Прысуд Мікіту Ліхавіду: 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму

2011 2011-03-29T17:14:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lihavid-sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пазбаўленне волі на 3 гады і 6 месяцаў у калоніі ўзмоцненага рэжыму – такі прысуд Мікіту Ліхавіду агучаны ў судзе Партызанскага раёна Менска. У тэрмін пакарання ўлічваецца знаходжанне пад вартай.

Па словах Валянціна Стэфановіча, пазіцыя ПЦ “Вясна” пасля чарговага судовага працэсу па падзеях 19 снежня застаецца нязменнай: доказы масавых беспарадкаў адсутнічаюць. І паказанні 29-ці “пацярпелых” і  іншыя матэрыялы па справе Мікіты Ліхавіда яшчэ раз пацвердзілі, што акцыя на плошчы Незалежнасці не з’яўлялася масавымі беспарадкамі. Праваабаронца падкрэслівае, што пад вызначэнне масавых беспарадкаў падпадае СУКУПНАСЦЬ фактараў – падпалы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, супраціў супрацоўнікам міліцыі, а ў судзе сёння прагучала, што на ганку Дома Ураду знаходзілася 35-40 чалавек – і гэта з улікам журналістаў і іншых асобаў, якія не бралі актыўнага ўдзелу ў акцыі. Такім чынам, дзеянні гэтых людзей можна кваліфікаваць як парушэнне правапарадку, але ніяк не масавыя беспарадкі.

Што датычыць непасрэдна справы Мікіты Ліхавіда, то праваабаронца адзначае, што з 29-ці “пацярпелых” 22 не пацвердзілі свае дыягназы і ўстанавіць ступень цяжкасці нанесеных ім пашкоджанняў не прадстаўлялася магчымым. Да таго ж, Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што 14 пацярпелых, якія дадаліся ў справе Ліхавіда, падчас папярэдняга следства ніякім чынам не фігуравалі.

Віна Мікіты Ліхавіда ў судзе даказана не была, канстатуе праваабаронца. Падчас прагляду відэаматэрыялаў па справе было бачна, як актывіст піхае нейкія драўляныя канструкцыі ва ўжо выбітых шыбах Дома Ураду. Тым больш, у прэтэнзіях ісца гэтыя прадметы не значыліся як пашкоджаныя ці знішчаныя. А іншых дзеянняў непасрэдна Ліхавід не здзяйсняў, на што таксама паказалі і “пацярпелыя”.

Такім чынам, В.Стэфановіч рэзюмуе: па-першае, у судзе не было доказаў масавых беспарадкаў; па-другое, віна Мікіты Ліхавіда даказана не была. Праваабвронца выказвае спадзяванне, што гэты прысуд будзе адменены ў вышэйстаячай судовай інстанцыі.

Ды і ў прынцыпе праваабаронцы лічаць выдзяленне крымінальных справаў на дадзеным этапе недапушчальным: следства яшчэ працягваецца, а ўжо ёсць асуджаныя.

 

***

Каментар правабаронцы Валянціна Стэфановіча:

 -- Доказаў масавых беспарадкаў на гэтым працэсе таксама прадстаўлена не было – проста таму, што іх не было ўвогуле. Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, падзеі, якія можна характарызаваць як масавыя беспарадкі, суправаджаюцца пагромамі, падпаламі, узброеным супрацівам сілам правапарадку, гвалтам над асобай. Усё гэта ў сукупнасці не мела месца, і доказаў адваротнага на судзе не было. З паказанняў пацярпелых вынікае, што актыўныя дзеянні ў непасрэднай блізкасці да ганку Дома ўрада здзяйсняла невялікая група ўдзельнікаў падзеяў – прыкладна ў 35-40 чалавек, прычым разам з журналістамі. Гэта ніяк не дазваляе казаць пра масавасць, што дэманстранты дзейнічалі ў адзіным парыве. Яны не ўтваралі сабой "раз’юшаны натоўп", які граміў усё на сваім шляху – такога не было.

Што ж тычыцца непасрэдна Мікіты Ліхавіда, то яго віна ў знішчэнні маёмасці не даказана. Ён заявіў, што штурхаў драўляныя шчыты агароджы. Але ніякіх драўляных шчытоў не фігуруе ў дакументах грамадзскага істца, які заявіў пра шкоду маёмасці. Там ёсць 8 метраў вадасточнай трубы, напрыклад, там ёсць 5 хмызоў ядлоўца... Драўляных шчытоў няма. Таму адзіна магчымы ў дадзенай сітуацыі абгрунтаваны прысуд – апраўдаўчы. Віна Ліхавіда па 293-м артыкуле Крымінальнага кодэксу не даказана.

Дарэчы, пазіцыя правабарончага цэнтру “Вясна” была прынцыповай з самага пачатку – што масавых беспарадкаў у Мінску не было.

***

У судзе Партызанскага раёна Менска сёньня працягваецца разгляд крымінальнай справы Мікіты Ліхавіда, якога вінавацяць  ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 года ў Менску. Суд перапыніўся 23 сакавіка з-за хваробы дзіцяці  адваката Дар’і Ліпкінай.

9-50. Людзі зьбіраюцца ў залі суду. Шмат месца займаюць пацярпелыя па справе міліцыянты. Пачатку суду чакаюць таксама праваабаронцы  Гары Паганяйла, Валянцін Стэфановіч і Людміла Гразнова.

10-10. Агучваюцца матэрыялы справы, дзе пералічаныя пашкоджанні пацярпелых спецназаўцаў. Аднак праваабаронцы зазначаюць, што ў матэрыялах справы амаль цалкам адсутнічаюць вынікі судмедэкспертыз — пацярпелыя спецназаўцы папросту адмовіліся іх праходзіць. У выніку абвінавачанне грунтуецца на запісах шпіталя МУС (Наша ніва).

 

Заяўленыя сведкі з боку абароны Ліхавіда - Юрась Губарэвіч і Алег Гулак.

11-50. На працэсе скончылася вывучэнне дакументальных матэрыялаў, рэчавых доказаў і прагляд відэаматэрыялаў. Былі дапытаныя сямёра сведак з боку абароны, затым абвешчаны перапынак да 14.45.

Старшыня БХК Алег Гулак, які з мэтай маніторынгу сітуацыі прысутнічаў на акцыі 19 снежня, прадставіў версію тых падзеяў, што давялося назіраць яму. Таксама выступіў лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, які ахарактызаваў асобу Ліхавіда, актывіста Руху.

Разгляд судовай справы скончаны. Пасля перапынку пачнуцца спрэчкі бакоў.

Праваабаронцы мяркуюць, што прысуд будзе абвешчаны сёння.

15.20. Пракурор Антон Загароўскі лічыць віну падсуднага даказанай. Ён папрасіў пакараць Мікіту Ліхавіда 4 гадамі калоніі строгага рэжыму.

Адвакат Дар'я Ліпкіна лічыць свайго падабароннага невінаватым і не бачыць доказаў таго, што 19 снежня адбыліся масавыя беспарадкі.

16.15. У судзе перапынак да 18 гадзінаў. Чакаецца абвяшчэння прысуду.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства