Журналістка Тацяна Сьнітко, затрыманая ўначы 24 сакавіка на Кастрычніцкім пляцы, маці дваіх непоўнагадовых дзяцей, чатыры дні правяла ў жодзінскім ізалятары. Свае ўражаньні яна надрукавала ў "Нашай Ніве"

2006 2006-04-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як я сядзела ў жодзінскай турме

Па дарозе ў Жодзіна нас папярэдзілі: гэта сапраўдная турма. Хоць мы мелі статус часова затрыманых і трапілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Жодзінскага ГУУС, хоць нас ахоўвалі не салдаты ўнутраных войскаў, як у турме, а супрацоўнікі жодзінскай міліцыі, адрознасьць парадкаў ад акрэсьцінскіх адчуваецца. Першае, што чуеш, зрабіўшы крок з аўтазаку – жорсткае «Рукі за сьпіну!». Пры спыненьні – «Тварам да сьцяны!». Як суправаджэньне – «Не размаўляць!», «Галавы не павяртаць!». Трэба быць псыхалягічна гатовым. Нас рыхтавалі... канваіры, што везьлі партыю дзяўчат зь Менску. «Там проста такія парадкі. Абстаноўка будзе ня дужа вясёлая».

Памятайце: калі на вас складзены адміністрацыйны пратакол, да суду вы – часова затрыманыя.

«Як у кіно»

У першым «перадлазьніку»-сутарэньні кожнага чакае абавязковы «шмон». Сапраўдны, як у кіно. Рукі на сьцяну, ногі на шырыню плячэй, курткі расшпіліць. Дзяўчат абшукваюць супрацоўнікі-жанчыны. Запытаюць пра мабільнікі, колюча-рэжучыя прадметы – голкі, шпількі... Калі разьмесьцяць па камэрах, будзе яшчэ адзін «шмон» – тыпова турэмны. Кожную камэру асобна выводзяць на калідор, шыхтуюць тварам да сьцяны, потым невялікімі партыямі (па тры чалавекі) вядуць у асобнае памяшканьне. Там трэба распрануцца дагала. Кожную зьнятую рэч, акрамя ніжняй бялізны, перапісваюць на адмысловы блянк. Кожную з нас даглядчыцы (жаночага полу) прасілі двойчы прысесьці і ўстаць. Тымчасам шманаюць і камэру.

Інтэр’ер

Нам трапілася прасторная, мэтраў на дваццаць, камэра №96. На восем асобаў, хоць мы там жылі ўшасьцёх. Было месца патанчыць, паадціскацца ад падлогі. Адзінае, перашкаджаў недахоп сьвежага паветра. Там сыравата й цяжка праветрываць.

Пасярэдзіне памяшканьня – забэтанаваныя стол і дзьве лаўкі паабапал, з трох бакоў – чатыры «шконкі» (ложкі) у два ярусы. На кожным спальным месцы – коўдра, танюткі матрац і невялікая падушка. Цьвердавата, але можна падсьцяліць куртку ці швэдар. Мне ўдалося выспацца за ўвесь «майданны» тыдзень. Кожнаму выдаецца пасьцельная бялізна, «вафельны» ручнік і жалезны кубак бяз ручкі. З мэблі ёсьць яшчэ жалезная сьцянная шафа і невялікая палічка для кубкаў. У процілеглым куце – прыбіральня, без кабінкі, адасобленая цаглянай сьценкай мэтровае вышыні. Гэта самае нязручнае і псыхалягічна цяжкае месца ва ўсім абсталяваньні турмы. Мятла, сьметніца, рукамыйніца з адным кранам (гарачай вады няма). Для мыцьця выдаюцца два невялікія кавалкі гаспадарчага мыла з пахам ёду і яшчэ нечага кіслага – мабыць, дэзынфэкцыі. Замест туалетнай паперы – некалькі чыстых часопісаў з блянкамі для адзначэньня яўкі міліцыянтаў на нейкія заняткі.

Вокны камэры закратаваныя з двух бакоў, плюс жалюзі звонку. Яны не гермэтычныя: калі трохі вывернуцца, бачны кавалачак неба і дах будынку насупраць. Па асьвятленьні няцяжка зразумець, якое надвор’е і колькі часу (гадзіньнікі забіраюць, а радыё гаворыць ня ўвесь час). Сьвятло гарыць круглыя суткі: удзень – лямпачка пад стольлю, уначы – «начнік» (цьмянейшая лямпачка) над дзьвярыма. У цяжкіх жалезных дзьвярах ёсьць вочка, шчыліна для нагляду за зьняволенымі ў камэры і вакенца пад імі – для падачы ежы. Вочка і шчыліна могуць адчыняцца аховай колькі заўгодна разоў.

Ежа

Ежу падаюць тройчы на дзень у жалезных місках. Сьняданак – каша з маслам нявысьветленага паходжаньня, чвэртка белага хлеба на чалавека і паўкубка гарбаты, нямоцнай, але салодкай і гарачай. Абед – міска даволі смачнага супу (давалі розны), міска кашы з пахам мяса ці нават яго невялікай колькасьцю... безь ніякага кампоту ці гарбаты. Дзякуй Богу, вада ў кране была нічога сабе на смак. Вечаровую трапезу мы называлі «вячэру аддай ворагу». Штовечар, прынамсі падчас майго гасьцяваньня ва ўстанове, давалі бігас: вараную кіслую капусту ва ўласным соку (яго лепей адразу выліваць у ракавіну і есьці капусту, колькі зможаце, з хлебам). Хлеба у турме хапае: як жартавалі мае сукамэрніцы, выраз «сушыць сухары» безнадзейна састарэў. Дарэчы, дзевяць палітвязьняў-пратэстантаў з самага першага дня затрыманьня абвесьцілі галадоўку.

Цяжка курцам. Як паведамілі па сакрэце міліцыянты яшчэ на Акрэсьціна, нібыта ёсьць указаньне «не даваць паліць». Адзінае выйсьце – успрыняць жартоўную параду наглядчыкаў «паліць венік» літаральна.

Чытаць можна, пісаць – не

Будзяць вязьняў ізалятару а 6-й дзяржаўным гімнам па радыё. Потым вяшчае радыё «Сталіца» зь яго ня самымі праўдзівымі навінамі, але цалкам нармальнай музыкай: расейскі, беларускі, украінскі рок, найлепшыя ўзоры ангельскамоўнай поп- і рок-клясыкі і толькі зрэдчас – расейская папса. З газэтаў далі пачытаць толькі нумар «СБ» за 28 чэрвеня 2003 году. Ад панядзелка адміністрацыя абяцала пачаць выдачу кніжак зь бібліятэкі. Але аловак, каб разгадаць крыжаванку, не далі, як мы ні прасілі. «Разгадвалі» згарэлымі запалкамі ды таблеткай актываванага вугалю.

У камэрах даволі цёпла. Раз на мае трое сутак нас выводзілі на прагулянку ў турэмны двор з закратаванай стольлю. У суботу па чарзе вадзілі ў лазьніцу, прытым з нармальным гаспадарчым мылам. Каб яшчэ ня вочка ў дзьвярох, што раз-пораз адчынялася... Але за дзьвярыма стаяла жанчына-наглядчыца.

Стаўленьне аховы і адміністрацыі да палітзьняволеных – даволі добразычлівае, цікаўнае і хутчэй станоўчае, чым наадварот.

Самае важнае і самае лепшае, што давялося бачыць і адчуваць за кратамі, – дух братэрства, пачуцьцё падстаўленага кімсьці пляча, адчуваньне, што нехта падаў табе руку. Нават той, каго ты зусім ня ведаеш і можаш больш не пабачыць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international