Гомельскі аблвыканкам не дазволіў правесьці ў Гомелі мітынг, прымеркаваны да 20-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы

2006 2006-04-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла радыё Свабода, 21 красавіка арганізатарам мітынгу, запланаванага ў Гомелі на 25 красавіка, стала вядома, што Гомельскі аблвыканкам не дазволіў гэтага мерапрыемства. Чыноўнікі спаслаліся на тое, што нібыта заяўка на мітынг была складзеная недакладна. Аднак лідэр мясцовай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай Уладзімер Сякерка, які быў сярод заяўнікаў, тлумачыць адмову палітычнымі прычынамі: "Плянавалася, што будуць прысутнічаць на гэтым мітынгу Аляксандар Мілінкевіч ды іншыя палітыкі. Як вынік, цяпер мы рыхтуем улётку, каб паведаміць людзям, што нам забаранілі мітынг з-за таго, што на ім зьбіраўся выступіць спадар Мілінкевіч".

Арганізатары мітынгу спадзяваліся, што на яго прыйдуць да 5 тысяч чалавек. Чыноўнікі, якія разглядалі гэтую заяўку, таксама зьвярнулі ўвагу на маштабы акцыі. У адказе арганізатарам, які падпісаў намесьнік начальніка аблвыканкаму Пятро Кірычэнка, сказана, што заяўнікі мітынгу нібыта не напісалі, як будзе гарантаваная бясьпека такой вялікай колькасьці ўдзельнікаў. Палітычныя прычыны адмовы ў аблвыканкаме адкідаюць.

Праблемы ўзьніклі і ў арганізатараў канфэрэнцыі ў праблемах Чарнобылю, якая плянавалі правесьці ў Гомелі таксама 25 красавіка. Галіна Скараход з Аб’яднанай грамадзянскай партыі кажа, што плянавалася канфэрэнцыя зь удзелам 400 чалавек, сярод іх вядомыя навукоўцы, грамадзкія дзеячы, палітыкі. Але раптам арганізатарам адмовілі ў арэндзе залі ў Доме культуры таварыства глухіх "Віпра". Раней Галіна Скараход сустрэлася з дырэктарам Дому культуры Валерам Івановым, дамовілася пра арэнду залі на чатыры гадзіны і нават заплаціла аванс 200 тысяч рублёў.

Аднак 20 красавіка Валер Іваноў нечакана паведаміў, што 25 красавіка ў Доме культуры будзе выходны.

Канфэрэнцыя ўсё ж адбудзецца — зь меншай колькасьцю ўдзельнікаў і ў прыватным памяшканьні, паведаміла Галіна Скараход. На канфэрэнцыі будуць абмяркоўвацца актуальныя чарнобыльскія праблемы: недахопы заканадаўства, праблемы эканомікі пацярпелых раёнаў, экалёгія рэгіёну, мэдычныя наступствы аварыі. Паводле Галіны Скараход, афіцыйная прапаганда гэтыя праблемы замоўчвае: "Карцінка на тэлебачаньні ўводзіць у зман усё насельніцтва Беларусі. Гэтыя праблемы ня тое што замоўчваюць, а нават робяць гэтак, быццам у выніку нейкай пераспэцыялізацыі, якая адбылася пасьля Чарнобылю, у нас усё добра й нам няма чаго баяцца".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international