікаць масавыя беспарадкі. Скрыган дадаў, што рашэнне выканкама выносілася на карысць Амяльковіча. Такім чынам, кіраўніцтва выканкама «абараняла арганізатара пікета».

Суд Слуцкага раёна прызнаў недастатковымі довады Віталя Амяльковіча аб тым, што забарона выканкаму на правядзенне пікету неабгрунтаваная і ўшчамляе яго грамадзянскія правы. «Паколькі ў адпаведнасці з Законам «Аб масавых мерапрыемствах »ён рэалізаваў сваё права на падачу заявы аб правядзеннi масавага мерапрыемства, якая была разгледжана старшынёй выканкама ва ўстаноўлены законам тэрмін», - гаворыцца ў рашэнні суда.
Віталь Амяльковіч мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Мінскім абласным судзе.

«Праваабарончая хроніка»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства