«Вясна» ўзнагароджаная Прэміяй Свабоды Атлантычнай Рады

2011 2011-03-14T17:09:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёлетнюю ўзнагароду разам атрымаюць Праваабарончы цэнтр «Вясна», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і «Свабодны тэатр». Пра гэта паведамляецца ў лісце, накіраваным на імя старшыні ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага кіраўніком Атлантычнай Рады (Atlantic Council) Фрэдэрыкам Кэмпам.

 «Атлантычная Рада, яе Праўленне і Міжнародны дарадчы камітэт адзначаюць вашу арганізацыю за яе мужную барацьбу за правы чалавека і свабоду слова ў Беларусі», — гаворыцца ў лісце.

«Прызнанне Беларусі ў гэты важны і складаны час узмацняе нашу веру ў тое, што Атлантычная супольнасць павінна абараняць свабоду, дзе б і калі б яна ні апынулася пад пагрозай, — адзначыў спадар Кэмп у сваім лісце да Алеся Бяляцкага. — Наш голас павінен быць супольным, калі такія грубыя парушэнні правоў чалавека адбываюцца ў межах Еўропы. Мы ўхваляем вашу працу з шырокім спектрам беларускай грамадзянскай супольнасці і скаардынаваныя дзеянні з вашымі актывістамі па абароне ахвяраў жорсткага ўціску з боку рэжыму Лукашэнкі... Ваша нязломная мужнасць нагадвае нам пра нашу агульную адданасць свабодзе ў Беларусі».

Плануецца, што беларускія арганізацыі-лаўрэаты Прэміі Свободы Атлантычнай Рады будуць уганараваныя падчас Сусветнага Форуму, які пройдзе 9–11 чэрвеня 2011 г. ва Уроцлаве (Польшча). Форум збярэ некалькі соцень вядучых еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў і аналітыкаў.

Атлантычная Рада — арганізацыя, якая паўстала ў 1961 годзе ў ЗША, аб’яднаўшы шэраг грамадзянскіх ініцыятыў, якія падтрымлівалі Атлантычны Альянс. Яна займаецца пытаннямі міжнароднай палітыкі і бяспекі, еўрапейскай інтэграцыі.

Прэмія Свабоды Атлантычнай Рады ўручаецца з 2009 года. Першымі гэтую ўзнагароду атрымалі  Біл Клінтан, міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле, мэр Берліна Клаус Воверайт, адмірал Джэймс Стаўрыдзіс, а таксама Лех Валенса і Вацлаў Гавел. Летась прэмію ўручалі былому прэзідэнту Польшчы Аляксандру Кваснеўскаму, старшыню Еўрапарламента Ежы Бузеку, былому Высокаму прадстаўніку Еўразвязу Хаўеру Салану і кубінскай арганізацыі «Жанчыны ў белым».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства