viasna on patreon

Чарнобыльскага ліквідатара і грамадзкага актывіста, інваліда другой групы Васіля Сіліверста з Калінкавічаў міліцыянты спрабавалі сілай даставіць у суд, але трапіў ён у шпіталь

2006 2006-04-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калінкавіцкія міліцыянты знайшлі Васіля Сіліверста ў Ельску 6 красавіка, дзе жыве ягоная 90-гадовая маці, якую той прыехаў наведаць. Міліцыянты патрабавалі, каб спадар Сіліверст неадкладна паехаў з імі ў Калінкавічы, а калі ён адмовіўся, ужылі сілу. Вырваўшыся, той забег да суседа, такога ж хворага чалавека, і яны зачынілі дзьверы. Міліцыянты заблакавалі дом, выклікалі супрацоўнікаў МЧС і з энэрганагляду. Гэта доўжылася амаль сем гадзін. Скончылася тым, што позна ўвечары прыйшла маці Сіліверста і выклікала "хуткую дапамогу", бо ў яго падняўся ціск.

Калінкавіцкія міліцыянты паехалі за машынай "хуткай дапамогі" ў шпіталь. Там яны атрымалі даведку, што ліквідатар шпіталізаваны. І толькі тады вярнуліся ў Калінкавічы. Такія раптоўныя дзеяньні спадар Сіліверст тлумачыць тым, што 8 красавіка спаўняецца роўна два месяцы з таго дня, як на яго склалі пратакол аб адміністратыўным парушэньні. А згодна зь дзейным заканадаўствам, калі справу не разгледзелі цягам гэтага тэрміну, дык яна аўтаматычна спыняецца.

У Ельскім шпіталі Васіль Сіліверст правёў ноч з 6-га на 7-га красавіка, раніцай наступнага дня яго выпісалі. Кіраўнік рэанімацыйнага аддзяленьня Ігар Колчын радыё Свабодзе паведаміў, што здароўю актывіста ўжо нічога не пагражае: прыступы з прыкметамі стэнакардыі зьнятыя, кардыяграма нармальная.

Нагадаем: 8 лютага ў сельскім Доме культуры вёскі Сірод Калінкавіцкага раёну Васіль Сіліверст зрабіў заўвагу супрацоўніцы бібліятэкі з нагоды агітацыйнага стэнду зь біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі. Агітацыя за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост тады яшчэ не пачалася, і таму ён параіў зьняць агітацыйны матэрыял. Атрымаўшы адмову на сваю просьбу, Васіль Сіліверст зьняў біяграфію са стэнду сам. Пасьля гэтага супрацоўнікі Дому культуры выклікалі міліцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства