viasna on patreon

Клаўдзія БУЛАНАВА: «Мой сын з турмы можа ніколі не выйсці»

2011 2011-03-18T18:09:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адзін з дзясяткаў абвінавачаных у крымінальнай справе, распачатай уладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, Зміцер Буланаў, мае вельмі сур'ёзныя праблемы са здароўем. Як высветлілася, Зміцер ад 10 сакавіка знаходзіцца ў турэмным шпіталі з дыягназам "вострая рэўматычная гарачка". Наступствамі гэтага захворвання могуць стаць праблемы з сэрцам, ныркамі і суставамі.

Пад пытаннем урачы ставяць яшчэ больш небяспечны дыягназ — інфекцыйны эндакардыт. Маці 26-гадовага Зміцера Клаўдзія Буланава, якая сама з'яўляецца кандыдатам біялагічных навук, кажа, што ад гэтага захворвання ад 20 да 60% людзей паміраюць нават у добрых клініках.

Клаўдзія Буланава ўвесь час спрабуе дабіцца спаткання з сынам. Яна сама запрасіла кансультанта з 9-га клінічнага шпіталя для турэмнага доктара, сама набыла антыбіётыкі, сама абышла ўсе інстанцыі, каб дабіцца змянення меры стрымання для свайго сына. Жанчына з апошніх сіл трымаецца на публіцы — ходзіць на працу, чытае студэнтам лекцыі, прыходзіць дадому, але... "Ведаеце, я не магу больш есці, піць, спаць..." Адчуваецца, што чалавек нацягнуты як струна.

Клаўдзія Буланава крыху ажывілася, толькі калі я запыталася пра Дзіму. Які ён быў у дзяцінстве? Чым захапляўся?

— Я яго выхоўвала адна. Ён скончыў медыцынскае вучылішча і працаваў два гады ў інфекцыйнай бальніцы, але моцна захапіўся музыкай. Апошнім часам быў заняты сваім праектам, хацеў набыць музычную студыю. Сам ён асвоіў бас-гітару, пісаў розныя кампазіцыі на камп'ютары, і ў яго вельмі добра атрымлівалася. Ведаеце, я сама скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, а мая сястра — па класе скрыпкі. Дзіма ў музычнай школе не вучыўся, але ў яго, мне падаецца, здольнасці да музыкі. Ён адчувае музычны твор цалкам, усю яго канцэпцыю, а не так, як многія навучэнцы музычных школ, па фрагментах... Што гэта я? Дык пра 19 снежня... У той дзень ён праводзіў сваю дзяўчыну. Давёў дадому, а сам пайшоў на Кастрычніцкую плошчу, як і дзясяткі тысяч чалавек у той дзень. Яму рассеклі скуру на галаве дубінкай, у Бальніцы хуткай дапамогі наклалі швы. Памятаеце, калі ўсім тэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС і прасілі прыйсці, каб даць паказанні пра вечар 19-га? Дык ён адказаў, каб даслалі позву. А 12 студзеня нам пазванілі ў дзверы… Я была дома з Дзімам. Зайшлі ў кватэру і кажуць: "Ну, раз ты сам не прыйшоў, то, каб не разумнічаў, мы цябе ўнеслі ў спісы". Запытваю: "Што за спісы? Дайце паглядзець". А яны: "Не дазволена, мы вам не можам нічога паказваць". І забралі яго.

— А як знаёмыя і сябры паставіліся да такой навіны, што вашага сына трымаюць як небяспечнага злачынцу за кратамі, ды яшчэ па гэтай гучнай справе?

— Ніхто са знаёмых не адвярнуўся. Усе запытваюць, чым дапамагчы. Яны ж ведаюць нашу сям'ю. Мае сяброўкі (а нас сямёра, і мы сябруем з першага класа) былі ўзрушаны. Калі з'явіліся чуткі, што могуць адпусціць за грошы пад залог, то ўсе адразу прапанавалі скінуцца і сабраць неабходную суму... Хаця людзі таксама небагатыя — мастакі-афарміцелі, урачы, настаўнікі... І ўсё ж гатовы аддаць апошняе. Дзяўчына Дзімы мяне вельмі падтрымлівае і дапамагае ўвесь час. Яна малайчына! Але я ў адчаі, не ведаю, што рабіць... Дзіма ад самага пачатку быў трыццатым у камеры, разлічанай на дзесяць чалавек. Увесь час было адчынена акно. Ён ужо не мог падняцца на ногі, а ўрачы казалі, што няма прычын для шпіталізацыі. Яго паклалі ў шпіталь толькі 10 сакавіка! Мой сын, калі не атрымае цяпер паўнавартаснага лячэння, выйдзе з турмы інвалідам. Але можа так здарыцца, што ён адтуль і зусім не выйдзе... Пры такім захворванні... Яму тэрмінова патрэбна абследаванне і лячэнне. А мне ўвесь час адказваюць, што яму не могуць змяніць меру стрымання, бо ён небяспечны злачынца...

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства